4 траўня 2024, Субота, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг пра разнос Лукашэнкі: Ён бяссільны супраць часу і гэта яго раздражняе

45
Палітолаг пра разнос Лукашэнкі: Ён бяссільны супраць часу і гэта яго раздражняе
АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ

Интернет оголяет все промахи власти.Інтэрнэт агаляе ўсе прамашкі ўлады.

На сустрэчы з членамі ўрада і кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра скандал у гомельскай школе. Пры гэтым зноў дасталася Сяргею Румасу і Наталлі Качанавай, якія, са слоў прэс-сакратаркі дыктатара Наталлі Эйсмант, раней атрымалі строгае папярэджанне за тое, што адбылося ў Гомелі.

Аляксандр Лукашэнка не выбіраў словаў ні на адрас чыноўнікаў, ні на адрас удзельнікаў інцыдэнту ў школе:

- Паехалі, наладзілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісяліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А пасля гэтага ўзялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму.

Пра тое, чаму Лукашэнка настроіўся на Румаса і Качанаву, «Салідарнасці» распавёў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

- Відавочна з тону сённяшняй нарады, што Лукашэнка ў прынцыпе раздражнёны станам спраў у эканоміцы і ў краіне агулам. Ён ужо трымае ў розуме будучыя прэзідэнцкія выбары і яго раздражняе той факт, што ва ўладаў няма рэсурсу для прыкметнага паляпшэння дабрабыту электарату. Як гэта было ў так званыя тлустыя гады.

У такой сітуацыі Лукашэнка шукае крайніх, мяркуе экспэрт. Хоць і сам у сітуацыі з Гомелем абураўся фактам звальнення педагога: маўляў, знайшлі стрэлачніка.

- Але Лукашэнка сам рэгулярна знаходзіць крайніх. Сёння паабяцаў адправіць урад у адстаўку ў выпадку невыканання гадавога плана. Хоць ужо зразумела, што план не будзе выкананы. За восем месяцаў рост эканомікі склаў 1,1% пры гадавых планах 4%. І няма ніякіх перадумоў для скачка ў канцы года, - падкрэсліў палітолаг.

Ні Румас, ні хто-небудзь іншы на ягоным месцы, не здольны выканаць планы, якія ўрад пад пугай жа Лукашэнкі і зацвердзіў, мяркуе палітычны аглядальнік.

Экспэрт звярнуў увагу на тое, як Лукашэнка падчас дакладу адгукаўся аб сацыяльных сетках і інтэрнэце:

- Рэаліі інфармацыйнай эпохі, адкрытага грамадства відавочна напружваюць Лукашэнку. Насуперак жаданням замшэлага рэжыму закансерваваць краіну ў мінулым, яны мяняюць усю сістэму дачыненняў у грамадстве. Сёння ўжо нічога не ўтоіш. Інтэрнэт робіць уладу падкантрольнай, агаляе ўсе яе прамашкі. Кожны ляп, адыёзны крок тут жа выклікае велізарны рэзананс.

Са слоў Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка аддае перавагу дзейнічаць старымі метадамі: разносамі і запалохваннем. Ён сам спачатку справакаваў размовы пра транзіт улады, а цяпер гэтая хваля размоў яго пачынае раздражняць, бо Лукашэнка не хоча выглядаць у вачах падначаленых кульгавай качкай:

- Ён разумее, што вертыкаль будзе трымаць нос па ветры і думаць, як ёй жыць пры пераменах у краіне. А тут яшчэ і Расея падкідвае страшныя сцэнары ціхага аншлюсу і, напэўна, прашчупвае настроі ў беларускай наменклатуры ў выпадку іх рэалізацыі. Напэўна, самы час цяпер стукнуць па стале і прыструніць вертыкаль, каб не было ніякага разброду і хістанняў.

Моладзь пачынае адчуваць сябе асобамі

Лукашэнка ўжо не можа выскачыць са скуры аўтарытарнага лідара, што выявілася і ў выпадку з гомельскім скандалам:

- Фраза «я б гэтаму шчанюку галаву адкруціў» - самая паказальная ў гэтай гісторыі. У Беларусі ва ўсіх сферах прышчэпліваецца прынцып «я - начальнік, ты - дурань». Заўважце, у школе Лукашэнка ў першую чаргу патрабуе дысцыпліны і падпарадкавання. Ён хоча ўтрымаць сістэму беспярэчнага падпарадкавання. Хоць у гістарычным плане такія спробы абсурдныя і не маюць перспектывы.

Сёння наадварот трэба разнявольваць патэнцыял Беларусі, мяркуе экспэрт. І маладое пакаленне ўжо пачынае бараніць свае правы. Сённяшнія школьнікі адчуваюць сябе не проста нейкімі рабамі сістэмы, яны адчуваюць сябе людзьмі:

- У гэтых праявах варта бачыць перш за ўсё не распусту. Элементы хуліганства, безумоўна, былі ва ўсе часы. Проста сённяшнія школьнікі больш патрабавальныя, яны ў большай ступені адчуваюць сябе асобамі. Гэта тое, што супярэчыць канонам састарэлай сістэмы, якую сканструяваў Лукашэнка ў краіне. Ён бяссільны супраць часу і гэта яго раздражняе.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках