Шуневіч спалохаўся блогера NEXTA?
76- 12.03.2019, 15:51
- 108,891
Кіраўнік МУС паскардзіўся на траплянне аператыўнай інфармацыі ў Telegram.
Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў пра пачатак службовай праверкі аб фактах зліваў інфармацыі з міліцэйскіх зводак у інтэрнэт, паведамляе БелТА.
«Гэтая інфармацыя не закрытая, не сакрэтная. Зводкі падаюцца ва ўсе дзяржорганы, у тым ліку ў aдміністрацыю Лукашэнкі. І з некаторых зводак была апублікаваная інфармацыя аб надзвычайных здарэннях з асабістым складам, якая (мы таксама не ўтойваем) у гэтых зводках фігуруе ў выглядзе спецданясенняў», - заявіў ён.
Ён дадаў, што ў некалькіх выпадках інфармацыя з такіх зводак была апублікаваная ў інтэрнэце.
У сувязі з гэтым Шуневіч ініцыяваў праверку з мэтай знайсці крыніцу зліваў.
«Думаю, што гэта будзе нехта з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», - заявіў міністр.
Адной з галоўных крыніц інфармацыі пра сітуацыю ў МУС з'яўляецца блогер NEXTA. Беларускі блогер вядзе канал у Telegram, дзе рэгулярна публікуе інсайды з міністэрства Шуневіча.
Як паведамляў сайт Сharter97.org, за апошні час Сцяпан Святлоў распавёў пра ўцёкі за мяжу высокапастаўленага міліцэйскага начальніка з Магілёва, збіццё затрыманых у Мсціслаўскім РАУС, гандаль наркотыкамі ў шклоўскім РАУС.
Малады блогер стаў вялікай праблемай для ўсяго міністэрства. Можна меркаваць, што менавіта на гэтую прычыну, праз страх перад тым, што выявяцца новыя факты пра беззаконне ва ўнутраных органах, Шуневіч загадаў знайсці інфарматараў у шэрагах МУС.