18 лiпеня 2019, Чацвер, 8:57
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Берасцейцы патролілі чыноўнікаў

15

Уладам давялося прыдумляць адмазку.

Зварот накіраваў у Берасцейскі гарвыканкам праваабаронца Раман Кісляк. Ён мяркуе, што гэта будзе ўнікальны арт-аб'ект для турыстаў, а берасцейцам дасць магчымасць пазбавіцца ад негатыву на бюракрата, піша «Салiдарнасць».

Раман Кісляк прапанаваў усталяваць кампазіцыю «Чыноўнік і чалавек» на вуліцы Гогаля ў Берасці. Ён адзначыў, што выраб і ўсталяванне арт-аб'екта будуць праведзеныя за кошт сродкаў берасцейцаў, якія падтрымалі гэтую ідэю.

Берасцейскі гарвыканкам не ўхваліў прапанову. У лісце ад 9 ліпеня за подпісам першага намесніка кіраўніка выканкама Краўчука адзначаецца, што на Літаратурных прысадах ліхтароў знаходзіцца значная колькасць скульптурных кампазіцый.

Паводле словаў чыноўніка, у Берасцейскі гарвыканкам паступаюць прапановы пра ўсталяванне новых арт-аб'ектаў на вуліцы Гогаля. Улады іх не падтрымліваюць, каб не перанасычаць яе скульптурнымі кампазіцыямі. Таму ўсталяванне скульптуры бюракрата чыноўнікі мяркуюць немэтазгодным.

Раман Кісляк не збіраецца адмаўляцца ад ідэі і рыхтуе новую прапанову ўладам – усталяваць арт-аб'ект на набярэжнай.

– Там шмат вольнага месца, – сказаў праваабаронца. – Яна не перанасычаная скульптурамі.

Вось як аўтар ідэі апісвае кампазіцыю: «З вушэй бюракрата будуць тырчаць коркі, што сімвалізуе нежаданне слухаць простага чалавека. Скульптура бюракрата будзе павернутая да іншых скульптураў дадзенай кампазіцыі спінай, што будзе сімвалізаваць махровы бюракратызм і адпаведнае стаўленне да людзей.

Скульптура бюракрата будзе без твару, каб выключыць выпадковае супадзенне з дзейнымі чыноўнікамі, бо вобраз бюракрата зборны. Над бюракратам будзе на штатыве ўзняты ліхтар у абрамленні надпісу «праблемы людзей» – гэта будзе сімвалізаваць, што бюракратам праблемы людзей «да ліхтара».

Насупраць скульптуры «бюракрата» з боку ягонай спіны будзе ўсталяваная лаўка, на якой у сядзячым становішчы будзе размешчаная скульптура маленькага чалавека, які сутыкнуўся з бюракратызмам. На лаўку змогуць прысесці людзі: жыхары горада Берасця і ягоныя госці, пасядзець і адчуць сябе побач з бюракратам».

Раман Кісляк упэўнены, што дзякуючы скульптурнай кампазіцыі знізіцца колькасць справаў у судах паводле артыкула «Абраза службовых асобаў»:

– Людзі змогуць «выліць» негатыўныя эмоцыі на «бюракрата». У арт-аб'екта будзе псіхатэрапеўтычны эфект.

Акрамя таго, мяркуе аўтар ідэі, скульптура павысіць турыстычную прывабнасць Берасця, паколькі ў Беларусі і ў суседніх краінах няма скульптурных кампазіцый на тэму бюракратызму.