28 студзеня 2020, aўторак, 1:40
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Перамены неўнікнёныя. Настаў час

5
Перамены неўнікнёныя. Настаў час
АНДРЭЙ САННІКАЎ
ФОТА: ЮРЫ ДРУГ / CHARTER97.ORG

Цікава паглядзець на падзеі «аксамітнай рэвалюцыі» ў Чэхаславаччыне з нашага пункту гледжання.

У мінулую нядзелю мне пашчасціла пабываць на ўнікальнай падзеі ў Празе.

Два дні – у суботу і нядзелю, – на сцэне Нацыянальнага тэатра давалі паказ «Аксамітная сімуляцыя: Кабінет». Гэта дакудрама пра перамовы ўладаў і апазіцыі ў часе «аксамітнай рэвалюцыі». У сутнасці, гэта і была «аксамітная рэвалюцыя».

Доўгі час закуліссе дэмакратычных рэвалюцый ва Усходняй Еўропе было ад нас утоенае, але паступова інфармацыя пра тое, што адбывалася на самай справе, з таемнай станавілася адкрытай.

Бяскроўныя рэвалюцыі ў «сацыялістычным лагеры» адбыліся дзякуючы папярэднім перамовам і дамоўленасцям апазіцыі і камуністычных уладаў пры актыўным удзеле спецслужбаў.

Мы ведаем пра сакрэтныя перамовы лідараў «Салідарнасці» з уладамі ПНР у мястэчку Магдаленка блізу Варшавы, але менш ведаем пра падобныя таемныя сустрэчы ў ЧССР.

Перамовы, якія былі паказаныя на сцэне Нацыянальнага тэатра, адбыліся ў Празе ў лістападзе – снежні 1989 года і прывялі да змены ўлады ў Чэхаславаччыне.

Пасярэдніцай арганізацыі сустрэчы ўлады і апазіцыі выступіла «Ініцыятыва Мост» у асобе музыканта Міхаэла Коцаба і публіцыста Міхала Горачака. Першая сустрэча прадстаўнікоў чэхаславацкага ўрада і кіроўнай Камуністычнай партыі Чэхаславакіі з апазіцыйным Грамадзянскім форумам адбылася 26 лістапада 1989 года (папярэдняя сустрэча Адамца са студэнтамі прайшла 22 лістапада), а 29 снежня ў Чэхаславакіі мірным шляхам змянілася ўлада.

Стэнаграма гэтых перамоваў была апублікаваная праз некалькі гадоў дзякуючы таму, што Уладзімір Ганзель, асабісты сакратар Вацлава Гавэла, запісваў усе гэтыя сустрэчы на дыктафон.

Цікава паглядзець на падзеі тых гадоў з нашага пункту гледжання.

Было відавочна, што крамлёўскія гаспадары здаюць сваіх былых васалаў, у гэтым выпадку прэзідэнта ЧССР Густава Гусака і генеральнага сакратара кампартыі Мілаша Якеша, двух цвердалобых функцыянераў, якія ніяк не хацелі прызнаваць новых рэалій. У гэтай сітуацыі ў камуністычным кіраўніцтве краіны знайшліся сілы, якія пайшлі на перамовы з апазіцыяй. Перамоўную групу ўзначаліў старшыня ўрада ЧССР Ладзіслаў Адамец, «умоўны Румас». Спачатку ён быў катэгарычна супраць таго, каб апазіцыю прадстаўляў Вацлаў Гавел, але вымушаны быў саступіць пад ціскам абставінаў.

Ладзіслаў Адамец вельмі хацеў стаць прэзідэнтам і праштурхнуць сваіх людзей у пераходны ўрад. Пачаўшы перамовы, ён так і не змог зразумець, што перамены неўнікнёныя, што настаў новы час. Не справіўшыся з перамовамі, 7 снежня Адамец вымушаны быў сысці ў адстаўку. Выконваць ягоныя абавязкі быў прызначаны Марыян Чалфа, да нядаўняга часу нават не міністр, а супрацоўнік апарату ўрада, блізкі да спецслужбаў. 10 снежня прэзідэнт Гусак прызначыў Чалфу прэм'ерам і сышоў у адстаўку.

Чалфа быў гнуткім апаратчыкам (умоўны хто заўгодна прыстойны ці проста больш дальнабачны), які дакладна адчуў час і давёў перамовы з апазіцыяй да канца. 15 снежня Марыян Чалфа ініцыяваў таемную сустрэчу з Вацлавам Гавэлам у кабінеце без падслухоўнага абсталявання. Чалфа прапанаваў Гавалу супрацоўнічаць у прасоўванні ягонай кандыдатуры ў прэзідэнты і паабяцаў, што паклапоціцца, каб выбары прайшлі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Таксама ён параіў прызначыць Аляксандра Дубчака старшынёй Федэральнага сходу. Гавэл і Чалфа дамовіліся захаваць размову ў таямніцы.

29 снежня Вацлаў Гавэл камуністычным парламентам быў аднагалосна абраны прэзідэнтам Чэхаславакіі.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Фэйсбук»