27 красавiка 2024, Субота, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіна з вялікага пахмелля

58
Краіна з вялікага пахмелля
ІРЫНА ХАЛІП

Не хадзіце на лукашэнкаўскія святы.

Мы не паспяваем пахаваць мёртвых і перавязаць параненых, як на нас усім сваім сусальным цяжарам навальваецца чарговае свята. Лёгкае пахмелле становіцца звыклым станам для сярэднестатыстычнага беларуса. Матрошачныя размаляваныя твары тых, хто круглыя содні спявае і скача на чарговым свяце, перастаюць адрозніваць нават іхнія сваякі. Жыхары эпіцэнтраў святаў аддаюць перавагу эвакуацыі сям'і хоць бы ў вёску, а самі вучацца хавацца ў бамбасховішчы пры першых гуках салютаў.

Шчыра кажучы, я думала, што яны пасаромеюцца пасля трагедыі ў Менску 3 ліпеня запускаць чарговы салют у Шклоўскім раёне з гранд-папойкі і скокаў пад назвай «Александрыя збірае сяброў». Думала, збяруцца і пабухаюць ціха, у альтанцы, на прасторах Драздоў, не звяртаючы ўвагу публікі ў цэлым. І зноў памылілася. Яшчэ заставаліся ў лякарнях параненыя на салюце 3 ліпеня, яшчэ не пахавалі ахвяру таго «дзяржаўнага свята», а за дзве сотні кіламетраў ад Менска ўжо зноў грымелі пераможныя залпы, гучна крычалі ў мікрафон дыджэі, Лукашэнка выціраў рукавом няпрошаную слязу і казаў, што пачуваецца «ўсхалявана». Ён у той момант, аказваецца, пачуваўся «ўсхвалявана». Не сорамна, не няёмка, не цяжка, не кепска. Ён – ашалець – «усхваляваны».

І зноў грымелі залпы, скакала дыскатэка, узнагароджвалі абласных перадавікоў аграпрамысловага комплексу, выстаўлялі племянную жывёлу, а запрошаныя з Расеі казакі ў такт махалі нагайкамі. Пра трагедыю ўсе забыліся, як і пра тое, што тутэйшыя салюты могуць быць смяротна небяспечнымі. Насельнікі Драздоў весяліліся разам са сваім гаспадаром ва ўсе свае два прыхлопы.

А Наталлю Максімчук, загінулую 3 ліпеня, у гэты самы час ціха пахавалі. Паколькі ўсе Дразды весяліліся пад Шкловам, на пахаванне прыйшла толькі парачка вайскоўцаў з Міністэрства абароны і некалькі выканкамаўскіх чыноўнікаў. Трагедыя 3 ліпеня ператварылася ў надзвычайнае здарэнне раённага маштабу.

Дарэчы, толькі ў дзень пахавання ў СМІ прагучала прозвішча загінулай. Да таго тры дні для ўладаў яна заставалася "жанчынай 1955 года нараджэння". І ніхто з гэтых няздарных чыноўнікаў не ўспомніў, што адзін з галоўных іх абавязкаў пры любой трагедыі – апублікаваць спіс загінулых, хай нават з аднаго прозвішча. Уявіце, колькі ў Менску жанчын 1955 года нараджэння. А цяпер уявіце, колькі сваякоў, сяброў, калегаў гэтых жанчын паспелі спалохацца, пачуўшы вестку пра гібель безназоўнай мянчанкі. Зрэшты, добра, я, здаецца, занадта шмат чаго ад чыноўнікаў патрабую – думаць, напрыклад. Больш не буду.

Ну добра, адны адскакалі, іншыя адплакалі. Але і пасля пахавання, пасля шклоўскай п'янкі нічога не змянілася. Ніхто з Драздоў так і не выказаў спачуванне сям'і Наталлі Максімчук. Можа, яны проста вельмі занятыя? За еўрапейскімі гульнямі – адразу 3 ліпеня, потым без пераходу – шклоўская аграпапойка, а варта было ёй скончыцца – ужо на наступны дзень "Славянскі базар" адкрываць час, Стаса Міхайлава сустракаць з хлебам-соллю. Калі жыццё – суцэльнае свята, няма калі думаць пра мёртвых.

Але ж Лукашэнку хлебам не кармі – дай толькі спачуванні каму-небудзь выказаць. Не таму, што ён жаллівы такі, а таму, што калі чалавек – сусветны аўтсайдар, то адзіным легальным спосабам кантактаваць з светам становяцца віншаванні і спачуванні. Не можа ён узяць і патэлефанаваць Трампу, да прыкладу. І прыехаць не зможа – не клічуць, не прымаюць, гоняць дрынам ад брамы. Затое калі раптам нейкая стральба або разня – можна паслаць тэлеграму са спачуваннямі. Нібыта і з Трампам пагутарыў.

Калі адкруціць стужку навінаў, можна сапраўды падумаць, быццам Лукашэнка жаллівы. 5 ліпеня, праз два дні пасля крывавага салюту, ён выказаў спачуванні Пуціну і сем'ям пацярпелых ад паводкі ў Іркуцкай вобласці. 31 траўня – прэзідэнту Карэі ў сувязі з гібеллю карэйскіх турыстаў у Вугоршчыне. 23 траўня – кіраўніку Малайзіі з нагоды смерці ягонага бацькі. 7 траўня – зноў Пуціну ў сувязі з крушэннем самалёта ў Шарамеццеве. 4 траўня – генеральнаму сакратару кампартыі В'етнама ў сувязі са смерцю ягонага папярэдніка ва ўзросце 99 гадоў. 26 красавіка – родным і блізкім Эліны Быстрыцкай. 25 красавіка – герцагу люксембургскаму ў сувязі са смерцю бацькі. 22 красавіка – лідару Шры-Ланкі пасля тэрактаў. 18 кастрычніка – прэзідэнту Нямеччыны ў сувязі з крушэннем аўтобуса з турыстамі на Мадэйры. 17 красавіка – прэзідэнту Францыі Макрону з нагоды пажару ў саборы Парыжскай Божай Маці. І так практычна кожны дзень. Падставаў у свеце хапае. Летась ён нават не паленаваўся выказаць спачуванні Валянціне Мацвіенцы ў сувязі са смерцю яе мужа. Шырокая душа, што і казаць. Смутку на ўсіх хапае. Акрамя беларусаў.

Дык няўжо дзесяцігоддзяў не хапіла, каб зразумець: для гэтай улады людзі – пыл, смецце, біямаса? Загінула Наталля Максімчук – ну і добра, затое якое багатае свята атрымалася! А следам – зноў святы, і так да самых «Дажынак». Заб'е яшчэ пару сотняў на тых святах – нічога страшнага, выканкам дапаможа з пахаваннем. Народу пакуль хапае, ды і бабы нараджаюць спраўна, так што няма чаго марнаваць час і грошы на тэхніку бяспекі і прафесіяналаў.

Адзіны спосаб не застацца гэтым смеццем і не стаць ахвярай – гэта не хадзіць на лукашэнкаўскія святы. Можна, вядома, на гэта запярэчыць: а як жа выбух у метро? Не толькі на лукашэнкаўскіх святах пакеты з сокам і салютныя зарады выбухаюць. Тэарэтычна так. Кожны жыхар планеты, выходзячы з дому, рызыкуе стаць ахвярай тэракту, катастрофы ці злачынства. І нават застаючыся дома, усё роўна рызыкуе. Але ісці з уласнага жадання на «святы» кшталту крывавага салюту 3 ліпеня – тое самае, што добраахвотна строем крочыць на гіцальню.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках