19 сакавiка 2024, aўторак, 12:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чорная метка» для ўладаў

68
«Чорная метка» для ўладаў

Чаму беларусы мусяць працаваць за ежу?

У канцы траўня першы віцэ-прэм'ер Аляксей Турчын заявіў, што да 1 ліпеня ў краіне не павінна застацца прадпрыемстваў з сярэднім заробкам менш за 400 рублёў. 19 жніўня Міністэрства працы паведаміла, што план урада не ўдалося рэалізаваць.

Чаму нашы ўлады не ў стане даць рабочым нават $200? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да лідара прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча.

- Усе грошы, нават гэтыя 400 рублёў, трэба зарабіць. Сітуацыя складваецца такім чынам, што ўсе гэтыя прадпрыемствы - банкруты. Яны проста не ў стане вырабіць прадукцыю, выканаць паслугі, выплаціць заробкі і выйсці ў плюс.

Я дапускаю, што менавіта на гэтых прадпрыемствах дайшло да такой сітуацыі. Улады іх не закрываюць, а людзі бядуюць і ходзяць на працу за ежу. На большае тых грошай, якія прапануюць работнікам, не стае.

- Асабліва вызначыліся прадпрыемствы з камунальнай формай уласнасці...

- Як правіла, гэта прадпрыемствы, якія належаць мясцовай адміністрацыі. Але справа нават не ў гэтым. Няўжо наш урад не стомлены ад вечных каманд «Заплаціць!». Чаму б не стварыць нармальныя ўмовы для працы прадпрыемстваў. Толькі стварацца гэтыя ўмовы павінны не ў міністэрскіх кабінетах.

Патрэбныя малыя рабочыя групы, у якія будуць уваходзіць прадстаўнікі прамысловасці, бізнэс, нейкія грамадскія арганізацыі. Натуральна, што кожны будзе цягнуць коўдру на сябе, але ў такіх групах можна знайсці залатую сярэдзіну. Толькі ў такіх органах можна стварыць нармальныя ўмовы для працы прадпрыемстваў, стварыць добры клімат, каб людзі пачалі зарабляць прыстойныя грошы.

Але ўлады ў гэтым сёння не зацікаўленыя. У іх зусім іншыя метады. Не здзіўлюся, калі пад «выбары» зверху спусцяць указ падняць заробкі. Ну надрукуюць яны грошы, раздадуць прэміі. Але ж гэта не выйсце, мы столькі разоў на гэтыя граблі наступалі!

- Вам не здаецца, што ўлады супярэчаць самі сабе. З аднаго боку - раздаюць грошы стратным прадпрыемствам, з другога - заяўляюць аб тым, што ніякай падтрымкі для дзяржаўнага сектара больш не будзе.

- Калі эканоміка працуе, то ніякім супярэчлівым заявам няма месца. Можна нешта ўдакладняць, змяняць, карэктаваць пад дзейнае заканадаўства. А ў нас адны супярэчнасці. Возьмем падатковую сістэму: навошта нам такая колькасць падаткаў? Больш за 20 штук! Зрабіце іх шэсць ці восем. Сёння ўся Еўропа працуе паводле такіх канонаў. Навошта прадпрыемствам лішнія рухі цела. Бухгалтар сядзіць і думае, куды яму пералічыць грошы.

Такая сістэма прывяла да таго, што людзі на прадпрыемствах баяцца выступаць з ініцыятывамі, прапаноўваць нейкія ідэі. Бо за свае прапановы можна апынуцца там, дзе апынуўся галоўны інжынер МЗКТ.

Камандна-адміністрацыйная сістэма выбіла з людзей апошнюю ініцыятыву. Усе чакаюць нейкіх указанняў. Урад чакае загадаў ад адміністрацыі Лукашэнкі, ад урада чакаюць указанні галіновыя міністэрствы, а ад міністэрства - кіраўнікі прадпрыемстваў. Далей - намеснікі, кіраўнікі цэхаў. Але ж кожны бізнэс - гэта рызыка. А сёння, на жаль, права на рызыку ў людзей няма.

Яшчэ адно пытанне - у якой іншай краіне заканадаўчыя акты змяняюцца прамінулай датай? У тым ліку мяняецца і падатковае заканадаўства. Цягам пяці гадоў павінна быць наогул накладзенае табу на змены ў падатковай сферы, калі нічога звышнатуральнага не здарыцца.

У нас жа - год, паўгода і бац - прамінулай датай мяняюць законы. А прадпрыемствы павінны зарыентавацца і плаціць. На якой падставе? Яны што, цацкі нейкія, фішкі, якія вы перасоўваеце? Гэта ж жывы арганізм!

А зверху ідуць каманды «Стой там, ідзі сюды». Вось такія ў нас метады кіравання. І як у такой сітуацыі быць кіраўнікам малога, сярэдняга, буйнога бізнэсу, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў? Якім ім паступаць?

Зрабіў не так - пайшоў пад арышт. Сёння сістэма Лукашэнка кідаецца з боку ў бок. Няма паслядоўных дзеянняў, якія б прывялі эканоміку ў працоўны стан, ёсць толькі мітусня. А дзе мітусня - там і памылкі. Сур'ёзныя памылкі.

- Апошнія разносы чыноўнікаў, якія ладзіць Лукашэнка, гэта таксама мітусня?

- На мой погляд, гэта пачатак перадвыбарнай кампаніі. Чалавек столькі гадоў за стырном і выдатна разумее, што адбываецца ў краіне. Паверце мне, не такая ў нас вялікая краіна, дзе нешта можна схаваць.

- Атрымліваецца, усё гэта пастаноўка?

- Гэта разлічана на простага абывацеля. Але сёння нават просты абывацель глядзіць на ўсё крытычна і з лепшым разуменнем, чым гэта было нават некалькі гадоў таму.

- У Беларусі сёмы месяц запар колькасць звальненняў перавышае колькасць прынятых на працу. Ці не станецца так, што хутка і гэтыя 400 рублёў не будзе каму плаціць?

- Усе ідзе ад таго, якія ўмовы створаны для атрымання нармальнага заробку і ўмоў працы. Хоць сёння людзі грэбуюць бяспекай, галоўнае, каб спраўна.

У такой колькасці звальненняў не бачу нічога дзіўнага. Пра што мы гаворым, калі нават такія гіганты, як «Амкадор», стаяць без замоў. Вялікія і сістэмныя праблемы паўсюль.

Людзі проста не могуць сабе дазволіць раскошы працаваць на прадпрыемствах, дзе рост заробку не паспявае за ростам коштаў і паслуг.

Але нам кажуць, што заробкі апярэджваюць рост коштаў. Хлопцы, вы самі сабе супярэчыце. Калі рост заробкаў апярэджвае рост коштаў, то навошта сёння МАРГ умешваецца ў коштаўварэнне? Калі эканоміка працуе, грошы ў людзей ёсць, то давайце адпусцім кошты. Рынак створаны так, што калі не будзе попыту на тавар, то заўтра яго не будуць браць і кошты давядзецца знізіць. Але мы бачым дзяржаўнае рэгуляванне, а значыць рынак не працуе.

Ужо была краіна, у якой спрабавалі ўсім і ўсімі кіраваць - CCCР. Усе мы памятаем, да чаго такая палітыка прывяла. Сёння людзі галасуюць нагамі і з'язджаюць з Беларусі, уладкоўваюцца на падпрацоўкі, неяк круцяцца. І людзям усё адно, дзейнічае гэты псеўдадэкрэт пра «дармаедаў», не глядзяць на праблему страхавога стажу.

Людзям трэба жыць сёння і цяпер. Ніхто не можа сабе дазволіць працаваць восем гадзін на дзень, пяць дзён на тыдзень за капейкі.

Беларусы шукаюць выкарыстанне сваім ведам, cілам, уменням, навыкам у іншых месцах. Калі дзяржава не паклапацілася, каб стварыць усе ўмовы для рэалізацыі чалавека ў нашай краіне - значыць людзі будуць з'язджаць. Частка эканомікі будзе сыходзіць у цень, пачнецца выдача заробкаў у канвертах, каб сыходзіць ад падаткаў. Бо калі сёння працаваць паводле закону, то я не ведаю, якое прадпрыемства зможа пахваліцца росквітам.

- Сёння ідзе глабальная канкурэнцыя паміж краінамі за працоўныя рэсурсы. Ці думаюць нашы ўлады аб тым, як захаваць работнікаў у нашай краіне?

- Я думаю, што існуюць адмысловыя службы, якія павінны адсочваць тэндэнцыі, якія адбываюцца хоць бы ў суседніх краінах. Але застаецца пытанне да эфектыўнасці іх працы.

Сёння галоўны паказчык на рынку працы - гэта кошт рабочай сілы. У Расеі прафзвязы выйшлі з патрабаваннем зрабіць чатырохдзённы працоўны тыдзень. Я не падтрымліваю іх патрабаванні. Хлопцы, гэта не сур'ёзна.

А вось тое, у Еўропе ўжо многія краіны перайшлі на сямігадзінны працоўны дзень, а хтосьці і таго менш - гэта добрая прапанова.

Павінна быць матывацыя да высокакваліфікаванай і якаснай працы. Тады чалавек зробіць сваю працу за сем гадзін. І гэта будзе добра зробленая праца.

На жаль, у нашай краіне такая матывацыя цалкам адсутнічае. Калі чалавек ведае, колькі каштуе ягоная праца - ён выкладзецца на ўсе 100%, каб якасна зрабіць сваю працу. А што казаць, калі тарыфная стаўка першага разраду - 36 капеек. Даўно ўжо трэба пераходзіць на пагадзінную аплату працы, а не ад званка да званка на заводзе чалавек сядзіць.

Такое ўражанне, што ўлады не бачаць праблемы людзей. Яны іх агучваюць, але проста не могуць адчуць. А ўсё з прычыны таго, што жывуць у зусім іншых умовах.

- Які заробак вы ўважаеце за годны для Беларусі?

- Думаю, што калі браць рабочы клас - сярэдні заробак блізу 900-1000 рублёў на месяц. І гэта чыстымі, без уліку падаткаў. Вось такі заробак павінна быць пры цяперашнім коштаўтварэнні. З гэтага трэба зыходзіць, калі фармуецца кошт рабочай сілы. Без гэтага не будзе эканомікі.

Але ў нашай краіне пра людзей успамінаюць толькі напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх «выбараў». Сапраўдны дэпутат і прэзідэнт павінны ўвесь свой тэрмін працаваць на ўсе застаўкі, каб людзі на сабе адчулі паляпшэнне ўзроўню жыцця.

Тады не важна, хто будзе пры ўладзе - Лукашэнка, Пятроў, Іваноў, Сідараў, лібералы, сацыял-дэмакраты. Калі ўлада клапоціцца пра людзей, то ім усё адно, як тыя называюцца.

Але сёння беларусы вымушаныя думаць пра тое, як дажыць да канца месяца, дзе пазычыць грошы, пракарміць сям'ю, аддаць крэдыты, якія яны калісьці ўзялі. Не кажучы ўжо пра планаванне сямейнага адпачынку і нейкіх сур'ёзных пакупках. Вось што сёння людзей хвалюе.

Сённяшні ўрад проста не ў стане прапанаваць нешта пакрокавае і суцэльнае для паляпшэння жыцця беларусаў. Толькі шараханне.

Усе распараджэнні з разраду забраць, забараніць. Напрыклад, колькі было размоў пра тое, каб уключыць дарожны падатак у кошт бензіну. Гэта ж элементарныя рэчы. А страхавы стаж. Хто прыдумаў, што чалавек павінен дваццаць гадоў адпрацаваць і толькі потым мае права на пенсію. Чаму тыя, хто па дзесяць гадоў даглядаў інвалідаў, на старасць гадоў застаюцца без капейкі ў кішэні?

Хлопцы, сваімі пастановамі, указамі і законамі вы парушаеце правы людзей на нармальнае жыццё. Я б усім гэтым «дэпутатам», якія ўвесь гэты час шчасна адседзелі ў сваіх крэслах, а цяпер сунуцца на парламенцкія «выбары», паставіў бы «чорную пазнаку». Яны не маюць маральнага права абірацца. Яны здрадзілі беларусам.

- Падводзячы вынік: улады сёння кажуць пра суму 400 рублёў, а Генадзь Фядыніч заяўляе, што павінна быць лічба 900 рублёў.

900-1000 і не менш. Што да 400 рублёў - то ў нас мінімальны заробак устаноўлены на ўзроўні 330 рублёў. Менш за гэтую суму паводле закону нельга плаціць.

Мы ўвесь час кажам пра тое, што трэба адштурхоўвацца не ад мінімалкі і бюджэту пражытковага мінімуму. Існуе мінімальны спажывецкі бюджэт, у якім закладзены і прадукты харчавання, і паслугі, і адпачынак, і нейкія пакупкі. Ён сёння складае 467 рублёў. Вось гэтая лічба павінна быць сёння гарантаваная кожнаму чалавеку, калі ён прыходзіць на працу. А далей - да 900-1000 рублёў.

Сістэма простая, але сёння няма нармальных эканамічных умоў, няма сучасных тэхналогій, няма нармальных заказаў, няма канкурэнтаздольнай прадукцыі. Ёсць толькі бясконцыя каманды зверху. Сёння 400 рублёў, заўтра 450 рублёў. Ну не працуе гэта, хлопцы. Хоць, калі казаць аб маральным баку пытання, то проста сорамна за ўсё гэта. Чалавек ходзіць на працу і атрымлівае такія капейкі! Але ж ёсць людзі, якія і гэтага не атрымліваюць.

Не працуе эканоміка на каманду зверху.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках