18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наркагандляр пазнаў шклоўскага міліцыянта па ніку ў Telegram

18
Наркагандляр пазнаў шклоўскага міліцыянта па ніку ў Telegram
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Прадстаўнікі сілавых ведамстваў не хочуць гэтага прызнаваць.

10 лютага ў Віцебску затрымалі двух наркакур'ераў. Інфармацыя пра гэта спачатку з'явілася ў «Телеграме», а потым - на сайце віцебскай міліцыі. Праўда, у паведамленнях з телеграм-канала NEXTA прысутнічала адна важная дэталь, пра якую прамаўчалі міліцыянты: адзін з затрыманых аказаўся іх калегам, 24-гадовым супрацоўнікам Шклоўскага РАУС Івановым М.А.

«Мы тут не фільтруем, хто затрыманы, супрацоўнік ці не»

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава на просьбу Еўрарадыё пацвердзіць або зняпраўдзіць факт затрымання міліцыянта адказала, што ўся інфармацыя, якую палічыла неабходнай распаўсюдзіць МУС, ужо апублікаваная ў інтэрнэце.

«Мы тут не фільтруем, хто затрыманы, супрацоўнік або не супрацоўнік, - дадала яна. - Калі там ёсць парушэнне дзейнага заканадаўства і ёсць падставы для затрымання, то чалавек у любым выпадку будзе затрыманы. Чым адрозніваецца супрацоўнік ад іншага чалавека? У дачыненні да яго не будзе змененае заканадаўства. У нас закон для ўсіх адзін».

Што паведамляецца пра затрыманне наркакур'ераў: афіцыйна і не

13 лютага віцебская міліцыя паведаміла пра затрыманне наркадылера, у аўтамабілі якога была партыя мефедрона на восем тысяч даляраў. Затрымалі і двух кур'ераў, якія забіралі «закладкі» з патаемнага ходу. У аднаго з іх знайшлі 29,9 грамы псіхатропу альфа-PVP.

У телеграм-канале NEXTA з'явілася інфармацыя, што ў Віцебску з наркотыкам альфа-PVP затрымалі афіцэра міліцыі. У дакуменце «Здарэнне з асабістым складам» напісанае, што 10 лютага супрацоўнікі віцебскай і магілёўскай міліцыі затрымалі аператыўнага ўпаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС старэйшага лейтэнанта міліцыі Іванова М.А. 1994 года нараджэння (у органах унутраных спраў з 2011-га, на пасадзе - з 2016 года).

У яго знайшлі 29,9 грама псіхатропу альфа-PVP. Распачатая крымінальная справа. Адзначаецца, што міліцыянт у момант затрымання не быў на службе і быў у цывільным адзенні.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Віцебскай вобласці Аксана Лазько распавяла, што 10 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 24-гадовага жыхара Шклоўскага раёна:

«Пры асабістым вобшуку ў яго выявілі і канфіскавалі псіхатропнае рэчыва альфа-PVP масай больш за 29 грамаў. Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 328 КК РБ».

На пытанне аб тым, ці не з`яўляецца затрыманы супрацоўнікам Шклоўскага РАУС, Аксана Лазько адказала, што, пакуль ідзе следства, яна не можа даваць такую інфармацыю.

Тэлеграм барыгі

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, адзін з затрыманых у Віцебску наркакур'ераў на самай справе з'яўляецца супрацоўнікам Шклоўскага РАУС Максімам Аляксандравічам Івановым. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў не хочуць гэтага прызнаваць. Але мы знайшлі некалькі супадзенняў, якія прама ці ўскосна паказваюць на тое, што з наркотыкам трапіўся менавіта Іваноў.

На старонцы Максіма Іванова «вКонтакте» знайшоўся яго нумар тэлефона. Па гэтым нумары ўдалося знайсці старонку хлопца «BiLLiMiLiG» і нік «max 9379992» у «Телеграме». Мы спыталі пра гэтага карыстальніка ў адміністратара тэлеграм-крамы, якая згадваецца ў відэа Віцебскага УУС аб затрыманні наркадылера і кур'ераў.

Барыга пазнаў нік Максіма Іванова. Ён пацвердзіў, што чалавек з такім нікам працаваў у інтэрнэт-краме. Дылер не ведаў, што Іваноў быў міліцыянтам, і не быў у курсе, што два кур’еры і дылер былі затрыманыя.

У апошні раз анлайн быў 10 лютага

На асабістую старонку ў «вКонтакте» Максім Іваноў апошнім разам заходзіў 10 лютага а 16:03 з мабільнага тэлефона і больш не з'яўляўся анлайн. Менавіта ў гэты дзень прайшла антынаркатычная аперацыя ў Віцебску.

Максім вучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС з 2011 да 2016 года. Старшага лейтэнанта ён атрымаў у 2017 годзе, пра што ёсць нататка ў шклоўскай газеце «Ударны фронт».

Бацькі Максіма - Аляксандр і Алена Івановы. Мы звярнуліся да іх па каментар у «Аднакласніках». Яны прачыталі паведамленне, пасля чаго заблакавалі журналіста Еўрарадыё, змянілі імёны і аватарку на іх агульнай старонцы ў сацсетцы.

У шклоўскай міліцыі сапраўды працаваў Максім Іваноў. Ён засвяціўся ў СМІ

Максім Іваноў сёлета не ўпершыню трапляе на старонкі СМІ. За два месяцы да яго затрымання з наркотыкамі на сайце 6tv.by была апублікаваная гісторыя пенсіянера з Шклоўскага раёна Леаніда Сопелева.

«Мяне ўзялі ўдваіх за абедзве рукі, павалілі тварам у зямлю. Пачалі заламваць рукі. Адзін з іх так хапануў і скруціў, што пачаўся пякельны боль. Я крыкнуў, што мне вельмі балюча, мяне адпусцілі. Потым вывалаклі на вуліцу і пасадзілі ў службовую машыну, якая стаяла непадалёк», - распавёў Сопелеў.

Сопелева адвезлі ў Шклоўскі РУУС. Са слоў Леаніда, яго допытам кіраваў начальнік аддзела крымінальнага вышуку разам з Максімам Івановым. Апошні пагражаў спачатку прыкаваць Сопелева кайданкамі да батарэі, а затым намякнуў на згвалтаванне міліцэйскай дубінкай. Ад яго хацелі дамагчыся прызнання ва ўчыненні дробнага крадзяжу.

У дачыненні да супрацоўнікаў Шклоўскага РАУС і Максіма Іванова была распачатая праверка раённай пракуратурай і мясцовым аддзяленнем Следчага камітэта.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках