29 красавiка 2024, панядзелак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Няўжо «дармаеды» так напалохалі Лукашэнку?

62
Няўжо «дармаеды» так напалохалі Лукашэнку?

Што адбываецца ў буйным прамысловым горадзе пасля візіту дыктатара.

Жыхары Баранавічаў атрымалі першыя «дармаедскія» рахункі. У паведамленнях аб новых тарыфах на паслугі ЖКГ гараджан здзівілі дзве лічбы. Па-першае, плата за «камуналку» для «дармаедаў» вырасла нашмат больш, чым яны чакалі. Па-другое, уразіла сама колькасць грамадзян, уключаных у «базу дармаедаў», якія атрымалі пацяжэлыя рахункі.

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да грамадскага актывіста і прадпрымальніка з Баранавічаў Мікалая Чарнавуса.

- «Камуналка» за аднапакаёўку ў Баранавічах вырасла ў 2,5 разы, а плата за падагрэў вады – адразу ў 10 разоў (з 5,8 да 58 рублёў). Як вы пракаментуеце гэтыя лічбы?

- Напэўна, наш горад нейкі «асаблівы» (смяецца). А калі сур'ёзна - наступствы гэтага падвышэння мы яшчэ пачуем. Пакуль гэтая тэма не стала цэнтральнай у жыхароў нашага горада. Бо рынак - гэта «вушы», барометр настрояў у грамадстве. Лукашэнку, калі ў яго выстарчыць адвагі, трэба было б хадзіць па рынках і слухаць, што пра яго палітыку кажуць людзі.

Што тычыцца сумаў у рахунках, то яны і так былі «касмічнымі». Напрыклад, я, будучы ІП, гэта значыць, не трапляючы пад дзеянне Дэкрэта аб «дармаедах» і пражываючы ў прыватным сектары, дзе мінімум камунальных паслуг, заплаціў за прыватны дом 250 рублёў. Ведаеце, не ўсюды цяпер у рэгіёнах такі заробак. А калі, як вы сказалі, для «дармаеда» «камуналка» вырасце ў 2,5 разы, то атрымаецца, што яму трэба 520 рублёў плаціць? Не кожная сям'я столькі на дваіх цяпер зарабляе!

Думаю, абурэння адразу не было таму, што ўлады баяліся і доўга цягнулі з «дармаедскім тарыфам». Людзі чакалі яго з новага года і стараліся да гадзіны «Х» зарабіць больш. Таму калі новыя рахункі прыйшлі, большасць «дармаедаў» апынуліся на заробках у Польшчы ці ў Расеі. Магчыма, многія яшчэ і не ведаюць, што ім дзяржава налічыла за ЖКГ. Інакш я б на рынку пачуў даволі ажыўленую рэакцыю.

Зрэшты, мяркуючы з таго, як людзі рэагавалі на нядаўні прыезд Лукашэнкі ў Баранавічы, яму не толькі «дармаедаў» гатовыя ўзгадаць…

- І як рэагавалі ў Баранавічах на прыезд Лукашэнкі?

- Пляваліся і лаяліся...бо горад перавялі на аблогавае становішча. Каго баімся, Аляксандр Рыгоравіч? Няўжо старога Чарнавуса? Ці гэта баранавіцкія «дармаеды» так моцна напалохалі?

Прыехаў і адразу ўсё паралізавала. Я выйшаў у той дзень з брамкі а 5:40 раніцы. Гляджу налева - чыста. Гляджу направа - стаіць міліцэйскае аўто. Давялося прабірацца агародамі, каб не затрымалі і не сарвалася паездка па справах у Менск.

Еду а другой гадзіне дня па горадзе на маршрутцы - і здзіўляюся: колькі людзей у цывільным стаяць без справы! Вось дзе сапраўдныя «дармаеды», якія за наш кошт нам жа і ствараюць праблемы.

Выехалі за горад на трасу да Міру - там проста партызанская вайна дзеецца. Усюды, па баках дарогі, ляжаць і сядзяць у кустах гэтыя лайдакі ў цывільным. На ферму нацягнулі маскіровачную сетку! З кім мы ваюем, грамадзянін Лукашэнка? З баранавіцкімі «дармаедамі»? Або з закінутай фермай?

Я добра гэтую ферму ведаю, яна недалёка ад майго дома знаходзіцца. Яшчэ сем гадоў таму прапаноўваў: аддайце гэтую ферму прыватным прадпрымальнікам. Але не, нельга. А цяпер нацягваюць на яе маскіровачную сетку. Вось гэта і ёсць узровень нашай улады.

- Лукашэнка крытыкаваў «тарыфы ад балды» і калісьці заяўляў, што «камуналка» для грамадзян Беларусі будзе расці не больш, чым на 5 даляраў на месяц. Але мы бачым, што ў Баранавічах для «дармаедаў» гэты ліміт ужо парушаны. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Я вам так скажу: для ўсіх «камуналка» расце і будзе павышацца хутчэй, чым кажа Лукашэнка. Гэта для яго звыклая справа: казаць абы што, а чыноўнікі хай робяць так, як выгадна ўладзе.

Часам для паказухі зладзіць разнос, як праз шклоўскіх кароў. Але гэты цырк людзям ужо надакучыў. Усе выдатна ўсё ведаюць: у краіне квітнее карупцыя і кругавая парука. Лукашэнка дае «сваім» сігнал: крадзеце пакрысе і душыце народ. Але часам для паказухі знаходзіць «крайніх» і ладзіць таннае шоў з бруднымі каровамі.

Што ты паказаў нам у Шклове? Звольніў трох чалавек на дзесяцімільённую краіну. Пракрычаў «нясіце кайданкі!» Проста смешна. Ды пакуль твае ахоўнікі знойдуць гэтыя кайданкі, Русы і Заяц ужо на іншай працы будуць працаваць. І на лепшай, чым ранейшая. І ты сам жа іх і паставіш. Колькі разоў гэта ўжо было з карупцыянерамі. Так што не трэба нас карміць гэтай паказухай.

- Дармаедскія рахункі атрымаў кожны 15-ы жыхар Баранавічаў. Гэта 12 тысяч чалавек. Чаму так шмат?

- Гэта нядзіўна. Баранавічы - буйны прамысловы цэнтр, які праз палітыку Лукашэнкі практычна ляжыць у руінах. Заводы альбо стаяць, альбо працуюць на склад, людзей усюды звальняюць.

Вы кажаце 12 тысяч «дармаедаў»…давайце возьмем адзін толькі тэкстыльны камбінат. На ім калісьці 12 тысяч чалавек працавала, а сёння толькі тры тысячы чалавек засталося. Вось вам і вялікая частка войска «дармаедаў».

- Як грамадскі актывіст, што б вы прапанавалі рабіць з гэтым войскам?

- Фатаграфаваць рахункі і высылаць у рэдакцыі незалежных СМІ «дармаеды» навучыліся. Гэта добра. Але, дарагія мае, трэба рухацца далей.

Давайце пакрокава: пасля фатаграфій рахункаў можна сабрацца і намаляваць плакаты. Затым з гэтымі плакатамі выйсці на Плошчу. Тыя, хто раней гэтым не займаліся, могуць падысці, параіцца - я заўсёды гатовы дапамагчы ў арганізацыі.

12 тысяч чалавек - гэта цэлае войска. І гэта толькі ў нашых Баранавічах. А колькі такіх «дармаедаў» выявілі ў кожным раённым і абласным цэнтры? У кожным горадзе цяпер стаіць парахавая бочка, усюды ёсць тысячы незадаволеных уладай.

Некаторыя думаюць, што новы дэкрэт аб «дармаедах» тычыцца нямногіх. Не, памыляецеся. Падвышэнне «камуналкі» ў сакавіцкіх квітанцыях - гэта толькі частка вялікага рабавання, якое мы зазнаём.

Колькі разоў ужо з пачатку года падаражэў бензін! Гэта не жарты, гэта б'е па кожнай сям'і, амаль ва ўсіх цяпер ёсць аўтамабіль.

Калі-небудзь не адно, дык іншае з гэтага спісу «стрэліць». Не ведаю, што будзе першым – маршы «дармаедаў» ці акцыі «Стоп бензін!». Але я хачу сказаць наступнае: усе пратэсты павінны праходзіць пад лозунгам «Стоп Лукашэнка!». З якога боку ні паглядзець - гэта цяпер самы актуальны лозунг для Беларусі.

«Камуналка», бензін, рост коштаў, беспрацоўе - вось які букет мы атрымалі да 25-годдзя ягонага кіравання. Калі так далей пойдзе - будзем есці бульбяныя ачысткі і булён з капусты і костак. Няўжо людзям гэта незразумела? Няўжо можна верыць чыноўнікам, што «камуналка» вырасце ўсяго толькі з 80 да 100%? Не, браткі, не будзе падаражання толькі на 20%, будзе нашмат больш.

Уласна, чаму будзе - У Баранавічах ужо паднялі «камуналку» для «дармаедаў» у 2,5 разы. Цяпер глядзяць, як за паддоследнымі мышамі: зрэагуюць людзі ці не. Змаўчаць - будзе і для ўсіх камуналка ў 2,5 разы вышэйшай. Таму выхад я бачу толькі адзін - Плошча.

Наш «цар» любіць ездзіць па гарадах і фермах. Вось хай паўсюль ён натыкаецца на плакат: «Стоп Лукашэнка!».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках