26 красавiка 2024, Пятніца, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

$ 2500 і пакет з мясам і гарэлкай: У Слуцку пачаўся суд над былым ваенкамам

13
$ 2500 і пакет з мясам і гарэлкай: У Слуцку пачаўся суд над былым ваенкамам
ФОТА: ONLINER.BY

Ён вызваляў ад войска за хабар.

Суд Слуцкага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы паводле абвінавачвання ваеннага камісара Слуцкага і Старадарожскага раёнаў. 48-гадовы палкоўнік Аляксандр Петравец, затрыманы ў студзені, падазраецца ў атрыманні хабару за вызваленне ад службы, піша onliner.by.

У якасці пацярпелага ў судзе з'явіўся Віктар Залужны. Паводле словаў пракурора, Петравец атрымаў ад яго пакет з прадуктамі на 103 рублі (мяса, курыныя яйкі, чатыры бутэлькі гарэлкі) і паабяцаў дапамагчы сыну Залужнага не ісці ў войска.

Петраўца абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. ч. 1, 2 арт. 209 («Махлярства»), ч. 5 арт. 16 («Падбухторванне да злачынства»), ч. ч. 1, 2 арт. 431 КК.

Таксама паводле справы ёсць другі абвінавачаны – Аляксандар Шыянаў, мясцовы прадпрымальнік, дырэктар ПСУП «Дах-Профіль». Яму высунутае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 14 («Замах на злачынства») і ч. 1 арт. 431 КК («Даванне хабару»).

Былы ваенкам прыкметна хвалюецца, але трымаецца – на пытанні суддзі ўпэўнена і па-вайсковаму адказвае: «Так точно!»

Пракурор апавядае, што з кастрычніка 2017 года да 15 лістапада 2018 года Петравец даваў адтэрміноўку і прызнаваў прызыўнікоў непрыдатнымі для службы. Падбухторваў іншых службовых асобаў. Атрымліваў прадукты харчавання і грошы.

Атрымаў ад Шыянава (цяпер ён таксама абвінавачаны) $ 1000 – таксама казаў, што дапаможа прызнаць ягонага сына непрыдатным для службы ў войску. Пракурор настойвае, што ў былога ваенкама не было такіх паўнамоцтваў: ён пра гэта ведаў, але ўсё роўна браў хабар.

Яшчэ адзін хабар ($ 1500), паводле словаў абвінавачвання, ён атрымаў восенню 2018 года. Каб «адмазаць» яшчэ аднаго мужчыну і ягонага сына ад ваенных абавязкаў.

– Паводле ч. 2 арт. 209 (махлярства) цалкам прызнаю віну, я напісаў яўку з павіннай, усведамляю сваю віну. У падбухторванні да давання хабару – цалкам не прызнаю. Яны да мяне першымі падышлі, я іх не прасіў. У прадуктах я таксама віну не прызнаю. Я не адмаўляю, што ён (пацярпелы Віктар Залужны. – Заўвага.) мне іх прывозіў, але я яго не прасіў – ён сам гэта зрабіў. Я проста патэлефанаваў яму – абмяркоўвалі лёс ягонага сына. Ніякіх сумаў і прадуктаў у гэтай гутарцы не ўзгадваў. Патрабую далучыць да матэрыялаў справы гэтую размову, – заявіў Петравец.

Другі абвінавачаны, Шыянаў, пагадзіўся з абвінавачваннем на свой адрас.

– Я цалкам прызнаю сваю віну, што даваў хабар Петраўцу, – сказаў ён.

«Петравец мне сказаў: буду трымаць на кантролі вашага сына. Адпаведна, я сказаў, што разлічуся»

Шыянаў кажа, што ў ягонага сына Глеба спадчынная гіпертэнзія – адправілі служыць у рэзерв. Потым яго зноў паклікалі, паехалі на медкамісію – бацька пастанавіў перастрахавацца. Падышоў да ваенкама і папрасіў пра паслугу.

– Петравец мне адказаў: буду трымаць на кантролі вашага сына. Адпаведна, я сказаў, што разлічуся. Потым ён прыехаў да мяне ў краму і сказаў, што такая праца будзе каштаваць $ 1000. Я думаў, гэта ўсё ў ягонай уладзе. Разумеў, што ён першы чалавек. Потым ён патэлефанаваў: «Ты на месцы?» – «Так». – «Я прыеду». Сказаў, што Глеба прызналі непрыдатным, што трэба даваць грошы. Аддаў. Я ўжо ведаў, што чалавек з такім дыягназам (гіпертэнзія II ступені) не прыдатны для службы ў войску, але ўсё роўна аддаў грошы. Так, я спачатку не прызнаваў віны, мне было сорамна людзям у вочы глядзець. Але я раскайваюся і прызнаюся, – сказаў Шыянаў.

– Ці вядома вам было, ці ўваходзіў Петравец у склад камісіі? – удакладніў у яго пракурор.

– Невядома, мне было ўсё роўна, – ён апавядае, што быў з сынам падчас медкамісіі – ніякіх паблажак там не было. – Петравец, забіраючы хабар, сказаў: «Ты разумееш, гэтыя грошы не толькі для мяне».

Пацярпелы пра пакеты з мясам і гарэлкай: «Гэта не тое што хабар, гэта ад душы, ад сэрца!»

Выступае пацярпелы Віктар Залужны – ён прывозіў Петраўцу прадукты і гарэлку. Прасіў адтэрміноўку для сына: «Хацелі далей паступаць».

– Ён нічога такога не сказаў – проста «праходзіце камісію, атрымаеце позву». І пасыпаліся позвы... Я збіраю сумку – яйкі, сала, рабрынкі, мёд і дзве бутэлькі гарэлкі – і еду прасіць. Пагутарылі.

– А мяса давалі? – спытаў пракурор.

– Гэта ўжо другі раз! – адказаў Залужны. – Папрасіў пра адтэрміноўку. Ён сказаў, што ўсё будзе пад кантролем. Гэта не тое што хабар, гэта ад душы, ад сэрца!

Пацярпелы апавёў, што ў выніку сын застудзіў вуха і яму далі адтэрміноўку паводле медыцынскіх паказанняў. Паступіць ён так і не паспеў.

У другі раз (да наступнага набору), паводле ягоных словаў, Петравец патэлефанаваў і сказаў: «Патрэбная торба». Залужны сабраў яшчэ адну – гэта было праз некалькі месяцаў.

– Прывёз 4 бутэлькі гарэлкі, авечае мяса, кавалачак сала, рабрынкі – што ў мяне ёсць, як той казаў, – разводзіць рукамі пацярпелы.

– І што пасля гэтага? – удакладніў пракурор.

– Сын праходзіць камісію – і служыць цяпер у арміі, – кажа пацярпелы. – Нічога, як той казаў, не пад кантролем...

Суд прадаўжаецца.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках