У Менску прайшоў малебен на плошчы Свабоды (відэа, онлайн)
62- 7.04.2019, 12:06
- 119,864
У набажэнстве ўзялі ўдзел больш за 1000 чалавек.
Сёння ў Менску на плошчы Свабоды каля Менскай Свята-Духавай Катэдры і Катэдральнага Каталіцкага Касцёла прайшлі набажэнствы за Беларусь.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знеслі крыжы па перыметры Курапатаў - месцы пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Актывісты паведамляюць, што былі знесеныя і вывезеныя блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, бачнымі з дарогі.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на набажэнства 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды каля Менскай Свята-Духавай Катэдры (праваслаўнай). Напярэдадні акцыі палітык быў арыштаваны. Прэвентыўна быў таксама затрыманы лідар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.
Сайт Charter97.org праводзіў онлайн-трансляцыю акцыі. Відэа - «Радыё Свабода».
13-05
Онлайн-трансляцыя скончаная. Дзякуй, што былі з намі.
12-59
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель падзякаваў усім, хто ўзяў удзел у набажэнстве. З ягоных слоў, Курапаты - адзін з важных сімвалаў Беларусі, і яны аб'ядноўваюць людзей. «Здзіўляе пазіцыя часткі незалежных СМІ, якія не давалі інфармацыю аб набажэнстве, спадзяюся, гэта не паўторыцца, і яны будуць памятаць пра салідарнасць», - сказаў палітык.
12-55
Айцец Леанід блаславіў удзельнікаў набажэнства.
12-54
Гучыць малітва «Ойча наш».
12-52
Людзі з крыжамі, абразамі і свечкамі прыйшлі да Каталіцкай Катэдры. Некаторыя ўдзельнікі набажэнства трымаюць у руках Канстытуцыю і нацыянальныя сцягі.
12-50
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным здымаюць на відэа людзей, якія ідуць да касцёла.
12-47
Людзі маюць намер пайсці таксама да Каталіцкай Катэдры, каб і там памаліцца за Курапаты і за Беларусь.
12-45
Актывіст Алесь Абрамовіч заявіў, што лукашэнкаўская ўлада, якая адраклася ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, становіцца ўсё больш бязбожнай і «паскуднай». Падзеі ў Курапатах сталі апошняй кропляй. Прыйшоў час заклікаць да новага крыжовага паходу супраць гэтай улады, мяркуе ён.
12-40
Айцец Леанід Акаловіч, настаяцель БАПЦ, назваў дзеянні ўлады ў Курапатах «смяротным грахом». З ягоных слоў, яны будуць «гарэць у пекле», калі не адновяць крыжы.
12-35
На плошчы Свабоды зачыталі зварот лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча, якога арыштавалі перад малебнам:
- Мы раз'яднаныя. Таму падступны верхавод робіць з намі, што яму заўгодна.
Мы супакойваем сябе, калі працаўнікам плацяць жабрацкія грошы, на якія немагчыма пражыць - нам жа плацяць больш.
Калі падвышаюць пенсійны ўзрост і амаль не падвышаюць жабрацкія пенсіі - нам жа яшчэ далёка да пенсійнага ўзросту.
Калі абкладваюць паборамі беспрацоўных - у нас жа ёсць афіцыйная праца.
Калі адымаюць дзяцей з бедных шматдзетных сем'яў (а большасць шматдзетных становяцца беднымі) - у нас жа няма столькі дзяцей.
Калі «праваахоўнікі» здзекуюцца з патрапілых у іх рукі - нас жа яшчэ не чапалі.
Калі падчас Крыжапаклоннага тыдня Вялікага посту падступны кіраўнік, які (вы заўважылі?) ніколі не хрысціцца ў храмах, апаганьвае галоўны сімвал хрысціянскай веры - мы ж не ходзім у царкву.
Ніхто іншы не прынясе нам вызваленне ад злачынцы ва ўладзе, не падорыць нам годнага жыцця - ні Пуцін, ні NATO. Нам давядзецца развязваць гэтае пытанне самім. А для пачатку трэба зразумець - мы адзіны народ. І бяда ў нас агульная - мы трапілі пад уладу злога.
Усе мы браты і сёстры ў гэтай агульнай бядзе. Боль і прыніжэнне кожнага - гэта ўсеагульны боль. І апаганьванне хрысціянскага крыжа - гэта абраза ўсяго нашага народа, нашай памяці, нашых продкаў. Гэта абраза кожнага з нас.
Сёння я прапаную супольную малітву за збавенне ад злога.
Хто не ведае: «..збаў нас ад злога» - гэта заканчэнне Хрыстовай малітвы «Ойча наш».
Калі нас збярэцца дастаткова, малітва абавязкова дапаможа.
Мы - адзін народ. Толькі разам мы зможам вярнуць сабе свабоду і годнасць.
Слава Ісусу Хрысту!
Жыве Беларусь!
12-32
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў беларусаў кожную нядзелю выходзіць да храмаў сваіх гарадоў і маліцца за тое, каб спыніліся варварскія, злачынныя дзеянні ўладаў у Курапатах і маліцца за Беларусь.
12-29
Малітва прадаўжаецца. Айцец Вікенцій паміж малітвамі сказаў, што малітвы накіраваныя на тое, каб абараніць хрысціянскія сімвалы ў Беларусі, вандалізм уладаў у Курапатах абурыў многіх людзей.
12-28
Да вернікаў падышоў супрацоўнік міліцыі і заявіў, што малебен — «несанкцыянаваная акцыя». Людзі заявілі, што для правядзення малітвы дазволу не патрабуецца.
12-24
Паводле звестак «Радыё Свабода», у набажэнстве ўдзельнічаюць больш за 1000 чалавек.
12-22
Айцец Вікенцій з Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы чытае малітву Святога Духа.
12-20
Колькасць людзей каля храма павялічваецца. Людзі трымаюць у руках абразы і моляцца.
12-18
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заявіў, што людзі прыйшлі маліцца за Беларусь, ён асудзіў акт вандалізму, учынены ў Курапатах, і заклікаў змагацца за мемарыял.
12-15
Трансляцыя набажэнства са Свята-Духава Сабора ідзе на плошчу перад храмам. Там сабралася ўжо некалькі сотняў чалавек.
12-12
Прыйшла жонка лідара БНК Мікалая Статкевіча. Марына Адамовіч паведаміла, што Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на малебен.
12-10
Людзі прымацавалі да адзення белыя крыжы з паперы. Мянчук Сяргей Тарасенка ў інтэрв'ю журналістам сказаў, што крыжы сімвалізуюць, што людзі будуць стаяць за Курапаты і не дазволяць разбураць мемарыял.
12-06
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў падняў бел-чырвона-белы сцяг. Іншыя актывісты прынеслі сцягі Менска з Багародзіцай. Частка людзей прыйшлі з крыжамі.
12-05
На плошчы Свабоды перад Менскім Свята-Духавым Саборам збіраюцца людзі. Сярод прысутных — адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў.