4 траўня 2024, Субота, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеец, які жыве ў Беларусі 26 гадоў, аспрэчвае праз суд пастанову пра высылку

3
Расеец, які жыве ў Беларусі 26 гадоў, аспрэчвае праз суд пастанову пра высылку
УЛАДЗІМІР ТРАЎТЭР (У ЦЭНТРЫ)

Юрыдычную дапамогу яму надае Леанід Судаленка.

У судзе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці адбылося папярэдняе пасяджэнне паводле грамадзянскай справы 38-гадовага Уладзіміра Траўтэра, піша «Гомельская весна».

Ён грамадзянін Расеі, але ўжо 26 гадоў жыве ў Беларусі, у вёсцы Губічах Буда-Кашалёўскага раёна. Траўтэр жанаты, мае непаўналетняга сына, сталую працу, вялікую падсобную гаспадарку.

Аддзяленне грамадзянства і міграцыі Буда-Кашалёўскага РАУС прыняло пастанову аб высылцы грамадзяніна Расеі з Беларусі з забаронай уезду на пяць гадоў праз учыненне ім адміністрацыйнага правапарушэння. У лютым 2019 года Траўтэр трапіўся супрацоўнікам ДАІ за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Яшчэ адно правапарушэнне, якое яму прыпісваецца, - размова па мабільным тэлефоне падчас руху.

«Я быў пакараны. Мяне пазбавілі пасведчання на тры гады, я адразу ж выплаціў вялікі штраф. Я раскайваюся і прашу, каб мяне пакінулі з сям'ёй у Беларусі», - заявіў вясковец.

«Мне няма куды ехаць! Я з 1993 года жыву ў Беларусі. Тут у мяне сям'я, праца, крэдыты, старыя хворыя бацькі. У мяне няма нікога і нічога ў Расеі», - падкрэсліў жыхар Буда-Кашалёўскага раёна.

За яго ўступілася кіраўніцтва КСУП «Губічы», дзе Траўтэр працуе жывёлаводам. Хадайніцтва аб тым, каб расейца пакінулі ў Беларусі, падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічаў. 11 чэрвеня на суд падтрымаць Траўтэра прыйшлі ягоныя сваякі, аднавяскоўцы, калегі і сябры. Мужчына просіць суд скасаваць прысуд міліцыі аб ягонай высылцы. Юрыдычную дапамогу яму надае прававы інспектар незалежнага прафзвязу РЭП Леанід Судаленка. Ён жа прадстаўляе інтарэсы Траўтэра ў судзе.

Скаргу на пастанову РАУС разглядае суддзя Святлана Лупічэнка. Інтарэсы РАУС ўяўляе супрацоўніца аддзялення грамадзянства і міграцыі Вікторыя Васіленка. На пасяджэнні Траўтэр яшчэ раз паўтарыў, што яму няма куды ехаць у Расею - у Беларусі ў яго сям'я, сястра, хворая маці, праца, дом і крэдыты.

Прадстаўніца РАУС не прызнала скаргу абгрунтаванай. Васіленка мяркуе, што замежныя грамадзяне павінны «няўхільна выконваць заканадаўства», а выпадак з кіраваннем аўтамабілем у нецвярозым стане яна назвала «абуральным». Яна паказала, што гэтае правапарушэнне было наўмысным, а Траўтэр і раней парушаў закон - да прыкладу, ездзіў на возе без катафотаы, выкінуў смецце ў неналежным месцы.

Прававы інспектар Леанід Судаленка нагадаў, што Канстытуцыя ўраўноўвае ў правах і абавязках як грамадзян Беларусі, так і замежнікаў, якія маюць від на жыхарства. Але закон аб прававым становішчы замежных грамадзян, якія пражываюць у Беларусі, дапускае высылку нават за адно правапарушэнне, такое, як кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

«Але гэта правапарушэнне не пацягнула цяжкіх наступстваў. Чалавек раскаяўся, прызнае сваю віну - дайце яму шанец выправіцца. Калі закон перашкаджае жыць людзям - трэба мяняць закон, а не даводзіць людзей да такога стану, калі яны не спраўляюцца самастойна з гэтай праблемай», - пракаментаваў Судаленка. Ён нагадаў, што з пачатку года ў Гомельскай вобласці трое грамадзян Расеі скончылі жыццё самагубствам праз высылку за правапарушэнні. Адзін з іх жыў у Буда-Кашалёўскім раёне, меў тут сям'ю, сіротамі засталіся 6 дзяцей. У перадсмяротнай запісцы ён паказаў прычынай самагубства высылку. «Хто будзе ў выйгрышы ад высылкі Траўтэра? Калі міліцэйскае начальства кажа, што такім чынам яно наводзіць парадак - гэта яны наводзяць беспарадак і сеюць нянавісць у грамадзянскай супольнасці да міліцыі», - заўважыў праваабаронца.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 21 чэрвеня.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках