27 красавiка 2024, Субота, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзёрзкая кампанія выбіла Лукашэнку з каляіны»

39
«Дзёрзкая кампанія выбіла Лукашэнку з каляіны»
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Самае важнае - яшчэ наперадзе.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіла актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і рэжысёрка-дакументалістка Вольга Нікалайчык у каментары апошніх палітычных падзей у нашай краіне.

- Як вы ацэньваеце нядаўнія «выбары» ў «парламент»?

- Публічна, на вачах усяго цывілізаванага свету, улады наплявалі на законы. Увесь гэты ярмошынскі цырк - гэта цынічная абраза ў бок народа.

Такое пачуццё, што Лукашэнка сам для сябе зрабіў гэты спектакль пад назвай «выбары». Таму што ні народ, ні Еўропа, ні АБСЭ ў гэта дзіўнае дзейства не вераць. А навошта ён гэта для сябе робіць, для мяне загадка.

- А як вы ацэньваеце кампанію актыўнага байкоту, якую з выкарыстаннем магчымасці перадвыбарнай агітацыі, праводзіла «Еўрапейская Беларусь»?

- Мне больш за ўсё запомнілася тое, як мы крэатыўна падышлі да гэтай праблемы.

Таму што раней было так: Лукашэнка сам для сябе робіць «выбары», і як ён прыдумаў - так і зрабіў. Трэба было перахапіць у яго ініцыятыву, паказаць, што ўсё можа пайсці не паводле ягонага сцэнару.

Вось мы і прыдумалі і зрабілі такую сваю крэатыўную кампанію: паход у «кандыдаты» разам, усёй талакой (а разам, як вядома, і некага біць лягчэй) - і гэта выглядала вельмі цікава.

Можна сказаць, што нам удалося перахапіць ініцыятыву і дзякуючы нашай дзёрзкай кампаніі Лукашэнка, Ярмошына і іх падручныя выглядалі вельмі разгублена.

Шмат каго з іх наша кампанія выбіла з каляіны: усе гэтыя начальнікі ўчастковых камісій, «з начосамі» і «без начосаў», не ведалі, як сябе паводзіць — ці ўсміхацца, ці прысядаць, ці адразу на нас міліцыю выклікаць.

Яны былі ў поўнай роспачы ад таго, што мы ўжылі крэатыўную і нечаканую тактыку, ды і сама пастанова пайсці кандыдатамі ў «дэпутаты» ўсёй кампаніяй заспела іх знянацку.

Мы накрылі практычна ўвесь Менск і ўсю краіну па абласцях. Нашы кандыдаты выйшлі са словамі на стэндах, ад якіх у прадстаўнікоў улады пацямнела ў вачах. «Баста Астравецкай АЭС! Баста калгаснай дыктатуры!» - думаю, гэтыя лозунгі запомняцца ім надоўга.

І гэта выклікала вялікі водгук, магутны рэзананс ва ўсім грамадстве, бо мы стаялі тры месяцы з гэтымі стэндамі ва ўсіх самых шматлюдных месцах Менска і краіны. Я добра памятаю, які гэта выклікала выбух адмоўных эмоцый, у міліцыі і «прыкарытных» структур, а ў народа - шчасце і радасць. Часта людзі падыходзілі да нашых пікетаў і проста абдымалі, дзякуючы за падораныя ім эмоцыі.

І ў выніку менавіта «Еўрапейская Беларусь» прывяла свабодных людзей да сцен лукашэнкаўскай «палаткі», дзе мы парвалі кандыдацкія рэгістрацыйныя сведчанні і публічна абвясцілі аб тым, што выбараў няма. Мы выйшлі ў цэнтр горада, прайшліся мірным шэсцем - і зноў выбілі з каляіны людзей Лукашэнкі, яго сілавыя структуры, якія не ведалі, што з намі зрабіць — і мы пакінулі іх у роспачы мокнуць пад сценамі «палаты прадстаўнікоў».

Вядома, самае важнае - яшчэ наперадзе, але на гэтым этапе мы перайгралі ўладу. Безумоўна, нам дапамог наш творчы падыход: мы рабілі ўсё гэта неяк лёгка, з гумарам, з такім, ведаеце, юнацкім запалам - і таму ўлады не чакалі такой кампаніі і разгубіліся. Яны думалі, што мы сапраўды хочам патрапіць у «палатку». Яны думалі, што мы гуляем з імі ў «выбары», а мы згулялі з імі ў праўду і паказалі цану іх «выбараў» і іх крывадушнасць у дачыненні да беларусаў.

І гэты запал, гэты пазітыў самым магутным і неймаверным чынам прадоўжыўся: Беларусь паказала пасля гэтых «выбараў» у Вільні, пад якімі сцягамі будуць ходзяць свабодныя людзі і хто іх сапраўдны кумір. А там, на развітанні з Каліноўскім і паўстанцамі, былі найлепшыя людзі нашай краіны.

- Так, шэсце беларусаў у Вільні было ўражальным...чаму, на вашу думку, пасля столькіх гадоў дыктатуры ў Беларусі зноў так шмат людзей, гатовых, што называецца, «падняць сцяг назад»?

- На гэта ёсць дзве прычыны. Па-першае, у нас, беларусаў, гены свабоды вельмі моцныя, і нават за межамі краіны нашы продкі ўзначальвалі паўстанні і ўдзельнічалі ў вызваленчых войнах — як той жа Ігнат Дамейка ці Тадэвуш Касцюшка.

Гены пальцам не раздушыш, і народ у нас, як ні круці, высокаразвіты, еўрапейскі, інтэлектуальны.

Па-другое, вырасла новае пакаленне, людзі хочуць іншага жыцця і не будуць трываць убогую калгасную дыктатуру. Моладзь - гэта не той пласт, які будзе жыць паводле дзікіх лукашэнкаўскіх стандартаў.

Яны ведаюць, як жывуць аднагодкі ў Еўропе, і яны гатовыя быць у авангардзе важных падзей. У гэтым сэнсе беларуская моладзь проста цудоўная. І тое, што шмат моладзі прыйшло на сустрэчы свабодных людзей, кажа пра многае.

І гэтая дзяўчына Ганна Толчыкава, якая выклала відэа з выбарчага ўчастка. Такі адчай відаць у яе, такая шчырасць — што гэта абавязкова выкліча ў людзей рэакцыю. Самае галоўнае: яна выйшла адна, рахманая, тоненькая дзяўчына, у слязах, сама сябе зняла на стрым - і тут выбух, мноства праглядаў, рэакцыя ў грамадстве такая, якой ніхто не чакаў. Таму што людзі гатовыя біцца за яе, за гэтую маленькую Аню, якая ўся ў слязах праз тое, што няма праўды.

І вось дзякуючы ёй і з'явілася праўда. Таму што, дзяўчынка, за табой уся Беларусь. Памятай пра гэта.

- Ці можна казаць аб тым, што апошнім часам адбыліся нейкія важныя перамены ў настроях, нейкі зрух у свядомасці людзей?

- Безумоўна, людзі, асабліва пасля гэтых «выбараў», не вераць Лукашэнку, людзі даўно яму кажуць: «Сыходзь!»

Але цяпер, напрыклад, пачынаўся ў сетцы флэшмоб, дзе беларусы гавораць гэта з адкрытымі тварамі, дзе яны пішуць свае імёны і прозвішчы. Гэта сведчыць аб тым, што Лукашэнка перайшоў усе дапушчальныя межы, і для яго пачаўся адлік зваротнага часу. Людзі проста ў адкрытую выкідваюць яго з краіны, са сваёго дома. У сацсетках нават хатнія гаспадыні, кашатніцы і сабачніцы, як той казаў, падключыліся да флэшмобу «Лукашэнка, сыходзь!».

Усе ўжо адчуваюць, што за намі ёсць крытычная маса, людзі зразумелі, што страху перад дыктатарам у іх няма. За тры месяцы пікетаў я бачыла вочы моладзі, і не толькі моладзі, да мяне падыходзіла вельмі шмат людзей - і ўсе яны ўжо не баяліся. Людзі не баяцца, яны не ведаюць проста, за якую калашыну ўзяць гэтага дыктатара, каб яго выкінуць.

Лукашэнка ведае, што беларускі народ яго ненавідзіць, але дыктатара можа знесці толькі вулічны пратэст. І мяне вельмі радуе, што беларусы сталі ўспрымаць Лукашэнку як галоўную перашкоду для нармальнага, еўрапейскага жыцця.

І мара аб вольнай, еўрапейскай, цывілізаванай Беларусі стала мацнейшай за страх. Лукашэнка для беларусаў перастаў быць грозным дыктатарам, які ў тэлевізары «грыміць і вусамі варушыць». Хутчэй, ён успрымаецца ўжо не як малюнак па БТ, а як карцінка на туалетнай паперы.

- Чаму важна не дапусціць, каб ён выбраўся на чарговы - сёмы па ліку — тэрмін?

- Важна не дапусціць, каб ён наогул пайшоў на прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе. Па-першае, мы можам спыніць Лукашэнку толькі тым, што не дапусцім наогул выбараў з ягоным удзелам. А зрабіць гэта можна толькі праз вулічныя акцыі - каб ён адчуў, што ў народа ёсць голас, ногі, сіла, што нас шмат на вуліцах.

Па-другое, трэба ўжо проста цяпер ціснуць на яго, каб ён сышоў. Хай сыходзіць, а там паглядзім, што з ім рабіць.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках