Што адбываецца з рэйтынгам Зяленскага?
11- 29.11.2019, 11:06
- 14,208
Экспэрты прааналізавалі змены.
Толькі крыху больш за палову ўкраінцаў станоўча ставяцца да Уладзіміра Зяленскага ў канцы лістапада 2019 года. Да кіраўніка Вярхоўнай Рады Дзмітрыя Разумкова - чвэрць, а да прэм'ер-міністра Аляксея Ганчарука - не больш, чым кожны дзясяты, піша nv.ua.
Такія рэйтынгі апублікаваў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі. Паводле вынікаў апытання, дзель тых, хто негатыўна ставіцца да Зяленскага, цягам восені расла. Гэтак жа павялічвалася колькасць тых, хто негатыўна ставіцца да кіраўніка ўраду і спікера парламента. Найбольшы антырэйтынг сярод кіраўнікоў фракцый мае Пятро Парашэнка. Да яго адмоўна ставяцца больш за палову апытаных.
Як зніжаецца рэйтынг Зяленскага
Рэйтынг Уладзіміра Зяленскага цягам восені падаў. Яшчэ ў верасні да прэзідэнта станоўча ставіліся больш за 70% украінцаў. У кастрычніку такіх было больш за 60%, зрэшты на працягу месца кіраўнік дзяржавы страціў больш за 10%.
Увосень больш людзей даведаліся, хто такі прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук. На канец лістапада кіраўніка ўрада ведаюць амаль дзве траціны ўкраінцаў. У параўнанні з кастрычнікам павялічылася колькасць тых, хто не ўхваляе дзеянні прэзідэнта, урада і парламента. Прычым колькасць тых, хто не ўхваляе кожную з галін улады вырасла больш чым на 10%.
Да ключавых украінскіх палітыкаў большасць украінцаў ставіцца адмоўна. Найбольшы антырэйтынг мае Пятро Парашэнка, Віктар Медвядчук, Юлія Цімашэнка і Вадзім Рабіновіч. Зняцце дэпутацкай недатыкальнасці з Пятра Парашэнкі падтрымалі амаль тры чвэрці апытаных. Прыкладна столькі ж не бачаць прасоўвання ў расследаваннях рэзанансных крымінальных спраў. Поспех адзначае менш, чым кожны пяты. У пачатку месяца сітуацыю з расследаваннямі ацэньвалі гэтак жа.
Тэлефонныя інтэрв'ю з выкарыстаннем кампутара праводзілі з 22 да 25 лістапада, без часова акупаванай тэрыторыі - Крыма і асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. На пытанні адказвалі 1 500 рэспандэнтаў, хібнасць выбаркі з імавернасцю 0,95 не перавышае 3%.
Тарыфы, зямля і Данбас
Тарыфы, зямля і пытанне канфлікту на Данбасе цягнуць рэйтынг прэзідэнта ўніз. Такое меркаванне ў каментары НВ выказала экспэртка Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі Святлана Хутка.
У цэлым насельніцтва не падтрымлівае адкрыццё рынку зямлі, і трэба шукаць баланс, адзначыла яна. І дадала, што на рэйтынгах прэзідэнта адбіваюцца і рэпутацыйныя страты Слугі народа. Бо пазіцыя прэзідэнта, Кабміна і фракцыі ўспрымаецца ў пэўнай ступені як адно цэлае.
«З-за такой незразумелай пазіцыі Зяленскага і ягонай партыі на момант выбараў большасць насельніцтва закладвалі пэўныя свае чакання, і мы гэтыя чаканні адсочвалі. Яны рэгулярна тады таксама абвяшчаліся – што да ўлады і змяненняў, якія павінны быць прыцягнутыя ў палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Цяпер насельніцтва сутыкаецца з тым, што яно назірае, наколькі яго чаканні супалі альбо не супалі з тым, што рэальна робіць улада», - адзначыла Хутка.
Папулізм прэзідэнта
Частка насельніцтва бачаць папулізм прэзідэнта, і гэта іх не задавальняе. Такое меркаванне ў эфіры Радыё НВ выказаў прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай Акадэміі Аляксей Гарань.
Але рэйтынгі Зяленскага вышэйшыя, чым у Вярхоўнай Рады і іншых інстытутаў. І тых, хто мяркуе, што краіна рухаецца ў правільным кірунку - больш у параўнанні з мінулым годам. Але ўладам давядзецца прымаць пастановы ў пытаннях, якія насельніцтва трактуе як неадназначныя.
«І рынак зямлі, і прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў - гэта рэчы, да якіх грамадзяне ставяцца адмоўна. Мы цяпер не гаворым пра тое, правільна гэта ці няправільна. Мы разумеем, што гэтыя рэчы трэба рабіць. Але грамадзяне не разумеюць, з імі няправільна наладжваецца камунікацыя, і ў іх ёсць прэтэнзіі да таго, як гэта робіцца», - паведаміў Гарань.
Паслявыбарчы сіндром
Падзенне рэйтынгу ўлады экспэрт ў палітыцы Аляксандр Салантай патлумачыў паслявыбарным сіндромам. Пасля выбараў вялікая частка грамадства, якая звычайна палітычна не актыўная, расчароўваецца ў палітыках.
Ужо праз год-два перад прэзідэнтам верагодна паўстане пытанне, што рабіць з антырэйтынгам. Бо негатыў да Зяленскага можа павялічвацца, але да тых, каго ён прызначыў, ён будзе большы, мяркуе экспэрт.
«І потым у прэзідэнта будзе адпаведна скрыжаванне - скінуць увесь антырэйтынг на спікера, прэм'ера, генеральнага пракурора, сакратара РНБА, губернатараў, калі яны яшчэ застануцца, ці браць на сябе частку негатыву», - адзначыў Салантай.
Нагадаем, у параўнанні са жніўнем, колькасць тых, хто негатыўна ацэньвае першыя крокі дзейнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і ягонай каманды, павялічылася ўдвая. Такія звесткі ў пачатку тыдня апублікавалі фонд Дэмакратычныя ініцыятывы і КМІС.