У Малдове пазбавілі недатыкальнасці паплечніка збеглага алігарха Плахатнюка
- 19.09.2019, 17:30
- 7,328
За гэта прагаласавалі 53 дэпутаты кіроўнай кааліцыі.
Парламент Малдовы 19 верасня пазбавіў дэпутацкай недатыкальнасці былога міністра юстыцыі і экс-намесніка старшыні Дэмпартыі Уладзіміра Чабатара.
Як паведамляе «Европейская правда» са спасылкай на NewsMaker, за гэта прагаласавалі 53 дэпутаты кіроўнай кааліцыі.
Пракуратура мяркуе, што Чабатар у якасці чальца камісіі, якая адбірала кампанію-канцэсіянера аэрапорта Кішынёва, у інтарэсах злачыннай групы дапамог перадаць аэрапорт у прыватныя рукі.
У сваім выступе Чабатар зняпраўдзіў усе абвінавачванні, заявіўшы, што быў чальцом тэхнічнай камісіі, а галоўныя пастановы аб перадачы аэрапорта ў канцэсію прымаў урад. Ён таксама абвінаваціў улады ў ціску на апазіцыю.
У сувязі з пратэстам супраць пастановы парламента фракцыя дэмакратаў пакінула пасяджэнне.
15 верасня стала вядома, што праваахоўныя органы Малдовы рыхтуюць арышт былога віцэ-старшыні Дэмпартыі, дэпутата Уладзіміра Чабатара.
16 верасня на патрабаванне Генпракуратуры парламент пазбавіў імунітэту дэпутатак ад партыі «Шор» Рэгіну Апосталаву і Марыну Таўбер. Пракуратура кажа, што следства мае доказы датычнасці дэпутатак да банкаўскага махлярства.
Нагадаем, былы лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы, алігарх Уладзімір Плахатнюк збег з краіны пасля абвастрэння палітычнага крызісу, які скончыўся зменай улады.