4 траўня 2024, Субота, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэкорд Зяленскага

22
Рэкорд Зяленскага
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ
ФОТА: GETTY IMAGES

Чаму ў прэзідэнта Украіны такая высокая падтрымка і што будзе далей.

Кіраўніку ўкраінскай дзяржавы Уладзіміру Зяленскаму давяраюць больш, чым войску і царкве. Але ўжо праз год узровень ягонай падтрымкі можа скараціцца ўдвая.

Свежае апытанне Цэнтра Разумкова паказвае, што прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму давяраюць 79%. Паводле гэтага паказніка кіраўнік дзяржавы апярэджвае ўсе органы ўлады і сацыяльныя інстытуты – нават салдатам, валанцёрам, паліцыі і прадстаўнікам царквы суайчыннікі вераць менш, чым былому коміку.

Больш за тое, у гісторыі Украіны яшчэ ні адзін кіраўнік дзяржавы не меў такі высокі ўзровень даверу. І нават на трыўмфальных для сябе прэзідэнцкіх выбарах Зяленскі атрымаў меншую падтрымку, чым цяпер, – хоць гэтыя паказнікі і нельга параўноўваць напрамую.

НВ апытаў экспертаў, каб зразумець: адкуль у кіраўніка дзяржавы настолькі высокі ўзровень даверу і што здольна яго панізіць.

Давяраюць як сабе

Неверагодны ўзровень даверу з боку насельніцтва, зафіксаваны ў апытанні Цэнтра Разумкова, не стаў нечаканасцю ні для самога Зяленскага, ні для ягонай каманды, ні для экспертаў.

Яшчэ тыдзень таму сацыялагічная група Рэйтынг апублікавала праведзенае 6–10 верасня апытанне, вынікі якога паказвалі: больш за дзве траціны рэспандэнтаў задаволеныя дзейнасцю кіраўніка дзяржавы.

Прычым персанальны поспех Зяленскага можа падцягнуць за сабой і ягоную каманду: ні Вярхоўная Рада, ні новы прэм'ер пакуль не здолелі і блізка падабрацца да прэзідэнта ў гэтым паказніку. У гэтым восеньскім апытанні Цэнтра Разумкова Зяленскаму таксама няма роўных.

А розніца ў звестках двух даследаванняў, на думку сацыёлага Ірыны Бекешкінай, не павiнна бянтэжыць – проста метадалогія была рознай. Але гэта не змяншае безумоўнага поспеху кіраўніка дзяржавы: бо рэйтынг даверу – найбольш адэкватная велічыня, якая паказвае ўзаемаадносіны грамадзянаў і ўлады.

Аляксандр Карніенка, першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай фракцыі партыі Слуга народа (СН), не здзіўлены паказнікамі кіраўніка дзяржавы. Маўляў, той, разам з камандай, выконвае свае палітычныя абавязальніцтвы: зняў з дэпутатаў недатыкальнасць, скараціў іхнюю колькасць, зафіксаваў прапарцыйную выбарчую сістэму. А яшчэ, на думку Карніенкі, Зяленскі і Ко сфармавалі прагрэсіўны ўрад і прадэманстравалі поспехі ў галіне дыпламатыі.

Міхаіл Мішчанка, намеснік кіраўніка сацслужбы Цэнтра Разумкова, пацвярджае: так, высокім рэйтынгам даверу прэзідэнт абавязаны паспяховай (з гледзішча грамадскай думкі) дзейнасці ўсёй уладнай каманды, уключаючы фракцыю СН.

Больш чым за 100 дзён, праведзеных на Банкавай, Зяленскі не расчараваў сваіх выбарнікаў, тлумачыць Анатоль Актысюк, палітолаг, эксперт Дому дэмакратыі. Прэзідэнт, на ягоную думку, адзначыўся хуткімі, папулісцкімі пастановамі парламента ў зняцці недатыкальнасці і прыняцця закона аб імпічменце. І, асобна, заслужыў павагу выбарнікаў абменам «утрыманымі асобамі», вярнуўшы на радзіму палонных украінскіх маракоў і палітвязняў.

«Тое, што апазіцыйныя фракцыі называюць “шалёнай друкаркай” [штампуе законапраекты], імпануе грамадскай думцы, – падкрэслівае сацыёлаг Мішчанка. – Упершыню за шмат гадоў улада дэманструе палітычную волю ў кірунках, якія пераклікаюцца з запытамі грамадства». На пазітыўны імідж Зяленскага гуляе і вера ў змены, навеяная серыялам Слуга народа з ягоным удзелам, мяркуе паліттэхнолаг Дзяніс Богуш.

«Мінімальныя дзеянні Зяленскага атрымліваюць максімальнае ўхваленне ў 70% выбарнікаў, – кажа ён. – У вачах свайго электарату прэзідэнт – не лузер: Зяленскі тэлефануе Пуціну і вызваляе палонных. Тут не надта важная якасць пастановаў, а сам факт, што ён змог».

Эксперты мяркуюць, што высокая падтрымка развязвае гаспадару Банкавай (які так і не пакінуў яе сценаў) рукі, але толькі ў рамках чаканняў электарату. «Калі ён прадоўжыць кашмарыць чыноўнікаў, то людзі такое падтрымаюць», – удакладняе Богуш. Пакуль, маўляў, асабіста ў Зяленскага будзе поспех, то ва ўсёй улады рэйтынг застанецца высокім. «Іншыя прадстаўнікі каманды гэты рэйтынг могуць толькі апускаць», – мяркуе эксперт.

Калі скончыцца ЗеКазка

Актысюк упэўнены: ужо прынятыя ўладамі хуткія пастановы маюць кароткатэрміновы эфект. Бо асноўныя чаканні выбарнікаў звязаныя з ростам дабрабыту. Калі ў халадзільніку пуста, то ўкраінцам не важна тое, што там у дэпутатаў з недатыкальнасцю.

«Мядовы месяц з электаратам хутка скончыцца», – папярэджвае аналітык. Палітолаг Юрый Раманенка называе цяперашнія дзеянні Банкавай «палітыкай бліцкрыгу».

Гэтая мадэль прадугледжвае высокія хуткасці прымання пастановаў. Праз гэта, на думку эксперта, узрастае кошт кіраўнічых памылак.

Тым больш ва ўмовах няўстойлівай і залежнай ад знешніх рынкаў эканомікі. Налета чакаецца хваля глабальнага крызісу, якая здольная стварыць масу чыннікаў дэстабілізацыі ва Украіне.

«Магчыма, нават давядзецца звольніць урад», – прагназуе Раманенка. Усё гэта можа прыкметна скараціць узровень сімпатый электарату да кіраўніка дзяржавы. «Рэйтынг даверу пацерпіць, калі грамадства атрымае доказы пра алігархічны лабізм ва ўладзе, – напрыклад, інтарэсаў мільярдэра Ігара Каламойскага», – дадае Актысюк.

А сацыёлаг Бекешкіна паказвае на больш прыземленыя прычыны, здольныя паставіць кропку ў «мядовым месяцы» прэзідэнта і электарату, – першыя квітанцыі за камунальныя плацяжы, якія прыйшлі з надыходам халоднага часу года.

Праўда, улада можа паспець навесці парадак у сферы субсідый і тым выратаваць сябе ад незадаволенасці. Яшчэ адным моцнадзейным чыннікам з'яўляецца вайна на ўсходзе. На думку Бекешкінай, калі электарат заходніх і часткова цэнтральных абласцей пастановіць, што Кіеў вядзе капітулянцкую палітыку ў гэтым пытанні, ён адкруціцца ад Зяленскага.

Таксама ў зоне рызыкі – малы і сярэдні бізнэс: калі хутка ўрад наступіць на інтарэсы гэтых сегментаў прадпрымальнікаў, тыя адкажуць негатывам у дачыненні да прэзідэнта. У любым выпадку, узровень падтрымкі кіраўніка дзяржавы будзе зніжацца, упэўненыя эксперты.

Пытанне толькі ў тым, на якой адзнацы Зяленскі зможа спыніць гэты працэс. Частка з апытаных НВ аналітыкаў сыходзіцца на тым, што праз год дзель украінцаў, якія давяраюць прэзідэнту, скароціцца да 40%.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках