З офіса «Белсата» следчыя канфіскавалі пяць кампутараў
10- 9.04.2019, 15:50
- 14,067
Забралі ўсе носьбіты інфармацыі.
Сёння ў адзін з менскіх офісаў тэлеканала «Белсат» прыйшлі міліцыянты, ад 08:50 яны праводзілі ператрус. Следчы камітэт растлумачыў: гэта следчыя дзеянні паводле справы за «паклёп», паведамляе «Радыё Свабода».
А 13 гадзіне з офіса «Белсата» выйшлі супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта. Разам з імі з'явіўся і супрацоўнік тэлеканала Мікалай Дзябела, які прысутнічаў падчас ператрусу.
«Ніякага абвінавачвання супраць мяне няма, я быў як прысутны падчас ператрусу. Следчы забараніў выдаваць, на падставе якога артыкула вядуцца дзеянні. Але ператрус паводле крымінальнай справы», - паведаміў Дзябела.
Пасля гэтага журналісты змаглі падняцца ў памяшканне, дзе ўбачылі поўны хаос - ва ўсіх памяшканнях раскіданыя скрыні і асабістыя рэчы.
Падчас ператрусу забралі два сістэмныя блокіа, тры ноўтбукі, а таксама ўсе носьбіты інфармацыі.
Яму не патлумачылі, чаму ператрус праведзены менавіта ў гэты час - ён не выключае, што гэта звязанае з палітычнымі кампаніямі, якія чакаюцца ў агляднай будучыні.
Дзябела распавёў, што ў пачатку 9-й гадзіны ў дамафон патэлефанавала жанчына, якая сказала, што хоча праверыць наяўнасць гарачай вады. Яшчэ праз нейкі час пастукалі і сказалі, што прыйшлі са Следчага камітэта.
Калі ён адмовіўся іх пусціць у кватэру, пачуліся гукі пілы - «балгаркі». Каб не псаваць маёмасць гаспадара, Дзябела вымушаны быў адчыніць дзверы. Адразу ж пачаўся ператрус.
Цяпер мэнэджар мае намер пракансультавацца з юрыстамі, якую інфармацыю можна агучваць, каб не нашкодзіць сабе і калегам.