За інфармацыю пра дрэздэнскія скарбы прызначаная ўзнагарода паўмільёна еўраў
11- 29.11.2019, 9:46
- 9,108
Як прасоўваецца расследаванне рабавання стагоддзя?
Паліцыя Дрэздэна выплаціць 500 тысячаў еўраў за інфармацыю пра месцазнаходжанне старадаўніх ювелірных упрыгожванняў, выкрадзеных са скарбніцы "Зялёнае сховішча" (Grünes Gewölbe), альбо пра зламыснікаў, якія абрабавалі музей. Пра гэта ўлады заявілі ў чацвер, 28 лістапада, паказаўшы, што склад спецкамісіі ў расследаванні гэтага маштабнага злачынства павялічаны з 20 да 40 чалавек. У распараджэнні следчых – ужо 342 паведамленні грамадзянаў, у тым ліку 49 фота- і відэасведчанняў, але сярод іх няма ні аднаго прамога доказу, падкрэсліваюць прадстаўнікі следства. Яны зыходзяць з таго, што ў музеі дзейнічала банда прафесіяналаў, ні адзін з чатырох выкрадальнікаў не злоўлены, паведамляе dw.com.
25 лістапада невядомыя праніклі ў "Зялёнае сховішча" – найбуйнейшы ў Еўропе збор старадаўніх ювелірных вырабаў. Большасць экспертаў падкрэсліваюць, што выкрадзеныя вырабы бясцэнныя. Так, генеральная дырэктарка Дзяржаўных мастацкіх зводаў Дрэздэна Марыён Акерман (Marion Ackermann) паказала, што дакладная сума матэрыяльнай шкоды не можа быць вызначаная, паколькі продажны кошт захоўваных у "Зялёным сховішчы" ўпрыгажэнняў не вызначаны. Аднак рэдакцыя газеты Bild падлічыла, што агульны кошт выкрадзеных вырабаў складае парадку аднаго мільярда еўраў.
Каралеўскія каштоўнасці
Следчыя мяркуюць, што, перад тым як трапіць у музей, злачынцы падпалілі размеркавальны электрашчыт, які знаходзіцца непадалёк, пад мостам Аўгуста Моцнага, што прывяло да адключэння асвятлення ва ўсім раёне. Потым яны прабраліся ў будынак, дзе захоўваецца калекцыя, разбілі сякерай вітрыну і мэтанакіравана выкралі 12 ювелірных вырабаў, а таксама некалькі каштоўных гузікаў для спадніцаў і шпагу, інкруставаную дыяментамі.
Выкрадзеныя каштоўнасці XVIII стагоддзя з трох камплектаў, вырабленых для саксонскіх каралёў Аўгуста Моцнага і Аўгуста III. Акрамя іншага, быў скрадзены эпалет з брыльянтавага гарнітура з дыяментам "Саксонскі белы". Гэты асабліва буйны дыямент мае вагу 49,84 карата. Ягоны кошт эксперты ацэньваюць на 10–12 млн даляраў. Акрамя яго, у эпалеце былі іншыя буйныя брыльянты – вагой 39,5 і 21 карат. Здабычай рабаўнікоў стала таксама зорка польскага ордэна Белага Арла, вырабленая ў сярэдзіне XVIII стагоддзя з пяці вялікіх і 220 дробных дыментаў, 92 рубінаў, золата і срэбра. У цэнтры гэтай зоркі красуецца дыямент вагой 20,189 карата.
Выкрадальнікі пакінулі месца злачынства на аўтамабілі Audi A6, які яны пасля падпалілі ў падземным гаражы прыкладна за пяць кіламетраў ад Дрэздэнскага замка-рэзідэнцыі, на тэрыторыі якога знаходзіцца скарбніца "Зялёны звод", паказана ў прэс-рэлізе паліцыі.
У цяпершні момант музей "Зялёны звод" закрыты для наведвальнікаў, дата яго адкрыцця невядомая.