27 красавiка 2024, Субота, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як падзеляць грошы беларускіх кіроўцаў у 2020 годзе

24
Як падзеляць грошы беларускіх кіроўцаў у 2020 годзе

Сталі вядомыя планы пра «дарожны падатак».

Бюджэт-2020 дарожнага фонду складзе амаль $ 275 млн у эквіваленце (для разліку мы бралі курс даляра, закладзены ў праекце рэспубліканскага бюджэту на наступны год – 2,2447 рубля). Прыбыткі дарожнага фонду на 2019 г. былі сціплейшыя – $ 253 млн, піша belgto.by.

Грошы ў гэты фонд паступаюць з розных крыніцаў. Напрыклад, туды трапляе плата за праезд па платных дарогах, плацяжы за праезд цяжкавагавых і буйнагабарытных аўто па дарогах агульнага карыстання нашай краіны, мыта за выдачу дазволаў на праезд беларускіх аўтамабільных транспартных сродкаў па тэрыторыях замежных дзяржаваў і да т.п.

Але самы важкі ўнёсак у фармаванне дарожнага фонду робяць аўтаўладальнікі, выплачваючы дзяржмыту за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху (так званы транспартны падатак). Налета гэтая мыта складзе амаль 49% ад усіх прыбыткаў дарожнага фонду.

Колькі грошай збяруць з аўтаўладальнікаў

Згодна з праектам бюджэту налета ўлады плануюць сабраць больш «транспартнага падатку», чым у 2019-м. На 2020 год закладзеная сума $ 134 млн у эквіваленце, у бюджэце на 2019 г. быў $ 131 млн.

Як паведамлялася раней, Мінфін ужо падрыхтаваў праект указа пра змену існай сістэмы выплаты дзяржаўнай мыты за доступ транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Збор плануюць адвязаць ад тэхагляду і дазволіць аўтаўладальнікам аплачваць яго толькі за асобныя месяцы (калі кіроўцы плануюць карыстацца аўто).

Аднак беларускія аўтааматары сумняюцца, што ўлады пойдуць ім насустрач. «Калі ўсё ж дарожны падатак “адвяжуць” ад тэхагляду, то хутчэй за ўсё, вырастуць і штрафы за няпройдзены тэхагляд, і ягоны кошт, і кантроль за аплатай. Без яго стане ездзіць фактычна немагчыма. А пакуль гэтага яшчэ не адбылося, будзем ездзіць, як і раней, проста трэба быць больш уважлівымі», – заявіў у інтэрв'ю Charter97.org аўтамабіліст са стажам, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Васіль Сямёнаў.

«У нас у краіне ні адно новаўвядзенне ў сферы транспарту і камунікацый не палегчыла жыццё звычайным людзям. Ні да чаго добрага гэтыя дарожныя “фокусы” не прыводзяць. Ужо проста перагнулі палку. Такі бардак на дарогах развялі, што проста жах!» – дадае кіроўца.

На што пойдуць грошы з «транспартнага падатку»

Частка сабранай дзяржмыты за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху пойдзе на рэспубліканскія дарогі (іх будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і актуальны рамонт), яшчэ частка – на выплату крэдытаў, выдадзеных на будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Менска. Астатнія грошы накіруюць у выглядзе субвенцый у кансалідаваныя бюджэты абласцей і бюджэт Менска на мясцовыя дарогі.

У 2020 годзе на субвенцыі сыдзе блізу $ 67 млн у эквіваленце (у 2019 годзе – $ 65 млн).

Упершыню за апошнія чатыры гады грошы, сабраныя ў выглядзе дарожнага збору, напалову падзеляць паміж рэспубліканскімі і мясцовымі дарогамі, гэта значыць у рэгіёны вернецца палова сродкаў, выплачаных аўтаўладальнікамі ў выглядзе дарожнага збору. З 2016-га да 2019 года львіная частка сабраных грошай сыходзіла на рэспубліканскія трасы.

2014 год – 50%

2015 год – 50%

2016 год – 40%

2017 год – 39%

2018 год – 45%

2019 год – 49%

2020 год (план) – 50%

(Паводле звестак на пачатак кожнага года і згодна з праектам бюджэту на 2020 год.)

Як падзеляць грошы паміж рэгіёнамі

Усе вобласці і горад Менск у будучым годзе атрымаюць больш субвенцый з дарожнага фонду, чым у 2019-м.

Больш за ўсё грошай дастанецца Менскай вобласці (16,1 млн), менш за ўсё – Менску ($ 1,7 млн). Берасцейская вобласць атрымае $ 11,6 млн (у 2019 годзе нашай вобласці дасталася 11,1 млн).

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках