18 снежня 2024, Серада, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Калі казаць, то ўсю праўду

9
Наталля Радзіна: Калі казаць, то ўсю праўду
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: РАСЦІСЛАЎ ГОРДАН/GORDONUA.COM

У гэтым місія «Хартыі-97».

19 лютага Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла галоўную рэдактарку сайта Charter97.org Наталлю Радзіну медалём. Цырымонія адбылася ў Варшаве, дзе "Хартыя" працуе ў выгнанні. Сёлета такія медалі атрымаюць 130 чалавек. Хто гэтыя людзі, і за якія заслугі іх узнагародзяць? Тлумачыць сябра Рады БНР, намеснік дырэктара "Белсата" Аляксей Дзікавіцкі:

"На нашую думку, Рада БНР застаецца ўжо 91-ы год адзіным легітымным прадстаўніком беларускіх уладаў. Таму што з тых часоў сапраўды дэмакратычных выбараў у Беларусі не было. Гэта трэба ўспрымаць як дзяржаўную ўзнагароду. Калі паглядзець нават на спіс людзей, якія атрымаюць гэтыя ўзнагароды, гэта самыя вядомыя з самых вядомых, тыя людзі, якіх сучасная ўлада вельмі часта абыходзіць. І, такім чынам, мы хочам паказаць, што калі лукашэнкаўскія медалі атрымліваюць людзі, якія часта гэтага не заслугоўваюць, то ўсё ж ёсць орган, ёсць Рада БНР, якая памятае пра сапраўдных патрыётаў і пра тых беларусаў, якія любяць Беларусь".

Тэлеканал "Белсат" узяў інтэрв'ю ў Наталлі Радзінай.

- Наталля, што для вас значыць гэты медаль і ці быў ён для вас нечаканым?

- Гэта вялікі гонар, бо Беларуская Народная Рэспубліка - гэта наш сімвал свабоды і незалежнасці. Напраўду гэта дзяржаўная ўзнагарода, бо беларускі рэжым сёння ў Беларусі нелегітымны. Рада БНР не перадала паўнамоцтвы рэжыму Лукашэнкі, як гэта было зроблена ва Украіне.

Узнагароджанне было нечаканым, але ў вельмі патрэбны момант. Сёння, калі "Хартыі" і ўсёй незалежнай журналістыцы ў Беларусі вельмі патрэбная салідарнасць, вельмі важна было атрымаць такую ацэнку.

- Пра салідарнасць. Усё больш вядомых палітыкаў выказвае сваю падтрымку сайту "Хартыя-97". Дазволю сабе працытаваць сустаршыні БХД Паўла Севярынца: "Калі не будзе "Хартыі" - на яе месца прыйдзе не БелТА, а расейская прапаганда. Сёння знішчаць "Хартыю", заўтра - "Нашу Ніву", паслязаўтра – tut.by”. Вы згодныя з такой ацэнкай ці вы лічыце што "Хартыя-97" - нейкі асаблівы рэсурс і мэтай беларускіх уладаў з'яўляецца знішчыць менавіта яго?

- Мэта беларускіх уладаў - знішчыць незалежнае слова ў Беларусі. А пачалі яны з нас, калі летась у Беларусі была заблакаваная "Хартыя". Вядома, да гэтага яны знішчалі ўсё: і тэлевізію, і радыё, і незалежныя газеты. Але чарговы віток рэпрэсій супраць незалежных СМІ, яшчэ большае зацісканне гаек пачалося летась з блакавання Charter97.org.

А потым, калі яны заўважылі, што няма магутнай міжнароднай рэакцыі на гэта, што заходнія палітыкі працягваюць прыязджаць у Беларусь і развіваць стасункі з нелегітымным рэжымам, прадоўжылі ціск на незалежных журналістаў. І бесперапынныя арышты супрацоўнікаў тэлеканала "Белсат", і крымінальныя справы супраць блогераў і журналістаў, і суд над галоўнай рэдактаркай партала tut.by, і пошукі зброі ў актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" - усё гэта працяг палітыкі Лукашэнкі для знішчэння незалежнага грамадства ў Беларусі.

Сёння гэта выклікае асаблівы неспакой, бо Расея цалкам кантралюе інфармацыйную прастору Беларусі. Калі Лукашэнка знішчае незалежныя беларускія медыі - ён знішчае суверэнітэт Беларусі.

Усім, каму важная будучыня Беларусі, сёння трэба звяртацца да Захада і казаць: "Дапамажыце беларускім незалежным журналістам, дапамажыце незалежным дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці”. Сітуацыя вельмі сур'ёзная. А ўсе гэтыя стасункі з дыктатарам Лукашэнкам толькі пагаршаюць сітуацыю.

- Хацелася б задаць такое пытанне. Ваш медаль - у тым ліку і за ўнёсак у журналістыку, за тое, што вы зрабілі за ўсе гэтыя гады. Тая Наталля Радзіна, якой было 18 гадоў, калі яна была студэнткай журфаку, працавала ў газеце "Імя" і легендарная рэдактарка "Хартыі-97" - вы змяніліся. "Хартыя" таксама змянілася за гэтыя гады. У канцы 1990-х місія была адна, у 2006 і 2010-іншая. А якая місія "Хартыі-97" сёння? Чаму людзі заходзяць на ваш сайт? Чаму чытаюць менавіта вашыя навіны?

- Напраўду місія "Хартыі-97" заўсёды была адной. Перш за ўсё - гэта распавядаць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне, даносіць да беларусаў свабодную інфармацыю.

Надышоў час, калі гэта стала немагчыма рабіць з Беларусі і нам давялося з'ехаць. Нагадаю, што быў забіты заснавальнік нашага сайта Алег Бябенін, арыштоўваліся нашы журналісты, некалькі разоў пляжылі нашую рэдакцыю, я сама трапіла ў турму КДБ. Мы прадоўжылі нашую працу з Польшчы, бо не было іншага выйсця. А як інакш? Мы не можам нешта недагаворваць, казаць адно, а маўчаць пра іншае. Калі казаць, то ўсю праўду. Вось гэта наша місія.

Усе мы марым аб вольнай і незалежнай Беларусі. Але мяркуем, што трэба не толькі марыць, трэба дзейнічаць. І мы дзейнічаем.

- "Хартыя-97" дзейнічае. Яе можна любіць, можна не любіць. Якая ваша аўдыторыя сёння?

- Аўдыторыя сайта Сharter97.org, нягледзячы на блакаванне сайта ў Беларусі, складае 1,5 мільёна чалавек на месяц. Да блакавання ў нас было 2,5 - 3 мільёны чалавек на месяц. Таксама ў нас штомесяц блізу 30 мільёнаў праглядаў. Гэта вельмі вялікая аўдыторыя. Тое, што людзі, абыходзячы блакаванне, заходзяць на сайт паказвае, наколькі "Хартыя-97" патрэбная беларусам. Трэба працягваць працу як бы там не было.

- Вы казалі аб тым, што ў сайта ёсць цяжкасці з фінансаваннем, што ўрад Польшчы зменшыў фінансавую дапамогу. Праўда, польская старана трохі зняпраўджвае гэтую інфармацыю, кажа пра іншае. Ці дапамаглі вам чытачы ў гэтай сітуацыі? Што вы можаце пра гэта сказаць?

- Скажу, што такая сітуацыя была ў тэлеканала "Белсат" і дзякуй Богу, што цяпер у вас усё добра. Спадзяюся, што ўрад Польшчы зразумее, наколькі важнае сёння свабоднае слова ў Беларусі, і што нельга пазбаўляць мільёны беларусаў крыніцы незалежнай інфармацыі.

Нашы чытачы нам вельмі дапамагаюць. Апошнія месяцы мы працуем толькі дзякуючы іхняй дапамозе. Фінансавая дапамога Польшчы скончылася ў лістападзе.

Для нас самае важнае - гэта прадаўжаць працу. Таму мы спадзяемся на журналісцкую салідарнасць і салідарнасць нашых чытачоў.

- Наталля, скарачэнне фінансавання, бесперапынны ціск, блакаванне сайта ў Беларусі, а як журналістам працаваць у такіх умовах? Бо гэта вельмі цяжка псіхалагічна, матэрыяльна і маральна.

- Так, гэта вельмі цяжка. Я асцерагаюся, што, калі не будзе падтрымкі і салідарнасці Захаду, то ў Беларусі будуць арыштоўваць журналістаў Сharter97.org, якія сёння там працуюць падпольна.

Я нагадаю, што палова калектыву сайта працуе з Польшчы, а другая палова працуе падпольна з Беларусі. Такая палітыка і стаўленне могуць справакаваць арышты журналістаў. Я буду змагацца за іх і казаць, што гэта нашы журналісты. Бо гэта могуць быць крымінальныя справы не паводле якіх-небудзь адкрытых палітычных артыкулаў, ім могуць падкінуць наркотыкі, зброю, усё што хочаце.

Вы выдатна ведаеце, наколькі ў нас подлы рэжым і сёння ціск на апазіцыю ідзе менавіта такім чынам. Не наўпрост, не за палітыку, а так, каб праваабаронцы сказалі: “Гэта нейкая цёмная гісторыя, мы яе не разумеем". І людзі ідуць на гады ў турму.

Але нас не запалохаць. Мы прайшлі і праз забойства нашага калегі, і праз турмы, праз катаванні, але працягваем працу. І будзем працягваць.

- Наталля, калі падвесці рысу пад нашай сённяшняй размовай пра "Хартыю”, наогул пра ціск на журналістыку, бо мы бачым справу “БелТА", арышты журналістаў, выклікі ў СК, бясконцыя штрафы журналістам "Белсату" - чаго мы чакаем і як нам жыць далей?

- Нельга чакаць, трэба змагацца. Сёння мы павінны быць салідарнымі адзін з адным. Мы звяртаемся да беларускага грамадства: нельга дазволіць рэжыму знішчыць апошнія незалежныя СМІ ў Беларусі, гэта прывядзе да катастрафічных наступстваў для ўсёй краіны.

І самім журналістам трэба быць разам, памятаць пра салідарнасць, звяртаючыся да заходніх партнёраў, палітыкаў, дэпутатаў, прасіць дапамогі для ўсіх. Не камусьці аднаму, маўляў, "я адзін добры, а ўсе дрэнныя". Мы павінны змагацца адзін за аднаго.

- Я спадзяюся, што і мы будзем разам, будзем падтрымліваць адзін аднаго, дзе б мы не знаходзіліся: у Беларусі ці ў Польшчы. Важна быць салідарнымі. Бо менавіта на гэтым трымаецца нашае грамадства, журналістыка, вера і надзея ў светлую будучыню.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках