Лайнер, які страціў ход ля берагоў Нарвегіі, запусціў рухавікі
1- 24.03.2019, 13:11
- 11,354
Карабель з амаль 1400 пасажырамі дрэйфуе за дзесяць кіламетраў ад нарвежскага горада Молдзе.
Экіпажу круізнага лайнера Viking Sky, які напярэдадні трапіў у шторм і страціў ход ля берагоў Нарвегіі, атрымалася перазапусціць тры з чатырох рухавікоў. Пра гэта паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на выратавальныя службы Нарвегіі (пераклад - РБК).
Паводле звестак сэрвісу MarineTraffic, які адсочвае марскую навігацыю, Viking Sky цяпер дрэйфуе з хуткасцю 3,4 вузла за дзясятак кіламетраў ад нарвежскага горада Молдзе.
Паводле апошніх звестак, ратавальнікі эвакуіравалі з лайнера 313 з 1373 чалавек. Выратавальную аперацыю праводзяць на трох гелікаптэрах. Таксама вакол лайнера, вынікае са звестак MarineTraffic, знаходзяцца некалькі невялікіх суднаў, якія таксама задзейнічаны ў эвакуацыі. Першапачаткова аперацыя была ўскладненая ўмовамі надвор'я, аднак цяпер вецер аслабеў і сітуацыя стала спакайнейшай.
Цяпер у акваторыі, дзе дрэйфуе Viking Sky, дзьме моцны вецер, яго хуткасць складае 30 вузлоў, сведчаць звесткі сэрвісу Windy. Па шкале Бофарту ён складае сем балаў. Таксама непадалёк ад Viking Line страціла ход і іншае судна, экіпаж сухагруза ўжо эвакуіравалі ратавальнікі.