29 красавiка 2024, панядзелак, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гройсман: Украіна ўкараняе эканамічны бязвіз з Ізраілем

Гройсман: Украіна ўкараняе эканамічны бязвіз з Ізраілем
УЛАДЗІМІР ГРОЙСМАН

Прэм'ер-міністр Украіны правёў перамовы з Біньямінам Нетаньяху.

Падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху кіраўнік украінскага ўрада Уладзімір Гройсман заявіў, што цяпер усе бар'еры для супрацоўніцтва паміж краінамі знятыя, паведамляе gordonua.com.

"Цяпер мы ўкараняем эканамічны бязвіз... Пашыраем зону свабоднага гандлю, у тым ліку на паслугі", - падкрэсліў Гройсман.

Паводле слоў украінскага прэм'ера, усе бар'еры для супрацоўніцтва знятыя.

Ён заклікаў прадстаўнікоў бізнэсу дзвюх краін не чакаць ратыфікацыі дамовы аб зоне свабоднага гандлю Кнэсетам і пачынаць супрацоўніцтва.

Гройсман дадаў, што сустрэчы паміж украінскімі ды ізраільскімі палітыкамі цяпер будуць праводзіцца часцей.

"Цяпер такіх візітаў будзе больш, яны будуць адбывацца часцей", - працытаваў ён Нетаньяху.

Напярэдадні прэс-служба ўкраінскага Кабміна паведаміла, што Гройсман і Нетаньяху абмяркуюць супрацоўніцтва паміж Украінай і Дзяржавай Ізраіль у сферах сельскай гаспадаркі, IT-сектара, энэргетычнага сектара, харчовай прамысловасці, фармацэўтыкі, а таксама транспартнай галіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 6 жніўня падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Кабінетам Украіны і ўрадам Дзяржавы Ізраіль. Пагадненне падпісанае 21 студзеня 2019 года ў Ерусаліме. 11 ліпеня 2019 года дакумент ратыфікавала Вярхоўная Рада.

Ізраіль ратыфікуе пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Украінай пасля выбараў у Кнэсет 17 верасня.

Пагадненне ўвойдзе ў дзеянне праз 60 дзён пасля даты апошняй дыпламатычнай ноты, якой бакі паведамляюць адзiн аднаму, што іх унутраныя юрыдычныя працэдуры выкананыя. Дзеянне пагаднення не распаўсюджваецца на анэксаваны Крым, а таксама непадкантрольныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей да поўнага спынення ўзброенай агрэсіі Расеі і аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў акупаваных рэгіёнах.

З моманту ўступлення ў дзеянне пагаднення будуць скасаваныя ўвазныя мыты прыкладна для 80% украінскіх прамысловых тавараў, таксама дзякуючы скасаванню блізу 70% увазных мыт на ізраільскую прамысловую прадукцыю стане магчымым высокатэхналагічны інвестыцыйны імпарт, паведамлялі ў Міністэрстве эканамічнага развіцця і гандлю Украіны.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках