У ЗША я казала пра крытычную сітуацыю з незалежнымі медыямі
10- Наталля Радзіна
- 13.06.2019, 11:11
- 59,973
Толькі разам мы зможам выстаяць.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна наведала Злучаныя Штаты Амерыкі. У Вашынгтоне і Нью-Ёрку журналістка сустрэлася з прадстаўнікамі Дзяржаўнага Дэпартамента ЗША, Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці, Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута, амерыканскага ПЭН-цэнтра, кампаніі Google, фондаў у падтрымку дэмакратыі і журналісцкіх аб'яднанняў.
Галоўная тэма, якая абмяркоўвалася на сустрэчах, сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі, кажа Наталля Радзіна:
- Найперш, я хацела данесці да амерыканскіх уладаў і грамадзянскай супольнасці краіны інфармацыю пра тое, што адбываецца з незалежнай журналістыкай у Беларусі. На жаль, сітуацыя ў Беларусі выпала з цэнтра ўвагі заходняй супольнасці і там мала ведаюць пра тое, што рэжым Лукашэнкі далей знішчае рэшткі свабоды слова ў краіне. Акрамя блакавання вядучага незалежнага сайта Charter97.org працягваецца пераслед рэдакцый незалежных медый унутры краіны, распачынаюцца надуманыя крымінальныя справы, праходзяць ператрусы, незаконная вярбоўка журналістаў спецслужбамі, крымінальны пераслед відэаблогераў Сцяпана Святлова, Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна, Андрэя Павука; за допісы ў сацыяльных сетках людзей арыштоўваюць на тэрміны ад 15 дзён да некалькіх гадоў абмежавання волі; робяць больш жорсткім і без таго рэпрэсіўны Закон аб СМІ, які ставіць незалежныя СМІ ў поўную залежнасць ад улады.
Таксама я заклікала павялічыць падтрымку беларускім незалежным медыям, якія працуюць як унутры краіны, так і за мяжой. Апошнія гады гэтая падтрымка стала скарачацца, многія медыі ледзь выжываюць і знаходзяцца за мяжы закрыцця. Галоўным чынам сёння трэба падтрымаць аперацыйную дзейнасць рэдакцый, у той час як многія фонды выконваюць толькі адукацыйную альбо праектную падтрымку.
Сітуацыя з сайтам Charter97.org з'яўляецца прыкладам, які цалкам характарызуе становішча ўсіх беларускіх незалежных медый. Сёння мы пазбаўленыя падтрымкі з боку ўрада Польшчы, які ў 2011 годзе пасля рэпрэсій, якія абрынуліся на сайт, запрасіў рэдакцыю працаваць у Варшаву. Сайт пакуль выжывае толькі дзякуючы падтрымцы чытачоў і некалькіх фондаў, якія ў цяжкі час працягнулі руку дапамогі. Аднак фінансаванне настолькі абмежаванае, што дае нам люфт для працы на некалькі месяцаў. У такой сітуацыі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву і развіццё медыя проста немагчыма.
У той жа час Беларусь сёння знаходзіцца пад масаванай атакай расейскіх СМІ, якія атрымліваюць велізарныя грошы з бюджэту суседняй дзяржавы. Краіна знаходзіцца за адзін крок ад анэксіі. Роля незалежных медый у абароне суверэнітэту Беларусі ключавая. Мы сёння павінны выходзіць на больш шырокую аўдыторыю, працаваць з людзьмі, тлумачыць пагрозу, якая зыходзіць з усходу, а без падтрымкі заходняй супольнасці гэта зрабіць вельмі складана.
Я хацела б падзякаваць нашым чытачам за падтрымку ў гэты цяжкі час. Сітуацыя застаецца крытычнай, праца сайта па-ранейшаму пад пагрозай. Нам вельмі патрэбна вашая дапамога. Толькі разам мы зможам выстаяць.
У рамках візіту ў Вашынгтон Наталля Радзіна таксама сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
- Радуе, што за мяжой ёсць ядро з актыўных беларусаў, якія сёння не сядзяць склаўшы рукі, не займаюцца добраўпарадкаваннем толькі свайго ўласнага жыцця, а актыўна дзейнічаюць: праводзяць акцыі салідарнасці з суайчыннікамі, інфармуюць амерыканскіх палітыкаў аб тым, што адбываецца, шчыра хвалююцца праз тое, што адбываецца на радзіме і гатовыя дапамагаць, - сказала галоўная рэдактарка Charter97.org.