25 красавiка 2024, Чацвер, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хартыя» ёсць і будзе

29
«Хартыя» ёсць і будзе
Ірына Халіп

Ліст Наталлі Радзінай.

Прывітанне, сяброўка!

Ведаеш, а раней было лепш. Не таму, што трава была зелянейшая і мы маладзейшыя, а таму, што мы ўсе тады былі разам супраць злачыннай улады. Мы былі супольнасцю аднадумцаў і, хай унутры супольнасці ўсе па-рознаму ставіліся адзін да аднаго асабіста, тым не менш заставаліся разам. Ёсць агульны вораг, а ўсё астатняе - як-небудзь потым. Ці ніколі.

Я не магу дакладна назваць дату, калі ўсё змянілася. Але гэта адбылося не так даўно - тры-чатыры гады таму. Магчыма, пяць. Зрэшты, калі - не так ужо важна. Важна, што гэта вельмі кепска. І вельмі прыкра.

Маштаб драмы асабіста мне стаў зразумелы год таму, пасля таго як улады афіцыйна заблакавалі сайт «Хартыі». Здавалася, што як мінімум абурыцца павінны ўсе: мы ж супольнасць, у нас агульны вораг! Але пры неймавернай міжнароднай салідарнасці раптам высветлілася, што многія тутэйшыя – не толькі безыменныя інтэрнэт-тролі, але і рэальныя жывыя людзі з імёнамі і прозвішчамі, часам нават знаёмыя, - злараднічаюць. Так ёй, Хартыі, а тое, разумееш, нарасціла сабе трафік і неймаверную колькасць чытачоў, у той час як мы спрабуем пераканаць усіх у тым, што больш за пяць тысяч наведвальнікаў на дзень у беларускага незалежнага сайта быць не можа. Хай цяпер сядзяць у сваёй Польшчы, пазбаўленыя аўдыторыі, і ўсухамятку жуюць свае гранты. «Даўно пара прыкрыць гэтую лавачку!»- даволі распаўсюджаны тэзіс. І цяпер, калі стала вядома, што Польшча мае намер значна скараціць дапамогу сайту, усё паўтарылася ў трохразовым памеры. Злараднасць стала зашкальваць: ага, ім цяпер і грошай не дадуць, ура, жыццё атрымалася, пойдзем з радасці на піва.

Выдатна памятаю, як год таму ты прасіла рэдактара адной газеты апублікаваць навіну аб тым, што Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з нагоды блакавання «Хартыі». Калега табе адказаў, што навіны аб усялякіх міжнародных рэзалюцыях папулярнасцю не карыстаюцца і трафіку не дадаюць. Таму іх не публікуюць. Зрабіў выгляд, быццам не зразумеў, што гэтая публікацыя была б проста праявай салідарнасці. Такія навіны ніколі не выперадзяць у папулярнасці што-небудзь накшталт «Міс Менск была стрыптызёркай» або «Які кот стаў зоркай сеціва», але іх і публікуюць з зусім іншых прычын. Гэта як сяброўскі поціск рукі: мы тут, мы таксама абураныя. Ад выпадковых мінакоў на вуліцах я тады пачула больш адрасаваных Хартыі слоў падтрымкі, чым ад калег.

Я спрабавала зразумець прычыну гэтай злараднасці - і не змагла. Таму што рацыянальных прычын няма. Можа быць, хіба што зайздрасць? Калі гэта такая нутраная, сляпая, рэфлекторная зайздрасць, то ўсё зразумела. Ім здаецца, што табе там вельмі добра. Ты ў Варшаве, ды ў польскага ўрада на ўтрыманні (яны ж менавіта так думаюць, праўда?), ды каля вялікага гандлёвага цэнтра жывеш. Добра ўладкавалася, аднак! На шопінг можна ў тэпцях хадзіць.

Ім ніколі нічога не растлумачыш і не раскажаш. Ім не занадта цікава разумець, як гэта - калі не можаш прыехаць развітацца з уласнай бабуляй. Калі пляменнікаў ведаеш з фота. Калі няма шанцаў залезці пад коўдру ў родным пакоі ў Кобрыне і ўволю паплакаць, як у дзяцінстве. Калі не можаш нават абрасці рэчамі, таму што дваццаць чатыры гадзіны на дзень гатовая неадкладна зрывацца з месца і ехаць у Беларусь. Калі ведаеш, што вернешся не ва ўласны дом, а з адной здымнай кватэры ў іншую, і зноў усё давядзецца пачынаць з нуля: і жыццё, і куплю рондаляў. Але пра рондалі думаць сумна, як і пра бабуліна пахаванне. А вось грант польскага ўрада - гэта так, гэта падстава ўсклікаць «Даўно пара прыкрыць гэтую памыйніцу!».

І не разумеюць, аслепленыя зайздрасцю, што ў сваім істэрычным лямантаванні або напышлівым маўчанні нічым не адрозніваюцца ад тых чыноўнікаў, якія з усіх сіл змагаюцца з Хартыяй. З той толькі розніцай, што чыноўнікам сайт сапраўды пагражае. Яны змагаюцца з Хартыяй не з хімічнай чыстай нянавісці. Яны акурат гераічна змагаюцца за ўласны дабрабыт - за хабары, камяніцы, валізкі гатоўкі пад ваннай, за права не падпарадкоўвацца законам, за высокую манетызацыю свайго подпісу на афіцыйным бланку. А тыя, хто быццам бы хоча дэмакратыі і пры гэтым ненавідзіць «Хартыю», адрозніваюцца толькі тым, што ў іх няма ні ўлады, ні хабараў, ні права быць па-за законам. Ёсць толькі зайздрасць. Гэта ніжэйшае звяно харчовага ланцужка, на жаль.

Ната, мне вельмі не стае цябе тут, у Менску. Але я ведаю, што ты вернешся. Мы зноў сядзем на маім балконе з выглядам на дурны скверык імя Сымона Балівара, перакулім па келіху і пра ўсіх зайздроснікаў і хэйтэраў скажам: «Хай ім шэнціць!» будзем сядзець і дудукаць да ранку. Сярод ночы на балкон выйдзе мой сонны муж, які таксама вернецца ў Беларусь, і здзівіцца – колькі можна балакаць? А пад раніцу прымчыцца Пашка Марыніч, а потым мы ўсе паедзем у аэрапорт сустракаць Лёньку Навіцкага, які цяпер, вядома, парыжскі франт, але хіба ён прапусціць такую падзею? Усё гэта здарыцца неўзабаве. Можа, не вельмі хутка, але ўсё адно здарыцца.

А сёння я віншую цябе з медалём БНР. Гэта вельмі важная ўзнагарода, і ты яе заслужыла, як ніхто іншы. І з праблемамі Хартыі ты справішся. Мы справімся. Бо мы, у адрозненне ад іх, сапраўды ўсе разам. Памятаеш стары анекдот? Чалавек каля адключанага на зіму фантана пытаецца мінака: «Гэты фантан калі-небудзь біў?» Мінак-грузін з моцным акцэнтам адказвае:«Пачэму быў? Ён быў, ёсць і будзе!» Дык вось, гэта пра «Хартыю», якая «была, ёсць і будзе», як бы гэта ні раздражняла.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках