26 красавiка 2024, Пятніца, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пакінулі $ 25 на чай»: Беларус расказаў пра працу на Uber у Варшаве

2
«Пакінулі $ 25 на чай»: Беларус расказаў пра працу на Uber у Варшаве
ФОТА: ONLINER.BY

Да незвычайнай працы за мяжой нашага суайчынніка падштурхнуў эканамічны крызіс на радзіме.

Пра тое, як працуецца на Uber у Варшаве і чаму ўсё не так гладка, як было яшчэ пару гадоў таму, Аўтабізнэсу апавёў беларус, які больш за два гады працаваў у гэтай сферы ў сталіцы Польшчы.

Алег, як і многія нашы суграмадзяне, пасля наступлення чарговага крызісу адправіўся на пошукі лепшага жыцця за мяжу. Удзень працаваў у будаўнічай брыгадзе, якая рабіла кватэры "пад ключ", а вечарамі і ў выходныя падпрацоўваў на арэндным аўто ў Uber.

Паспрабаваць працаваць у Uber у Варшаве яшчэ ў 2016 годзе Алегу прапанаваў сябар, ён жа падрабязна апісаў што і як.

У Алега была карта паляка, пасведчанне кіроўцы і нядрэннае веданне польскай, таму знайсці адпаведнае аўто ў арэнду і пачаць працаваць было няцяжка.

Арэнда ў залежнасці ад класу аўто і года выпуску абыходзіцца ад 400 да 700 злотых за тыдзень, або блізу 110–180 $.

Вяртаўся дахаты на памяць

"Спачатку працаваць на таксі ў Варшаве вельмі складана. Гэта вялікі горад з інтэнсіўным і хуткім рухам. Калі затораў няма, то ўся плынь рухаецца са значным перавышэннем хуткасці", – кажа Алег.

Першы час, прызнаецца наш герой, яго ратаваў толькі навігатар, які на трэці дзень працы выйшаў з ладу. Кіроўцу давялося вяртацца дадому на памяць, на што сышло дзве гадзіны.

У будні ён займаўся развозам 4-5 гадзінаў, як правіла, да поўначы. За такі час у 2016 годзе атрымлівалася зарабіць 40, максімум 50 даляраў. У выхадныя ездзіць даводзілася больш, за дзень Алег "намотваў" дзесьці 150 км, заробак мог даходзіць да "сотні".

25 даляраў на чай

"Грошы пералічвалі на картку кожны тыдзень. Але часам людзі пакідалі чаявыя, часцей невялікія сумы, але гэта быў прыемны бонус – ты адразу атрымліваў гатоўку, за якую можна было заправіць машыну. Аднойчы на чай пакінулі 100 злотых, а гэта блізу 25 даляраў".

Праўда, было такое толькі адзін раз.

Толькі добра кіраваць недастаткова

У Uber кіроўцу ўвесь час ацэньваюць праз прыкладанне, і тут, на думку нашага героя, важна не толькі ўмець добра кіраваць.

"Бывае так, што адрас паказваюць не зусім дакладна ці пасажыр сам не ведае, куды яму сапраўды трэба, таму важна добра ведаць мову. Ідэальна выкананая праца – гэта калі мясцовыя не могуць зразумець, што ты мігрант. Многія, пачуўшы, што кіроўца не мясцовы, цікавіліся, адкуль прыехаў. Нярэдка, даведаўшыся, што за стырном беларус, прызнаваліся, што не любяць тыя ці іншыя нацыянальнасці. Ды і ўвогуле, не ўсім у Польшчы падабаецца, што мясцовыя з'язджаюць у Англію, Нямеччыну ці ЗША, а на іх месца прыязджаюць украінцы і беларусы.

У Польшчы, як і ўсюды, на таксі ездзіць шмат п'яных. Паводзяць сябе адпаведна, весяляцца, танчаць... і не толькі. Хоць часам здаецца, што п'юць у Польшчы больш, чым у нас".

Дзякуй, што турбуецеся пра нашых кліентаў

«Аднойчы да мяне сеў моцна п'яны і вельмі габарытны паляк. Пакуль мы дабраліся да месца прызначэння, ён моцна заснуў. Абудзіць і папрасіць яго выйсці стала цэлай праблемай. Давялося ўсё гэта сфатаграфаваць і адправіць у чат "Пакінутыя рэчы". У адказ на фота з такой "знаходкай" напісалі: "Дзякуй, што турбуецеся пра нашых кліентаў"».

Нашых вельмі шмат

Нярэдка сярод пасажыраў Алега былі беларускія студэнты і гастарбайтары. "Нашых у Варшаве вельмі шмат", – адзначае Алег.

"Першы час такая падпрацоўка цалкам задавальняла. Днём на будоўлі, вечарам за рулём – хапала не толькі на жыццё і аплату кватэры, але і адкласці. Але калі летам 2017 года Украіна атрымала бязвіз і лінула велізарная плынь мігрантаў, стала горш. Працы менш, заробак упаў".

Ужо ў 2018-м заробкі, паводле словаў Алега, сталі зусім не тыя, што былі раней. З ягоных назіранняў у крэслы кіроўцаў пераселі ў асноўным мігранты: недзе 50% – украінцы, 30% – беларусы, толькі 20% – палякі.

Алег канстатуе, што з павелічэннем колькасці мігрантаў знайсці годна аплатную добрую працу стала больш складана. Канкурэнцыя вырасла, палякі сталі разумець: "Навошта плаціць больш, калі не відаць розніцы?" Таксама ён адзначае, што стала больш выпадкаў "кідалава" ад наймальнікаў, чаго яшчэ 3-4 гады таму практычна не было. І кажа, што лепш за ўсё выпраўляцца на заробкі ў Польшчу, калі там у вас ёсць знаёмыя, якія дапамогуць знайсці працу.

Сам Алег не шкадуе, што пераехаў жыць у суседнюю краіну, і мяркуе, што зрабіў гэта своечасова. Апошнія месяцы ён ужо не працуе на "пана" на будоўлі і не "таксуе" вечарамі. Ён адкрыў ІП і працуе на сябе. У яго пяцідзённы працоўны тыдзень, ноччу ён не калясіць па горадзе, а адпачывае.

"З'язджаць на заробкі ці перасяляцца ў Польшчу па-ранейшаму можна, але гэта ў любым выпадку складаны шлях, лёгкіх грошай тут няма. А Uber у Польшчы ўжо перастаў быць такім, якім ён быў некалькі гадоў таму. Годных заробкаў тут няма, а з 2020 года праз змены у заканадаўстве ўвогуле невядома, што з ім будзе".

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках