29 красавiка 2024, панядзелак, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень адзінства і годнасці

13
Дзень адзінства і годнасці

Беларусы паказалі, хто герой, а чый час выйшаў.

Перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў-паўстанцаў у Вільні стала трыумфам нацыянальнага адзінства і годнасці для беларусаў.

Тысячы нашых суайчыннікаў запоўнілі вуліцы старажытнай сталіцы ВКЛ бел-чырвона-белымі сцягамі, пераможным «Жыве Беларусь!» і сакральным «Каго любіш? - Люблю Беларусь! - То ўзаемна».

Як ацэньваюць гэту ўнікальную падзею вядомыя беларусы, чытайце ў рэпартажы Charter97.org.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

«Паміж нашым часам і эпохай Каліноўскага можна правесці паралелі. Толькі тады намі правіў намеснік з Расеі, а цяпер ёсць як бы ўлада, але яна здрадніцкая. Гэтая ўлада - проста ваяўнічае невуцтва. Але зняважыць Каліноўскага немагчыма. Таму - ганьба гэтай уладзе здраднікаў.

Я не чакаў, што тут будзе такое мора беларускіх нацыянальных сцягоў. Гэта значыць, што Беларусь жывая і будзе жыць насуперак гэтай уладзе. Беларусы выжывалі і ў горшых умовах, і я ўпэўнены, што працэс павернецца ў іншы бок, беларусы аб'яднаюцца і перамогуць гэтую ўладу. Лукашэнка кіруе ўжо даўжэй, чым Брэжнеў. Як смяяліся з Брэжнева, так будуць смяяцца і з Лукашэнкі».

ФОТА: «НАША НІВА»

Іван Сурвіла, старшыня Рады БНР:

«Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі сталі натхняльнікамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Каліноўскі стаў сімвалам барацьбы беларускага народу за вольнасць, за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. «Каго любіш? Люблю Беларусь» - гэты пароль выкарыстоўвалі паўстанцы Каліноўскага. Гэты пароль нібы даў штуршок да нараджэння нашай сучаснай нацыі і застаецца нашым паролем, нашым дэвізам па сёння.

Барацьба, якую вялі паўстанцы, праз 55 гадоў пасля іхняй гераічнае смерці прывяла да абвяшчэння незалежных Беларускай Народнай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі і Польшчы.

Змаганне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў служыць нам моцным прыкладам. Нават забіўшы цела, ворагі не здолелі забіць дух нашай вызвольнай барацьбы. І праз дзясяцігоддзі нашы народы перамаглі, бо кіравала імі прага да Волі і Свабоды.

Незалежнасць Беларусі сёння зноў пад пагрозай. Але з верай у нашу праўду, якую так часта ўзгадвае ў сваіх артыкулах Кастусь Каліноўскі, мы пераможам. Беларусь будзе вольнай дэмакратычнай краінай, як нашы сяброўскія Польшча і Літоўская Рэспубліка, з кім мы разам у сённяшні ўрачысты дзень».

ФОТА: «НАША НІВА»

Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі

«Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў, але ўсе яны змагаліся за свабоду. Сярод іх і Каліноўскі, сын беларускага народа. Таму гэта падзея мае асаблівае значэнне для Беларусі. Каліноўскі першым успрымаў беларусаў як асобную палітычную нацыю. Нішто так не аб'ядноўвае, як кроў, пралітая ў супольнай барацьбе за свабоду. Сімвалічна, што паўстанцаў перапахаваюць у Вільні - горадзе, які аб'ядноўвае літоўцаў, палякаў і беларусаў».

Мікалай Статкевіч, старшыня «Народнай Грамады», адзін з лідараў БНК:

«Каліноўскі - бясспрэчны галоўны герой для Беларусі. Ён аддаў жыццё ў 26 гадоў за нашу Радзіму. Якія яшчэ патрэбныя довады? Якія яшчэ патрэбныя прыклады? Перад шыбеніцай, на краі вечнасці, не хлусяць. Ён даў новы імпульс нашай «беларускай справе». І цяпер гэта нейкі знак звыш: перад пагрозай страты незалежнасці Каліноўскі зноў устае і паказвае нам шлях: як дзейнічаць і як змагацца».

Яўген Афнагель, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Напраўду вельмі сімвалічна, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання знайшлі менавіта цяпер. Цяпер, калі наша краіна знаходзіцца на парозе сур'ёзных пераменаў, калі мы апынуліся напярэдадні вельмі важнага перыяду для беларусаў, дужа важна, што велізарная колькасць беларусаў знаходзіцца цяпер у Вільні, што тут тысячы бел-чырвона-белых сцягоў і што людзі з розных арганізацый і гарадоў прыехалі, каб аддаць даніну памяці нашаму нацыянальнаму герою, чалавеку, які стаяў ля вытокаў стварэння незалежнай Беларусі.

Усе гэта стварае ўражанне нацыянальнага адзінства. Людзі з розных арганізацый, розных палітычных поглядаў вітаюць адзін аднаго, віншуюць, вітаюцца.

Пароль паўстанцаў «Каго любіш? - Люблю Беларусь!» лунае над старажытнай Вільняй на кожным кроку. Калі мы ішлі сёння раніцай паўпустымі вуліцамі Вільні, сустракалі як знаёмых, так і незнаёмых людзей - і з усімі абменьваліся паролем паўстанцаў. І з гэтых слоў мы ўсе разумелі, што мы з Беларусі, што мы адзіныя, што мы з аднаго лагера, што мы разам. І напраўду гэта вельмі і вельмі натхняе.

Таксама, як і тое, што сёння адбывалася ў цэнтры Вільні. Калі парэшткі паўстанцаў пад званы і барабанны дроб выносілі з сабора - гэта было вельмі моцным момантам. І такіх натхняльных момантаў беларусы, напэўна, не бачылі і не чулі вельмі даўно.

Упэўнены, што ўдасца захаваць і прывезці з Вільні ў Менск гэты дух нацыянальнага адзінства, які людзі не змогуць забыць. Людзям, якія сёння тут, (а многія з іх яшчэ не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту), гэта дасць магутны імпульс. Бо яны ўбачылі вось што: тысячы людзей пад нашымі нацыянальнымі сцягамі сабраліся разам і ўшаноўваюць самага вялікага нацыянальнага героя новай гісторыі Беларусі. Такія рэчы не забываюцца.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

І мы ўбачым нацыянальнае адзінства на вуліцах Менска і найбліжэйшым часам».

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org:

«Дзень беларускай нацыянальнай годнасці. Неўзабаве - і ў Менску».

«Ганьба!» прадстаўніку Лукашэнкі

У Вільні на Кафедральнай плошчы віцэ-прэм'ера Беларусі прадстаўніка лукашэнкаўскага рэжыму віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнку ў Вільні на Кафедральнай плошчы сустрэлі крыкамі «Ганьба!».

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Петрышэнка падчас выступу пасля Імшы ў Віленскім Кафедральным саборы, заявіў, што «для кожнай краіны ёсць свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай фігурай, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах»

Прамову Петрышэнкі звонку сабора на Катэдральным пляцы беларусы сустрэлі крыкамі «Ганьба!».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках