20 жнiўня 2019, aўторак, 16:42
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Стоўбцах школьнік нажом забіў настаўніцу і вучня

У Стоўбцах школьнік нажом забіў настаўніцу і вучня
ФОТА: TUT.BY

Нападнік затрыманы.

11 лютага ў сярэдняй школе №2 у Стоўбцах адбылося надзвычайнае здарэнне: на дзяцей і настаўніцу накінуўся школьнік з нажом. Пра гэта tut.by паведамілі дзве незалежныя крыніцы.

Напад адбыўся 11 лютага блізу 8:05. Са слоў відавочцаў, вучань уварваўся ў клас з нажом і ўдарыў ім настаўніцу ў шыю. Жанчына ўпала.

Паводле папярэдніх звестак, настаўніца і адзін з вучняў загінулі. Двое дзяцей у лякарні. Таксама мясцовыя жыхары паведамляюць аб тым, што раненні атрымалі пяць дзяцей. Нападнік - вучань 9-га класа, паведамляюць крыніцы tut.by.

«Загінулі настаўніца і падлетак. Яшчэ двое ў лякарні. Нападнік пакуль не затрыманы. Цяпер у шасці раёнах Менскай вобласці ўведзены спецыяльны план «Сірэна», - паведаміў tut.by афіцыйны прадстаўнік УУС Менаблвыканкама Яўген Сачак.

«Двое пацярпелых знаходзяцца ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай лякарні. Стан стабільны. З вобласці выехалі спецыялісты для кансультацыі. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі ў міністра аховы здароўя» — паведаміла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Выданне сцвярджае, што нападнік вучыўся ў 10-м класе. Цяпер усе ягоныя аднакласнікі знаходзяцца ў школе, іх дапытваюць. Школьнікі кажуць, што старонка ў сацсетках нападніка сёння была выдаленая.

50-гадовая настаўніца памерла ад ран, паведаміла «Радыё Свабода». Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» называе імя настаўніцы – Марына Міхайлаўна Пархімовіч.

НАСТАЎНІЦЫ МАРЫНЕ ПАРХІМОВІЧ БЫЛО 53 ГАДЫ.

Паводле папярэдніх звестак, нападніку 15 гадоў, ён вучань 10-га класа. Перад нападам ён выдаліў сваю старонку ў сацсетках, паведамляе tut.by.

Забітага 11-класніка звалі Аляксандр. Нападнік спрабаваў уцячы, выскачыўшы ў акно другога паверха, паведамляе «Наша Нива».

У арыенціроўцы Стаўбцоўскага РАУС адшукваецца за напад з нажом школьнік названы Мілашэўскім Вадзімам Вітальевічам, пазначаная дата нараджэння – 26 чэрвеня 2003 года.

А 10:14 у МУС паведамілі, што падлетка затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы АМАП.

У сацсетках паведамляюць, што нападніка злавілі ў пад'ездзе дома на вуліцы Свярдлова, паведамляе «Еўрарадыё».

Сваяк аднаго з пацярпелых школьнікаў распавёў «Радыё Свабода», што пасля пачатку ўрока гісторыі «вучань М.» зайшоў у клас. Спачатку напаў на настаўніцу. Другі хлопец, які загінуў, хутчэй за ўсё заступаўся за настаўніцу.

Пасля нападнік выйшаў праз чорны ход і стаў уцякаць. Сустрэў двух хлопцаў, якім таксама нанёс раненні. У аднаго з іх пашкоджанае лёгкае і ключыца, праводзіцца аперацыя. Другі пацярпеў не так моцна. Усе пацярпелыя непаўналетнія. Затрымалі нападніка на вуліцы Ленінскай блізу 10:11.

Партал tut.by выкладае сваю версію трагедыі: са слоў відавочцаў, вучань уварваўся ў клас з нажом і ўдарыў ім настаўніцу ў шыю. Пасля нападу школьнік выскачыў з акна другога паверха і ўцёк. У школе яго ахарактарызавалі як вельмі ціхага і спакойнага.

Яшчэ адну версію здарэння мясцовыя жыхары распавялі onliner.by:

«Хлопчык прыйшоў у школу разбірацца з 11-класнікам і ўдарыў яго ў шыю. Настаўніца, відавочна, заступілася за хлопчыка, і яе ён таксама ўдарыў у шыю нажом. Пацярпела яшчэ некалькі чалавек, аднаго хлопчыка ён параніў у шыю і лёгкае, яшчэ адзін у рэанімацыі»

«Раніцай 11 лютага ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што старшакласнік падчас раптоўнага канфлікту прычыніў нажавыя раненні настаўніцы і некалькім вучням. Ад атрыманых раненняў настаўніца і адзін вучань памерлі. Акрамя таго, яшчэ два школьнікі шпіталізаваныя. УСК Менскай вобласці распачатая крымінальная справа па факце забойства дзвюх асоб. Ажыццяўляецца комплекс следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў», — распавялі ў прэс-службе Следчага камітэта.

Там таксама дадалі, што расследаванне крымінальнай справы ўзятае на асабісты кантроль кіраўніком СК Іванам Наскевічам.

«Паводле папярэдніх звестак, падазраваны ў нападзе вучань 10-га класа прыйшоў у школу блізу 7:40. Ён паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі заступіцца два аднакласнікі. Яны атрымалі раненні. Пасля гэтага падазраваны выбег з класа, і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа. 17-гадовы школьнік у выніку нападу загінуў», - паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

У Стаўбцоўскай сярэдняй школе №2 цяпер працуе следча-аператыўная група. Ля ўваходу ў школу дзяжураць міліцыянты. Вучняў школы перадаюць бацькам, каб тыя забралі іх дадому, паведамляе «Радыё Свабода».

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Бацькі вучняў і мясцовыя жыхары распавялі «Радыё Свабода», што школьнік, які напаў на настаўніцу і вучняў, добра вучыўся, не меў праблем у школе. Ніколі за ім не заўважалася якой-небудзь агрэсіі, ён быў у добрых стасунках з аднакласнікамі. У яго звычайная сям'я, у малодшай школе ён вельмі добра вучыўся.

Забітая 50-гадовая настаўніца гісторыі мела добрыя стасункі з вучнямі. Пра яе журналістам «Радыё Свабода» распавёў яе былы вучань Мікалай.

З ягоных слоў, настаўніца выкладала гісторыю і прадмет «Чалавек. Грамадства. Дзяржава.» Яна не была строгай і дзеці паважалі яе за справядлівае стаўленне да сябе. На яе ніколі не скардзіліся вучні. «І голасу не павысіць! Самая найлепшая настаўніца была. Тыдзень таму сустракаліся (на дзень выпускніка-заўв.). Яна як была маладой, так і засталася», - сказаў Мікалай.

«У мяне слёзы на вачах... Яна была адным з нямногіх педагогаў, якія запомнілася мне як добры і чулы чалавек», - распавёў іншы былы вучань.

«Самая найлепшая настаўніца. Заўсёды мела рацыю. Тыдзень таму сустракаліся на 15 гадоў. Як была маладой і вясёлай так і засталася», - распавёў яшчэ адзін былы вучань загінулай настаўніцы.

Загінулага хлопчыка звалі Аляксандр, ён вучыўся ў 11-м класе, паведамляе tut.by. «Саша быў разумніца, вельмі мэтанакіраваны хлопчык. Добра вучыўся, не бываў у дрэнных кампаніях. Ён вучыў гісторыю і хацеў паступаць у Польшчу на палітолага» — распавялі родныя загінулага падлетка.

Неўзабаве пасля таго, як бацька Сашы прывёз яго ў школу, яму патэлефанавалі і паведамілі пра напад. Хлопчык памёр на ягоных руках праз пяць хвілін пасля таго, як мужчына пасля званка кінуўся ў школу. Удар адбыўся Сашу ззаду ў шыю. Мяркуюць, што нападнік цэліўся туды свядома.

Пакуль не вядома, ці былі знаёмыя паміж сабой падазраваны ў нападзе і загінулы хлопчык. І загінулы, і пацярпелыя хлопчыкі добра вучыліся, былі выдатнікамі.

Загінулую настаўніцу гісторыі яе калега, настаўніца пачатковых класаў Ірына апісвае як вельмі добрую спецыялістку і чалавека: «Падрыхтавала шмат прызёраў алімпіяд. І як чалавек яна ніколі не імкнулася пакараць дзіця ацэнкай, заўсёды давала шанец выправіць».

Са слоў настаўніцы, прычыну таго, што адбылося ніхто не ведае: «Вадзім заходзіў ва ўсе класы, дзе можна было адчыніць дзверы. Нават барыкадавалі дзверы, потым хадзіў з нажом па трэцім паверсе, пакуль яго не заўважылі і не патэлефанавалі ў міліцыю. Спачатку зайшоў у адзін клас, потым у другі. Хацеў збегчы праз чорны ход - ён быў зачынены. Таму на першым паверсе ён адкрыў акно - і ўцёк. Затрымалі каля гаспадарчай крамы».

Са Стаўбцоўскай школы №2 перасталі выпускаць дзяцей. Бацькі, якія чакаюць іх каля школы, распавялі «Радыё Свабода», што да дзяцей нікога не пускаюць. Бацька адной з вучаніц прасіў, каб следчыя працавалі з ягонай дачкой у ягонай прысутнасці, але яму адмовілі.

«Цяпер у школе працуе следства, працуюць усе органы, з дзецьмі займаюцца псіхолагі, іх вельмі шмат, і медыцынскія супрацоўнікі», — паведаміла tut.by намесніца дырэктара ў вучэбнай рабоце СШ№ 2 у Стоўбцах Людміла Старавойтава.

На пытанне аб тым, як адчуваюць сябе школьнікі, якія не пацярпелі ад нападу фізічна, педагог распавяла, што дзеці не плачуць, у школе нармальная абстаноўка, а вось некаторых бацькоў давялося супакойваць.

«Хлопчык быў ціхі, спакойны, у школе ў яго ніякіх праблем з паводзінамі не было. Вучыўся добра. Ніколі ні ў чым не быў заўважаны. Школу не прапускаў» — - ахарактарызавала яна падазраванага ў нападзе дзесяцікласніка.

«Настаўніца гісторыі, 50 гадоў, Марына Міхайлаўна...вельмі добры педагог і калега, шмат алімпіяднікаў падрыхтавала», — паведаміла Людміла Старавойтава.

Двое пацярпелых пры нападзе ў школе ў Стоўбцах знаходзяцца ў стабільна цяжкім стане. Пра гэта журналістам паведаміў загадчык хірургічнага аддзялення Стаўбцоўскай ЦРБ Дзмітрый Пляскач, паведамляе БелТАА.

Цяпер школьнікі знаходзяцца ў рэанімацыі пад сталым наглядам лекараў.

У пацярпелых нажавыя раненні. «Аперавалі мясцовыя лекары. Улічваючы неардынарнасць сітуацыі, запрошаныя таксама спецыялісты з Менскай абласной клінічнай лякарні. Яны прыбылі і надалі ўсю неабходную дапамогу», - распавёў Дзмітрый Пляскач.

Сваячка Вадзіма М., які забіў настаўніцу і школьніка, распавяла «Радыё Свабода», што ў яго ёсць малодшая сястра, вучаніца 5 класа той жа школы, дзе адбылася трагедыя.

«Вельмі добрая сям'я. Гэтыя бедныя дзеткі (бацькі Вадзіма. — заўв.) самі ўсё зарабілі. Аўтамабіль набылі самі, дом самі. Бачыла неяк нядаўна бацьку [пляменніка суразмоўніцы] і пытаюся: як, скажы, Вадзім жа ў 10-ы клас [ходзіць], можа, і паступаць куды ўжо збіраецца? А ён кажа: цётка, ён такі ціхі ў нас, хатні. І ўсе так пра яго кажуць. Добры вучань быў. Спакойны, узорны. Што ён нарабіў, што там атрымалася, не ведаю», - распавяла стрыечная бабуля Вадзіма М.