Шайгу заявіў пра пагрозу Расеі з Усходу
27- 22.08.2019, 13:30
- 31,600
На ўсходнім стратэгічным накірунку ў РФ ускладнілася вайскова-палітычнае становішча.
Вайскова-стратэгічная абстаноўка вакол Расеі застаецца напружанай: да нарастаючай актыўнасці краін NATO на Захадзе дадаюцца пагрозы, што зыходзяць з Усходу, заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу на калегіі ведамства, паведамляе finanz.ru.
Усходнюю пагрозу для Расеі, са слоў Шайгу, для Расеі ствараюць дзеянні «ЗША і іх хаўруснікаў», якія імкнуцца нарасціць свой уплыў у Азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне.
«На Усходнім стратэгічным напрамку захоўваецца тэндэнцыя да ўскладнення вайскова-палітычнай абстаноўкі», - канстатаваў міністр.
Мэта Вашынгтона заключаецца ў паслабленні пазіцый Расеі і Кітая ў Паўднёва-Усходняй Азіі, і каб «адэкватна адрэагаваць» Міністэрства абароны нарошчвае колькасць кантрактнікаў у вайсковых частках акругі, плануе 62 арганізацыйныя мерапрыемствы і больш за 120 штабных і міжвідавых вучэнняў.
Да канца года акруга атрымае 1743 адзінкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі, у лістападзе ў склад Ціхаакіянскага флоту ўвойдзе падводная лодка «Петрапаўлаўск-Камчацкі», якая была спушчаная на ваду ў сакавіку і цяпер праходзіць хадавыя і швартовы выпрабаванні.
У красавіку-траўні ў Паўднёва-Кітайскім моры прайшло расейска-кітайскае вучэнне «Марское ўзаемадзеянне-2019», у якім удзельнічала 10 баявых караблёў і больш за 3 тысячы вайскоўцаў. «Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да двухбаковага камандна-штабнага вучэння на Сахалінскіх і Прыморскіх аперацыйных кірунках», - паведаміў Шайгу.
«Напружаным» застаецца і становішча на заходнім стратэгічным напрамку, заявіў міністр: NATO ўзмацняе вайсковую прысутнасць ва Усходняй Еўропе, у Польшчы і Румыніі разгортваюцца сістэмы амерыканскай СРА, пашыраецца супрацоўніцтва альянсу з Фінляндыяй і Швецыяй.
«Для нейтралізацыі пагроз мы рэалізуем комплекс захадаў», - папярэдзіў Шайгу.
Між іншым, у Заходняй вайсковай акрузе сёлета будзе праведзена больш за 20 арганізацыйных мерапрыемстваў удасканалення баявога складу, у тым ліку берагавых войскаў, войскаў супрацьпаветранай абароны і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Да канца года ў акругу паступіць звыш 1,3 тысячы адзінак новай і мадэрнізаванай тэхнікі, працягнецца камплектаванне войскаў акругі вайскоўцамі-кантрактнікамі, якіх з пачатку года адабрана ўжо больш за 9 тысяч.
«Асноўныя намаганні камандавання акругі накіраваны на правядзенне расейска-беларускага аператыўнага вучэння «Шчыт Саюза-2019», якое завершыць двухгадовы цыкл сумеснай падрыхтоўкі. Вучэнне носіць выключна абарончы характар. У ім плануецца задзейнічаць да 12 тысяч вайскоўцаў і 950 адзінак баявой тэхнікі», - распавёў Шайгу.