21 кастрычнiка 2019, панядзелак, 2:03
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларусы пра тэхагляд: У Лукашэнкі спяшаюцца «пабаляваць» астатнім разам?

90
Беларусы пра тэхагляд: У Лукашэнкі спяшаюцца «пабаляваць» астатнім разам?
ФОТА: REALT.BY

Што думаюць кіроўцы пра «акцыю» ДАІ.

Стала вядома пра першыя вынікі «палявання» ДАІ на беларускіх кіроўцаў. За першыя пяць дзён адмысловай акцыі, распачатай 7 жніўня, былі спыненыя і аштрафаваныя 200 тысяч аўтамабілістаў.

Сітуацыю для Charter97.org пракаментаваў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу са Слоніма, грамадскі дзеяч і прадпрымальнік Віктар Марчык.

- Масавае ігнараванне працэдуры тэхагляду пачалося ў Беларусі пасля ўвядзення «падатку на допуск да дарожнага руху». Яго сума - блізу 200 рублёў. Шмат ці мала гэта ў сённяшніх умовах для звычайнай беларускай сям'і?

- Наогул 200 рублёў для многіх - гэта палова заробку. Яшчэ для многіх - гэта дзве траціны заробку. І ўсё больш становіцца сем'яў, дзе гэта - амаль увесь заробак мужа ці жонкі.

Логіка ўлады простая: вазьмі і аддай гэта адразу - а потым атрымаеш допуск да руху па дарогах. А жыць тады цэлы месяц за што? За што, прабачце, плаціць камуналку? Высяляцца з кватэры ў аўто, якім цяпер - зрабілі ласку - можна кіраваць?..

Можна сказаць дакладна: такі «дарожны збор» большасці беларусаў цяпер не па кішэні. Відавочна, улады, калі ўводзілі яго, глядзелі толькі на Менск. Але жыццё ж ёсць і за Менскай колавай! Нават я б сказаў, што большасць людзей жыве і працуе ў рэгіёнах, дзе гэтая сума проста непад'ёмная.

Ды і 200 рублёў - гэта за сярэдні аўтамабіль. Сума залежыць ад вагі аўто. А калі чалавек у рэгіёне, дзе сярэдні рэальны заробак 300 рублёў, ездзіць на вялікім і цяжкім аўто... Гэта рабаўніцкі збор - таму яго і байкатуе палова кіроўцаў.

- Якія нязручнасці, акрамя фінансавых, стварае для беларускага кіроўцы «дарожны збор»? Ці патрэбны ён наогул у такім выглядзе?

- Ды процьму нязручнасцяў - і кіроўцам, і работнікам СТА, якія павінны выконваць замест падатковай яе працу.

Бо кіроўца пры нармальным падыходзе ніколі не адмовіцца ад тэхагляду. Праверыць свой аўтамабіль - выгадна і цікава для адказнага чалавека. Бо падвеска і хадавая частка - гэта наша ўсё, наша жыццё, як той казаў.

Але людзі не праходзяць тэхагляд менавіта праз прывязаны да яго «дарожнага збор». І на супрацоўнікаў СТА ідзе ціск - каб не выдавалі талон без аплачанага падатку.

Што да пытання, ці патрэбны гэты падатак, скажу так: мы яго і так фактычна плацім, купляючы бензін з беларускіх НПЗ. Была дыскусія пра тое, каб, напрыклад, адвязаць «дарожны збор» ад тэхагляду і ўключыць у кошт паліва. Але, фактычна, гэта будзе ўжо падвойнае, калі не патройнае, падаткаабкладанне. Той кошт, якім бензін пастаўляюць з НПЗ на запраўкі, ужо ўключае ў сябе шмат пазіцый - у тым ліку рамонт і «мадэрнізацыю» саміх НПЗ і патрэбы дарожнай інфраструктуры.

Так, бензін у Беларусі ў пераліку на даляры каштуе танней, чым у суседзяў з ЕЗ. Але прапорцыя коштаў паліва да рэальных заробках - не на нашу карысць. І вельмі непразрыста фармуецца кошт бензіну. Таму фактычна мы ўжо плацім гэта «дарожны збор», нават не праходзячы тэхагляд.

- Улады анансавалі, з 1 красавіка «дарожны збор» будзе адвязаны ад тэхагляду. Але затым адмовіліся ад гэтай ідэі. Як вы і вашы знаёмыя кіроўцы ацэньваюць гэты «першакрасавіцкі розыгрыш»?

- Дзяржаве проста патрэбныя грошы, і яна ўсялякімі спосабамі, «жэстачайшэ», з людзей гэтыя грошы выціскае. Двайныя падаткі, патройныя, адтуль, адусюль - абы сабраць патрэбную суму.

А больш за ўсё абурае тое, што мы не ведаем, куды ідуць гэтыя грошы. Калі б «дарожны збор» ішоў сапраўды на дарогі - паверце, мы б тут, у рэгіёнах, не ездзілі б па такіх выбоінах і купінах. Дарогі б былі ідэальнымі нават у самых аддаленых ад Менска раёнах.

Людзі разбіваюць падвескі на ямах і пытаюцца: «А за што мы тады такія немалыя грошы плацім?».

- 200 тысяч аштрафаваных беларусаў за пяць дзён - сур'ёзная лічба. Як вы пракаментуеце вынікі палявання ДАІ на кіроўцаў без тэхагляду?

- Гэта велізарная лічба, велізарны адсотак, калі ўлічваць, колькі рэальна засталося ў Беларусі дарослага і працаздольнага насельніцтва. Атрымліваецца, «катком» прайшліся амаль па кожнай сям'і. І гэтая «акцыя» ДАІ будзе працягвацца яшчэ некалькі дзён!

Не бяруся меркаваць, колькі яшчэ людзей патрапіць пад «каток» і што атрымаецца ў выніку. Будзем глядзець і рабіць высновы.

- Як беларускія кіроўцы, на вашу думку, адкажуць уладам?

- Штосьці не верыцца, каб усе 50% кіроўцаў, якія байкатуюць тэхагляд, кінуліся яго праходзіць. Гэта не ў нацыянальным характары беларусаў. Мы ж партызанская нацыя: будзем і далей «партызаніць» на дарогах.

Усе мае знаёмыя кажуць: «Як ездзілі без тэхагляду - так і будзем ездзіць. Нічога ім не заплацім». Людзі гатовыя ісці на прынцып. І чыста з прынцыпу не плаціць гэтым... Вы ведаеце, не магу вымавіць для друку тыя словы, якімі пры гэтым называюць нашых кіраўнікоў.

Людзей так проста не падманеш: усе бачаць, што «дарожны збор» ідзе не ў мясцовы бюджэт (адкуль прасцей за ўсё накіраваць на той жа рамонт дарог), а на самы верх, дзе, хутчэй за ўсё, і «дзеліцца», а «ўніз» вяртаюцца капейкі.

- Надоечы была абвешчаная дата «парламенцкіх выбараў» у Беларусі. Пра што думае ўлада, настройваючы супраць сябе напярэдадні выбараў сотні тысяч раззлаваных штрафамі кіроўцаў?

- Незадаволенасць палітыкай Лукашэнкі і ўзроўнем жыцця пасля 25 гадоў дыктатуры і так вельмі высокая. Вельмі вялікі адсотак беларусаў хоча змены ўлады - у тым ліку і былы электарат Лукашэнкі, які яму ўжо абсалютна не верыць.

І ў мяне склалася ўражанне, што ў Лукашэнкі пра гэта добра ведаюць - і стараюцца «пабаляваць» астатнім разам. Калі раней яны хавалі сваё рабаванне народа за нейкім папулізмам, за нейкімі прыгожымі «выявамі» і фразамі на тэлевізіі, то цяпер зразумелі, што ўжо людзей падмануць не ў стане.

Тыя, хто раней верыў у «справядлівасць Рыгоравіча», клянуць яго апошнімі словамі. І гэта - факт. І ўлада гэта ведае. І ім ужо няма сэнсу нешта хаваць. Таму яны проста, ўсляпую ідуць ужо ва-банк, як у выпадку з 200 тысячамі затрыманых за тэхагляд кіроўцамі. Які сэнс хітрыць? Яны спяшаюцца «нагуляцца», «пад'есці», «нахапалі» у астатні раз - і абдзіраюць нахабна. Гэта шмат хто бачыць. І пра «спецаперацыю» з тэхаглядам кіроўцы таксама так кажуць.

А калі цярпенне людзей скончыцца - ніхто не ведае. Але ўсяму ёсць мяжа: гайкі закручаныя і разьба можа вось-вось сарвацца. Не ведаю як на гэтых, «парламенцкіх выбарах», а вось на прэзідэнцкіх, у 2020 годзе, людзі могуць даць зразумець, наколькі ім усё гэта надакучыла.

І такія вар'яцкія дзеянні, як штрафы для 200 тысяч чалавек за некалькі дзён, вядома ж, запомняцца і падахвоцяць людзей выйсці на плошчу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. І цалкам магчыма, што ў нас тады паўторыцца сцэнар Арменіі.