27 красавiка 2024, Субота, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь жыве ў «зоне без часу» ўжо чвэрць стагоддзя

2
Беларусь жыве ў «зоне без часу» ўжо чвэрць стагоддзя

А ў Нарвегіі такую стварыць толькі хочуць.

Як вядома, шчаслівыя гадзінаў не назіраюць. Але ёсць людзі, якія не назіраюць гадзінаў незалежна ад таго, шчаслівыя яны ці не. Больш за тое, менавіта дазвол не назіраць гэтыя самыя гадзіны можа стаць для іх гарантам шчасця. Ну, ці прынамсі спакойнага жыцця, піша «Салiдарнасць».

Тым, хто жыве ў Паўночнай Нарвегіі, не выпадае казаць пра час класціся спаць, час прачынацца або любы іншы час увогуле: улетку сонца тут свеціць кругласуткава цэлых 69 дзён, і ніхто нават і не глядзіць на стрэлкі гадзіннікаў. Незаходнае свяціла зводзіць да мінімуму значнасць гадзінных паказанняў, таму жыхары нарвежскай выспы Самарэй (што ў перакладзе, дарэчы, азначае Летні востраў) хочуць стварыць «зону без часу».

ВЫСПА САМАРЭЙ МОЖА СТАЦЬ ПЕРШЫМ У СВЕЦЕ «МЕСЦАМ БЕЗ ЧАСУ»

Палярны дзень на востраве доўжыцца з 18 траўня да 26 ліпеня, і мясцовыя жыхары хацелі б адмовіцца ад традыцыйнай структурызацыі сутак – каб быць больш гнуткімі ў планаванні працы, вучобы і адпачынку. Перажыўшы доўгую палярную ноч з лістапада да студзеня, калі сонца не ўстае, яны максімальна выкарыстоўваюць летнія месяцы, не звяртаючы ўвагі на хранометры.

Грэбаванне традыцыйным часам дазволіла б людзям на востраве – асабліва студэнтам, працадаўцам і працоўным – максімальна выкарыстоўваць каштоўныя светлыя месяцы, калі доўжыцца доўгі палярны дзень. У жыццё без часу выдатна ўпісваецца і традыцыйны промысел астраўлянаў – марская рыбалка. Мясцовыя рыбаловы праводзяць у адкрытым моры ледзь не круглыя суткі, зусім не звяртаючы ўвагі на стрэлкі гадзіннікаў, так што дамачадцы ніколі не ведаюць, калі чакаць іх дадому.

Ідэю адмовіцца ад часу падаў мясцовы жыхар К’ель Увэ Хведынг:

– Гэта крыху па-вар'яцку, але разам з тым досыць сур'ёзна. Ідэя ў тым, каб расслабіцца. Я бачыў людзей, якія пакутуюць ад стрэсу, таму што час на іх цісне. Улетку ў нас увесь час дзённае святло, і мы жывем адпаведна гэтаму. Напрыклад, а другой гадзіне ночы вы можаце ўбачыць, як дзеці гуляюць у футбол, дарослыя фарбуюць дамы або косяць газоны, а падлеткі ідуць купацца.

Нядаўна на чарговым гарадскім сходзе мясцовыя актывісты, натхнёныя Хведынгам, склалі петыцыю пра стварэнне «свабоднай ад часу зоны». Пасля таго як пад ёй падпісаліся дзясяткі жыхароў Самарэя (усяго на востраве блізу 350 чалавек), Хведынг сустрэўся з дэпутатам нарвежскага парламента Кентам Гудмундсэнам і ўручыў яму заяву з подпісамі.

К’ЕЛЬ УВЭ ХВЕДЫНГ (ЗЛЕВА) ПЕРАДАЕ ПЕТЫЦЫЮ АСТРАЎЛЯНАЎ ПРАДСТАЎНІКУ НАРВЕЖСКАГА ПАРЛАМЕНТА КЕНТУ ГУДМУНДСЭНУ

Жыхары выспы адчуваюць з гэтай нагоды велізарны энтузіязм, і яго з імі падзяляе ўся Нарвегія. Відэа ў падтрымку ідэі Хведынга набрала вялікую колькасць праглядаў. А на парэнчы моста, які вядзе да Самарэя, людзі пачалі вешаць гадзіннікі – так яны паказваюць, што забываюцца пра час.

Калі ўрад краіны ўхваліць петыцыю астраўлянаў, іх чакаюць сур'ёзныя перамены: афіцыйных гадзінаў працы не стане, як, уласна, і дэдлайнаў або іншых фармальнасцяў, якiя вызначаюцца дакладным момантам часу.

– Для многіх з нас падпісанне гэтага дакумента будзе азначаць фармальнае прызнанне нашага ладу жыцця цягам многіх пакаленняў, жыцця па-за часам, – тлумачыць Хведынг.

Ён упэўнены, што жыццё без часу прынясе людзям на востраве толькі карысць: «Калі Самарэй афіцыйна прызнаюць “зонай без часу”, для нас гэта стане важнай вяхой, хоць і трохі пацешнай. Мы будзем яшчэ больш шчаслівымі! А яшчэ гэта прывабіць сюды тых, хто стаміўся ад стрэсу і хоча хай ненадоўга, але забыцца пра час».

А што ў нас?

Чвэрць стагоддзя таму над нашым «лапікам зямлі» ўзышло сонца жэстачайшэй стабільнасці, і «лапік» гэты цяпер дасць фору любому Самарэю.

Калі б нехта нейкім цудам заснуў 25 гадоў таму, а потым прачынаўся толькі раз на год, у яго ўзнікла б адчуванне, што час у Беларусі спыніўся: адзін і той прамоўца ля стырна, адны і тыя бадзёрыя рапарты па ТБ, адно і тое блуканне з пісанай торбай саўковых замашак, адна і тая туга на тварах простых людзей.

Хіба што гадзінічкі на якім-небудзь мастку па дарозе ў Дразды пакуль што ніхто не вывешвае – ну дык гэта справа часу, які ўсё роўна стаіць як укапаны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках