29 красавiка 2024, панядзелак, 14:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Славутасці Кіева: топ -10 цікавых месцаў

7
Славутасці Кіева: топ -10 цікавых месцаў

Куды пайсці і што паглядзець беларусу ў сталіцы Украіны.

Што цікавага, пазнавальнага і займальнага тоіць у сабе Кіеў? Якія славутасці абавязкова варта наведаць, калі вы ненадоўга прыехалі ў сталіцу Украіны, і ў вас у запасе пару гадзін на шпацыр? Як правесці іх з карысцю і задавальненнем, каб вам захацелася вяртацца сюды зноў і зноў? Чытайце агляд найлепшых славутасцяў Кіева, купляйце карту, складайце маршрут, бярыце з сабой фотаапарат і прыемна баўце час, піша «Сегодня».

Майдан Незалежнасці

Пачнем з самага цэнтра сталіцы. Галоўная плошча Кіева на Хрэшчаціку - адное з самых папулярных месцаў для шпацыру, адпачынку, сустрэч і спатканняў. Нават не верыцца, што калісьці тут было Казінае балота. Увесь Майдан - гэта сход цікавых архітэктурных і мастацкіх аб'ектаў-помнікаў, скульптур, фантанаў. Тут знаходзяцца стэла з Берагіняй, якая сімвалізуе незалежнасць Украіны, помнік Архангелу Міхаілу, скульптура закаханых ліхтароў, найбуйнейшы гандлёвы цэнтр і г.д., а летам на Майдане можна палюбавацца светлавым шоў «фантанаў-танцораў». З Майдана прамянямі ў розныя бакі разыходзіцца мноства вуліц.

Сафія Кіеўская

Недалёка ад Майдана Незалежнасці на Сафійскай плошчы стаіць аднайменны Сафійскі сабор, адзін з найстарэйшых у горадзе. У ім бываў сам Яраслаў Мудры. У Кіеве існуе павер'е: пакуль стаіць Сафія - горад перажыве ўсялякія непрыемнасці. Гэты храм з самай старажытнасці ўважаўся за шэдэўр архітэктуры, дзівячы сваёй велічнасцю і ўбраннем. На яго тэрыторыі ёсць некалькі музеяў і прыгожы парк. А акурат насупраць Сафіі размешчаны яшчэ адзін цікавы гістарычны аб'ект - помнік Богдану Хмяльніцкаму.

Андрэеўская царква

Размешчаная гэтая велічная прыгажуня на легендарнай вуліцы Кіева – Андрэеўскім спуску, які злучае верхнюю і ніжнюю частку горада. Гэта выдатны помнік архітэктуры і рэлігіі, пабудаваны ў стылі барока паводле праекту архітэктара Барталамеа Растрэлі ў 1754 годзе. Дарэчы, тут адбываліся падзеі фільма «За двома зайцями», а побач з касцёлам знаходзіцца помнік героям – Фросі Пракопаўне і Свірыду Пятровічу. Ды і ўвесь Андрэеўскі спуск таксама заслугоўвае ўвагі.

Пейзажная алея

Зусім недалёка ад Андрэеўскай царквы пачынаецца Пейзажная алея - адзін з казачных сквераў сталіцы, дзе сабраны скульптуры самых дзіўных, смешных, а часам і дзівосных істот, вырабленых ўмелымі і не вельмі рукамі мясцовых мастакоў. Тут і Котка-сараканожка, і Маленькі прынц, і Зайцы, і Зебры і яшчэ мноства усякага дабра, ўпадабанага кіянамі ды гасцямі сталіцы. Добрае месца для сэлфі і агляду наваколля Кіева.

Помнік Уладзіміру Вялікаму

Высока над Кіевам на схіле Уладзімірскай гары ўзвышаецца велізарная статуя князя Уладзіміра Хрысціцеля работа Пятра Клод, Васіля Дземут-Маліноўскага і Канстанціна Тона. Гэта адзін з галоўных сімвалаў Кіева, дзякуючы якому парк атрымаў сваю назву. Менавіта да помніка Уладзіміру сыходзяцца ўсе прыступкі і алеі Уладзімірскай горкі. А з панарамнай пляцоўкі адкрываецца шыкоўны від на ўвесь Левабярэжны Кіеў.

Помнік Заснавальнікам Кіева

Легендарныя заснавальнікі Кіева, вялікія князі Харыў, Кій, Шчэк і сястра Лыбедзь, увекавечаныя ў каменным маналіце ў 1982 годзе скульптарам Васілём Барадаем на маляўнічым беразе Дняпра. Тут вельмі любяць бываць маладыя, якія вераць у прыгожую легенду: калі закінуць у ладдзю вясельны букет, стоячы спінай да манумента - шлюб будзе моцным і шчаслівым.

Кіеўскі фунікулёр

Электрычная канатная чыгунка ці фунікулёр, працягласцю больш за 200 метраў, злучае дзве часткі горада: Паштовую плошчу на Падоле з верхняй тэрасай Уладзімірскай горкі ў Верхнім горадзе. Усяго за 3 хвіліны вы перамесціцеся з адной часткі горада ў іншую, пры гэтым адкрываецца цікавы від з акна фунікулёра. Агульны перапад вышынь складае 75 метраў, а вагоны рухаюцца пад ухілам 20 градусаў.

Мікалаеўскі касцёл

Найпрыгажэйшы велічны старадаўні будынак Рымска-каталіцкага касцёла Святога Мікалая размешчаны на вуліцы Вялікай Васількоўскай. Адзін з твораў вядомага польскага архітэктара Уладзіслава Гарадзецкага. З 1980 года касцёл выкарыстоўваецца ў якасці Дома арганнай і камернай музыкі, так што аматары класікі могуць атрымаць падвойнае задавальненне - і ад сузірання архітэктуры, і ад праслухоўвання сапраўднага жывога органа.

Радзіма-маці

Аматараў манументалізму і свежага паветра абавязкова ўразіць велізарная велічная стометровая скульптура, размешчаная на правым беразе Дняпра на тэрыторыі Музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне. На момант адкрыцця ў 80-х гадах мінулага стагоддзя сталёвая скульптура такіх памераў выраблялася ўпершыню ў СССР. Яе аўтарамі сталі скульптары Васіль Барадай і Яўген Вучэціч.

Музей пад адкрытым небам Пірагова

Утульнае, каларытнае аўтэнтычнае мястэчка, якое раскінулася на тэрыторыі звыш 150 гектараў на паўднёвым захадзе ад Кіева. Пірагова - гэта музей Украінскай народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, а таксама самы вялікі запаведны комплекс ва Усходняй Еўропе. Тут асаблівая атмасфера, мноства старых дамкоў, млыны, драўляныя цэрквы, кузня ды іншыя ўзоры драўлянага дойлідства і побыту XVI-IXX стагоддзяў. Экспанаты для музея звозіліся з ўсёй тэрыторыі краіны. Сюды можна збегчы ад шуму і мітусні сталіцы, пабадзяцца па шматлікіх месцах, якія адлюстроўваюць збой усяго шматграннага ўкраінскага каларыту ў адным месцы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках