27 красавiка 2024, Субота, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дудзь перамагае Пуціна

16
Дудзь перамагае Пуціна
ЮРЫЙ ДУДЗЬ

На стол кіраўніку Крамля паклалі вынікі закрытага апытання ў Расеі.

Расейскі журналіст Юрый Дудзь заняў другое месца ў даверы сярод насельніцтва паводле вынікаў закрытага апытання, якое праводзілася ў Расеі. Ягоная папулярнасць расце, палітолагі загаварылі, што ён можа паўтарыць феномен прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і нават стаць кіраўніком РФ.

OBOZREVATEL ацаніў шанцы журналіста, інтэрв'ю і фільмы якога ўжо збіраюць мільённую аўдыторыю.

На днях прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну паклалі на стол вынікі закрытага апытання ў краіне, і яны яго моцна занепакоілі. Так у сваім тэлеграм-канале, са спасылкай на крыніцы ў Адміністрацыі прэзідэнта, напісалі аўтары "Крамлёўскага мамкаведа". Гэта адзін з самых папулярных каналаў Расеі, з аўдыторыяй больш за 100 тысячаў чалавек. Высветлілася, што журналіст-ютубер Юрый Дудзь заняў другое месца ў даверы сярод насельніцтва.

"Крыніцы з Крамля паведамляюць: там усе вельмі ўсхваляваныя ростам папулярнасці блогера і маюць намер у найбліжэйшы час прыняць усе неабходныя прэвентыўныя захады для ягонай дыскрэдытацыі. Тым больш, што такая папулярнасць моцна занепакоіла самога Пуціна", – напісалі яны.

Пра Юрыя Дудзя як пра патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Расеі загаварылі ў сярэдзіне верасня пасля ягонай прамовы на цырымоніі ўручэння прэміі GQ. Тады якраз прадаўжаліся масавыя арышты пратэстоўцаў супраць нядопуску апазіцыі на выбары ў Масгардуму, і Юры са сцэны нагадаў усім, што "важна казаць пра палітычныя рэпрэсіі, паліцэйскае самавольства, карупцыю і фальсіфікацыю на выбарах".

"У мяне ёсць просьба. Калі ў Расеі наступны раз будуць дубасіць чарговых простых мінакоў дубінкамі, калі будуць красці наступны вагон дзяржаўных грошай, калі будуць укідваць новы пачак макулатуры ў выбарчую скрыню, я вельмі прашу вас казаць пра гэта, а не маўчаць", – заклікаў ён.

На наступны дзень ягоную прамову пракаментаваў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Маўляў, мы тут у Крамлі не схільныя перабольшваць значэнне тых ці іншых свецкіх мерапрыемстваў, тым больш – не схільныя да таго, каб праецыраваць некаторыя выказванні, зробленыя на такіх свецкіх мерапрыемствах, на агульны настрой.

"На пункт гледжання кожнага паважанага чалавека знойдзецца іншы паважаны чалавек, які не менш аргументавана можа разбіць гэтыя тэзісы", – падсумаваў ён і адзначыў, што "яны фіксуюць усе меркаванні і бяруць іх пад увагу".

Пасля гэтага расейскія палітолагі пачалі параўноўваць Дудзя з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, маўляў, той цалкам здольны паўтарыць ягоны палітычны поспех у Расеі. Паліттэхнолаг Станіслаў Бялкоўскі ў інтэрв'ю на "Эхо Москвы" ўгледзеў у журналіста цікавасць да палітыкі, нягледзячы на тое, што сам Дудзь усё адмаўляе.

"Дудзь – гэта ўкраінскі Зяленскі. У наяўнасці ўсе ягоныя палітычныя таленты. Ім абодвум уласцівыя лёгкасць, у абодвух адсутнічае лжывы пафас, уласцівы многім палітыкам старэйшых пакаленняў. Яны кажуць адкрыта, і нават калі ў чымсьці хітраць, то робяць гэта вельмі тонка, выявіш не адразу. Дудзь заўсёды ішоў ад перамогі да перамогі: апошні ягоны фільм пра Беслан адразу стаў культавым – у Ютубе яго паглядзела 13 млн чалавек. Яму яшчэ трэба ўмацавацца псіхалагічна", – упэўнены Бялкоўскі.

«Дудзь малайчынка і робіць велізарную справу – ён грабе старыя завалы хлусні, – сказала ў інтэрв'ю OBOZREVATEL акторка Лія Ахеджакава, адказваючы на пытанне, ці можа Дудзь стаць наступным прэзідэнтам Расеі. – Вось гляджу Любу Собаль, думаю, прэм'ер-міністр. Слухаю Ягора Жукава, і думаю, ну вось хлопец дарасце і, можа, будзе прэзідэнтам. Гэта не тое, што "дайце нам Зяленскага" – гэта іншае. Ёсць выдатныя людзі, якія могуць стаць на чале краіны, і іх нямала».

А вось пісьменнік Дзмітрый Быкаў, у інтэрв'ю на тым жа "Эху", усумніўся, што самі расейцы змогуць прыняць прэзідэнта з творчых прафесій. Паводле ягоных словаў, яны па-ранейшаму ўпэўненыя, што лідарам краіны павінен быць абавязкова сілавік, які валодае сталёвымі текстуламі.

"Не зможа Дудзь стаць нашым Зяленскім, таму што ў Расеі існуе вельмі моцная прадузятасць супраць гуманітарыяў, артыстаў, журналістаў. Чамусьці ўсім здаецца, што на чале краіны павінен стаяць непрыкметны спецслужбіст. Гэта не можа быць слюнцяй, як мяркуе цяперашні кіраўнік. Ну і акрамя таго, ёсць меркаванне, што прэзідэнтам можа быць сістэмны палітык, які доўга ў гэтым варыўся. Хоць я быў бы шчаслівы, калі б Дудзь стаў прэзідэнтам. З усіх, хто дзейнічае сёння ў публічным полі, ён адзін выпраменьвае цікаўнасць і добразычлівасць, цікавасць да суразмоўцы", – падкрэсліў Быкаў.

Крамлёўскія паліттэхнолагі могуць распрацоўваць дзясяткі варыянтаў трансферу ўлады 2024 года, а Юрый Дудзь можа быць адным з іх. Калі нейкі праект пачынае быць папулярным – у яго ўкладваюць грошы, гадуюць і назіраюць далей. Палітычная сістэма пуцінізму вар'яцка гнуткая і вельмі прыстасаваная да сучаснага свету. Нашмат больш, чым еўрапейская, упэўнены расейскі паліттэхнолаг Дзмітрый Запольскі.

«Малады ютуб-журналіст – гэта ідэя. Але не варта разумець гэта як "у Крамлі сядзяць і кагосьці гадуюць". У іх зусім іншая тэхналогія. Яны працуюць над многімі варыянтамі, Дудзь можа быць толькі адным з іх. Памятаеце, як Сяргей Бадроў-малодшы раптам стаў героем фільма "Брат-2"? Гэта ж быў палітычны праект. Рэальна Сяргея Бадрова-малодшага разглядалі як патэнцыйнага прэзідэнта Расеі. Потым Мікіта Міхалкоў таксама хацеў быць прэзідэнтам. Ягоны фільм "Сібірскі цырульнік" – таксама ж у стылі "а ці не зрабіць нам з яго прэзідэнта?". Так што пакуль назіраем», – падсумаваў ён.

Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Расеі запланаваныя на 2024 год. На той момант Уладзіміру Пуціну споўніцца 72 гады, а Юрыю Дудзю – 35.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках