26 красавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У вёсцы мяркуюць, што не сам ён. Тут розныя версіі ўжо»

17
«У вёсцы мяркуюць, што не сам ён. Тут розныя версіі ўжо»
ЗМІЦЕР ЗАХАРЧЭНЯ

У дзень нараджэння жонкі 33-гадовы хлопец загінуў у міліцэйскім аўтамабілі.

"Не скажу, што зусім дрэнная сям'я. Усякае бывала, але не пілі, каб ляжаць. А Дзмітрый добры работнік: і плітку клаў у царкве, і людзям. Прадукты заўсёды дзецям купляў, - кажа суседка загінулага Дзмітрыя Захарчэні. - А што там на самай справе адбылося ... У вёсцы мяркуюць, што не сам ён. Гэта ж вёска... Тут розныя версіі ўжо. Але не вераць, што сам".

33-гадовы будаўнік Дзмітрый Захарчэня памёр у міліцэйскай машыне ўночы 6 ліпеня. У вёску Стрыгава Кобрынскага раёна міліцыянты прыехалі па выкліку на сямейны скандал. Паводле версіі МУС, на нейкі час Дзмітрыя пакінулі аднаго ў аддзяленні для затрыманых у службовай "газэлі", дзе ён і ўчыніў самагубства, паведамляе "Еўрарадыё".

У той вечар у сям'і Захарчэняў адзначалі дзень нараджэння жонкі Вольгі. Цяпер яна засталася адна з двума сынамі: аднаму пяць, другому сем гадоў.

"Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць"

У Стрыгаве жыве блізу 500 чалавек. У вёсцы свая школа і дзіцячы садок, дзве крамы, пошта, ферма. Суседзі Захарчэняў распавядаюць, што ў сям'і маглі выпіць і паскандаліць, але не больш за тое. Зміцер ужываў спіртное не больш за іншых.

У Стрыгаўскім дзіцячым садку - сярэдняй школе журналістам кажуць, што дзеці Захарчэняў былі дагледжаныя. У самагубства Змітра там таксама не вераць.

"Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць, - кажуць у школе. - Дзень нараджэння жонкі святкавалі, таму, як кажуць, былі ў стане алкагольнага ап'янення. Выпівалі, але ў вёсцы ніхто іх у ляжачым стане не бачыў.

Не скажу, што быў агрэсіўным. Ён нармальны чалавек, і каб сам... Нават не ведаю. Усе ў шоку. Малады хлопец! Тут усе, каго не спытаеце, не вераць, што сам мог [учыніць самагубства. - заўв.]".

У дзіцячым садку кажуць, што пяцігадовага сына прыводзілі рэгулярна, а сямігадовы скончыў першы клас. Дадаюць, што праблем з бацькамі ў настаўнікаў не было.

"Дзеці заўсёды памытыя, і грошы на рамонт здавалі, - расказваюць пра сям'ю Захарчэняў. - Старэйшы ў першы клас пайшоў. Заўсёды чысценькі, урокі зробленыя. І самі бацькі не хадзілі абарваныя. Вольга некаторы час і ў нас працавала пасудамыйкай, а потым даяркай уладкавалася".

"Неаднаразова выклікалі міліцыю да іх, але заявы ніхто не пісаў"

Іншае распавядаюць пра Змітра Захарчэню ў Тэвельскім сельсавеце, у які ўваходзіць Стрыгава. Мясцовая чыноўніца называе сям'ю праблемнай.

"Сталыя сямейныя скандалы і ўжыванне спіртных напояў на месцы жыхарства, - распавядае чыноўніца Тэвельскага сельсавета, якая адмовілася назвацца. - У той жа час наконт дзяцей прэтэнзій са школы не было. На ўліку яны не былі. У вёсцы шмат сем'яў з залежнасцю ад алкаголю. Неаднаразова выклікалі міліцыю да іх, але заявы ніхто не пісаў. Мы прыязджалі, размаўлялі, але ў вёсцы ніхто не хоча ніякіх разбораў.

І тое, што цяпер пішуць у каментарах... Міліцыя цяпер з імі [жыхарамі, якія злоўжываюць спіртным. - заўв.] як са шклянымі вазамі носіцца".

Чыноўніца дадае, што Андрэй мог падняць руку на жонку, якую чыноўніца асабіста бачыла з сінякамі.

Штогод у МУС паступаюць звесткі пра больш як 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца блізу 50 тысяч чалавек, да крымінальнай - 2,5 тысячы. Праз страх помсты, а таксама праз патрэбу выплачваць штрафы ахвяры хатняга гвалту часта адмаўляюцца пісаць заявы на катаў.

Ужо больш за тры гады вядзецца грамадская дыскусія пра тое, што Беларусі патрэбны закон "Аб хатнім гвалце". Апошнім разам ён згадваўся ў навінах у канцы 2018 года. Тады дакумент быў раскрытыкаваны Аляксандрам Лукашэнкам - і ў выніку так і не быў прыняты.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках