Прэзідэнт Эстоніі: Аднаўленне Расеі ў ПАРЕ - гэта ганьба
25- 25.06.2019, 20:49
- 15,581
Керсці Кальюлайд раскрытыкавала пастанову Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд раскрытыкавала ў Twitter пастанову Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы аб аднаўленні правоў расейскай дэлегацыі ў асамблеі.
«Прынятая мінулай ноччу пастанова ПАРЕ - вярнуць Расею за стол перамоў з дапамогай працэдурных жэстаў - гэта ганьба», - напісала яна. Са слоў эстонскага лідара, не знікла «ні адна з прычын пазбаўлення Расеі голасу».
Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу таксама асудзіў аднаўленне расейскага мандата ў асамблеі. «Прадастаўленне Расеі месца ў ПАРЕ непрымальнае. Гэта не адпавядае прынцыпам і каштоўнасцям еўрапейскай бяспекі. Агрэсія на Украіне і ў Грузіі яшчэ працягваецца», - напісаў ён у Twitter.
У аўторак, 25 чэрвеня, ПАРЕ прагаласавала за вяртанне Расеі да паўнавартаснай працы ў арганізацыі. Рэзалюцыю падтрымалі 118 дэпутатаў, 62 прагаласавалі супраць, 10 устрымаліся.
Дэлегацыя Расеі ў ПАРЕ была пазбаўленая права галасаваць і ўваходзіць у склад кіруючых органаў арганізацыі з красавіка 2014 года. Прычынай забароны стала акупацыя Крыма і вайна на паўднёвым усходзе Украіны.