4 траўня 2024, Субота, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна папярэдзіла РФ пра ўвядзенне гамбургскіх санкцый

8
Украіна папярэдзіла РФ пра ўвядзенне гамбургскіх санкцый

Расея павінна цягам месяца вызваліць украінскія караблі і маракоў, захопленых у Керчанскім праліве.

Украіна будзе ініцыяваць увядзенне новых санкцый супраць Расеі, калі краіна-агрэсарка адмовіцца выканаць пастанову Міжнароднага трыбуналу ў марскім праве і вызваліць украінскія караблі і маракоў, паведаміў у каментары "Укрінфарм" амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік. Пра гэта піша zn.ua.

"Украіна атрымала пераканальную дыпламатычную перамогу і магутны дадатковы міжнародна-прававой козыр, каб дамагчыся найхутчэйшага вызвалення нашых маракоў... Калі ж Масква надумае ігнараваць гэтую пастанову, то мы будзем прасоўваць ідэю ўвядзення новых гамбургскіх санкцый у дачыненні да Расеі", – паабяцаў ён.

Дыпламат таксама заклікаў урад Нямеччыны і кіраўніка МЗС Хайка Мааса патрабаваць ад Крамля неадкладнага выканання пастановы Міжнароднага марскога трыбуналу: вызвалення 24 ваеннапалонных украінскіх маракоў, трох караблёў ВМС Украіны і забеспячэння ўмоваў для іхняга вяртання.

Нагадаем, 25 траўня Міжнародны трыбунал ААН у марскім праве вынес пастанову, якой абавязаў РФ вызваліць два катары, рэйдавы буксір ВМС Украіны і 24 украінскіх маракоў, захопленых у раёне Керчанскага праліва ў лістападзе 2018 года. Пастанову падтрымалі 19 суддзяў, расейскі суддзя галасаваў "супраць".

Цяпер Расея цягам месяца павінна закрыць незаконна пачатыя крымінальныя справы і адпусціць украінскіх маракоў, забяспечыўшы ўмовы для вяртання ваеннапалонных і караблёў ва Украіну. Выкананне пастановы з'яўляецца абавязковым. Справу аб імунітэтах караблёў і маракоў ВМСУ ў сутнасці будзе разглядаць асобны арбітраж.

У расейскім МЗС заявілі, што захоп украінскіх караблёў і маракоў нібыта не ўваходзіць у юрысдыкцыю міжнароднага арбітражу. Тым не менш інцыдэнт у Керчанскім праліве з'яўляецца грубым парушэннем імунітэту, якім карыстаюцца ваенныя караблі ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН у марскім праве.

У сваю чаргу новаабраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў выкананне краінай-агрэсаркай пастановы трыбуналу ААН "першым сігналам пра рэальную гатоўнасць да спынення канфлікту з Украінай".

Спецпрадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер таксама заклікаў РФ выканаць патрабаванне Міжнароднага трыбуналу ААН у марскім праве і вызваліць украінскіх маракоў.

25 лістапада 2018 года расейскія спецназаўцы атакавалі і захапілі два катары і рэйдавы буксір ВМС Украіны, якія накіроўваліся з Адэсы ў Марыупаль. Раненні атрымалі некалькі маракоў, у палон трапілі 24 украінскія вайскоўцы.

Украіна паказала на незаконнасць захопу караблёў і "судоў" над маракамі, падкрэсліўшы, што пераход у Марыупаль ажыццяўляўся ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Пазіцыю краіны падзяляюць заходнія партнёры, уключаючы дзяржавы "Вялікай сямёркі".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках