6 траўня 2024, панядзелак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Коржыч: З часам толькі нарастае абурэнне пастановай суда

14
Святлана Коржыч: З часам толькі нарастае абурэнне пастановай суда
СВЯТЛАНА КОРЖЫЧ

Мужная і адважная жанчына распавяла пра сваё жыццё і барацьбу.

У пачатку кастрычніка 2017 года стала вядома пра смерць шарагоўца Аляксандра Коржыча ў Печах. Гэтая гісторыя, магчыма, не была б такой рэзананснай, калі б не выяўленыя факты, піша onliner.by.

Па-першае, цела хлопца знайшлі ў склепе медроты са звязанымі нагамі і футболкай на галаве. Па-другое, пра тое, дзе шараговец і што з ім, ніхто не ведаў цягам цэлага тыдня. Па-трэцяе, высветлілася, што непасрэдныя начальнікі жаўнера патрабавалі ад яго грошы і мама Сашы Коржыча рэгулярна высылала іх сыну. Акрамя таго, яны расплачваліся яго картай і здымалі пэўныя сумы ў розных месцах. Таксама на судзе высветлілася, што жаўнера білі, будзілі сярод ночы камандай «Газы», прымушалі адціскацца і гэтак далей. Хадзілі чуткі і пра нашыйнік з іголкамі як пакаранне, а таксама пра прастытутак, якія нібыта прыходзілі ў частку. Аднак на судзе гэтая інфармацыя не пацвердзілася.

Трагедыя ў Печах выявіла праблему дзедаўшчыны ў беларускім войску. Пасля маштабных праверак было распачата 48 крымінальных спраў у 16 вайсковых частках, 22 з якіх - у 72-м навучальным цэнтры.

Вінаватымі ў справе аб гібелі шарагоўца Коржыча прызналі трох сяржантаў: Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча. Як гаворыцца ў прысудзе, яны перавысілі свае паўнамоцтвы, што пацягнула цяжкія наступствы, суіцыд жаўнера. Святлана Коржыч дагэтуль не згодна з фармулёўкай «суіцыд» і пастановай суда.

- Я мяркую, што майго сына забілі, - дагэтуль перакананая яна, хоць гэтая версія не знайшла пацверджання ні падчас следства, ні ў судзе (а Святлана дайшла да Вярхоўнага).

- Вось забрала нядаўна Сашавы рэчы, дык у яго на футболцы квадрат выразаны быў, высвятляецца. Сяджу і думаю: ну хіба ж мог ён сам выразаць квадрат і надзець так футболку на галаву, звязаць ногі? Не веру. Ды і навошта яму было заканчваць жыццё самагубствам, калі ён мне сам казаў: «Мам, я ўжо звык, засталося 10 дзён усяго пацярпець»? У яго планы былі, ён збіраўся пасля войска вярнуцца, бізнэсам заняцца, сям'ю завесці і ўсё астатняе.

За гэты час Святлана Мікалаеўна прайшла ўсе судовыя інстанцыі, не толькі абабіла парогі Следчага камітэта і пракуратуры, але і пабывала на прыёме ў міністра абароны. Акрамя таго, да яе сталі звяртацца маці загінулых у войску жаўнераў, і яна стала ім дапамагаць.

- Увесну міністэрства паставіла на магіле Сашы помнік і прызнала, што ён загінуў пры выкананні вайсковага абавязку, - распавядае жанчына. Гэта значыць, што мама жаўнера будзе атрымліваць нейкія грошы і льготы. Але для Святланы Мікалаеўны гэта, вядома, не суцяшэнне...

Мужная і адважная жанчына з моманту смерці адзінага сына, здаецца, пастарэла на дзясятак гадоў. Кажа, здароўя няма, сышло разам з Сашам.

- Як я жыву? Ведаеце, з часам гэты боль толькі нарастае, як і абурэнне пастановай суда і ўсім гэтым. Дзе там будзе здароўе, - распавядае яна - Я ўсё пракручваю і пракручваю гэтую сітуацыю ў галаве, не магу зразумець, як такое магло адбыцца з маім сынам.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках