27 красавiка 2024, Субота, 2:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Газ для Кітая і пасмешка з сібіракоў

5
Газ для Кітая і пасмешка з сібіракоў

Што на самай справе азначае «Сіла Сібіры»?

Лідар партыі "Яблык" Рыгор Яўлінскі назваў газаправод "Сіла Сібіры", што пастаўляе газ з якуцкага і іркуцкага радовішчаў у Кітай, пасмешкай з сібіракоў. Пра гэта палітык паведаміў у матэрыяле пра запуск газаправода пад назвай "40 гадоў без газу" – так, паводле ягоных словаў, называецца вуліца ў адным з пасёлкаў Астраханскай вобласці, запасы газу ў якой складаюць 2,5 трыльёна кубаметраў, а гадавая здабыча – 12 млрд кубаметраў газу, паведамляе Сібір Рэаліі.

Паводле звестак Яўлінскага, у Томску толькі 8% жыхароў могуць карыстацца прыродным газам: да дамоў у горадзе дзесяцігоддзямі не могуць падвесці трубы. "Затое за некалькі сотняў кіламетраў ад Томска дзяржава пабудавала цэлы газаправод у Кітай і, быццам падсмейваючыся з сібіракоў, якія пакаленнямі жывуць без газу, назвала яго Сіла Сібіры", – каментуе палітык.

Намеснік губернатара Томскай вобласці Аляксандр Федзенеў пацвердзіў, што газіфікацыя – гэта вострая праблема рэгіёну, але заявіў, што адказнасць за яе павінны несці не толькі ўлады вобласці, але і муніцыпалітэты, піша выданне "tv2". Шматлікія звароты да чыноўнікаў вобласці з просьбай правесці газ накіроўвалі жыхары вёскі Бярозкіна, пасёлкаў Свячной і Кіргізка, а таксама сталіцы вобласці – Томска. Паводле словаў жыхаркі мікрараёна Сцяпанаўка ў Томску Валянціны Малахавай, улады з невядомай прычыны газіфікавалі толькі палову мікрараёна, астатнія дамы пакінуўшы без газу. Пры гэтым праектна-каштарысная дакументацыя датычна газіфікацыі ўсяго мікрараёна з станоўчай высновай была гатовая ў 2014 годзе. На запыты чыноўнікі 6 гадоў адказваюць жыхарам, што мікрараён уключаны ў падпраграму, але "грошай на працы няма" – увесь гэты час жыхары ацяпляюць свае дамы вугалем, кажа Малахава.

Яўлінскі заўважыў, што Расея пастаўляе газ у краіны Еўропы, а цяпер яшчэ і ў Кітай, але сама краіна на траціну не забяспечаная газам. "Падлучэнне газу і электрасетак ператворанае ў кармушку для чыноўнікаў усіх рангаў. У выніку падвесці да дома сто метраў газаправода каштуе ледзь не даражэй, чым пабудаваць сам дом. І сёння мільёны жыхароў нашай краіны вымушаныя абыходзіцца без газу. Для энэргетычнай звышдзяржавы гэта проста ганьба. За апошнія дзесяць гадоў Газпрам зарабіў блізу 600 млрд даляраў, нават 15% ад гэтай сумы хапіла б на газіфікацыю ўсёй краіны", разважае палітык.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках