29 красавiка 2024, панядзелак, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея страціць частку сваіх зямель

23
Расея страціць частку сваіх зямель

Пуцін задумаў непрыемны абмен для Украіны.

Прэм'ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ публічна паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец праблеме спрэчных Курыльскіх выспаў. У Расеі на гэта адрэагавалі праектам закона, які забараняе аддаваць Японіі выспы Курыльскай грады. Большасць расейскіх СМІ напісалі, чаму Японія не атрымае назад свае былыя тэрыторыі, але блізкія да расейскай улады крыніцы кажуць пра тое, што верхавіна Крамля гатовая аддаць Курылы.

Расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін упэўнены, што рана ці позна Расеі ўсё ж давядзецца вярнуць Курылы Японіі. І наўзамен яна можа запатрабаваць прызнання анэксіі Крыма. Сваё бачанне сітуацыі ён выказаў у каментары "Апострофу".

- 10 верасня на Дзяржсавеце ў Прыморскім краі Пуцін сказаў, што гэты рэгіён за 2017 год страціў 17 тысяч чалавек. Гэта значыць, з'ехала на 17 тысяч больш, чым прыехала. І гэта звесткі не аднаго года - народ адтуль з'язджае сістэматычна. Прычым, як раз тыя людзі, у якіх ёсць грошы.

Пры гэтым зразумела, што нават у тэрмінах Уладзіміра Пуціна далёкаўсходняя тэрыторыя валодае вельмі высокім коштам - вайсковым. Там Ціхі акіян, Кітай, Японія, Злучаныя Штаты праз Берынгаву пратоку. Далёкі Усход трэба абавязкова ўтрымліваць пад кантролем, трымаць там насельніцтва, вайскоўцаў, тэхніку, інфраструктуру, каб мець магчымасць падцягнуць войскі. Гэта прадмет сапраўднага клопату Крамля. І ўсё адно гэтая тэрыторыя занядбаная, бо не стае грошай, каб туды фундаваць.

Зразумела, што Крэмль вельмі перажывае з нагоды Кітая, які імкліва ўзмацняе геапалітычную ўплывовасць. Японія ў вайсковым плане для іх не такая страшная, як Кітай, затое ў яе шмат грошай. І было б вельмі добра, калі б яна інвеставала ў Далёкі Усход свае капіталы. Для гэтага ёсць адна перашкода: Японія мяркуе, што чатыры выспы Курыльскай грады ў яе аднялі незаконна. Гэтыя выспы былі японскімі заўсёды: там жылі японцы, там былі японскія землі. І гэта вельмі балюча ўспрымаецца ў Японіі.

Адпаведна, калі аддаць гэтыя чатыры выспы, можна будзе атрымліваць японскае фінансаванне на развіццё тэрыторый. Атрымліваецца зразумелы канфлікт: з аднаго боку, савецкае насельніцтва, выхаванае ў традыцыі «ворагу не аддадзім ні пядзі», а з другога, інтарэсы рэгіянальнага развіцця, прычым балючыя, таму што Далёкі Усход даволі хутка апускаецца ў чорную яму. І як яго ратаваць?

Тое, што адбываецца прадказальнае. Рана ці позна Курыльскія выспы давядзецца аддаць, бо грошай для развіцця Далёкага Усходу няма і не будзе. А яны патрэбныя не для развіцця, а каб рэгіён прынамсі не дэградаваў.

Крым адхапілі, і народ у захапленні, але ж туды трэба фундаваць - і фундуюць - кожны год прыкладна 100 млрд рублёў, якія адбіраюцца з іншых артыкулаў бюджэту, з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, з таго ж Далёкага Усходу. Калі пачалі будаваць Крымскі мост, перасталі будаваць мост праз раку Лену, што значна адбілася на тармажэнні якасці тэрытарыяльнага засваення Якуціі.

Пакуль што Пуцін глядзіць на грамадскую думку, пасылае сігналы японцам... А японцы ўжо гадоў дваццаць размінаюць тэму Курыльскіх выспаў. Кожны японскі прэм'ер марыць вярнуць іх Японіі, але не атрымліваецца. А ў Расеі гэтыя чатыры выспы як у сабакі на сене: людзі там жывуць, як сасланыя. Трапіць на гэтыя выспы нікому не хочацца - у асноўным там вайсковыя гарадкі. А ў сэнсе пераважнай ідэалагічнай устаноўкі - гэта наша святая нятленная зямля. Значыць, будзеце назіраць, як яны дэградуюць пад вашым кантролем.

Становіцца зразумела, што Расея губляе кантроль над Далёкім Усходам. Адпаведна, у Пуціна просты варыянт: адрэзаць кавалачак Далёкага Усходу - гэтыя чатыры праклятыя выспы, аддаць іх японцам і атрымаць ад Японіі вельмі добрую кампенсацыю, якую выдаткаваць на засваенне таго ж Далёкага Усходу.

Тое, што Пуцін пасылае гэтыя сігналы, сведчыць аб тым, што ён не зусім вар'ят. Але краіна рэагуе, як вар'ятка: патрабуе, каб ён не здраджваў, не зліваў, сваёй зямлі не аддаваў ні пядзі. А толькі наадварот - заваёўваў чужую.

Зразумела, што рана ці позна Пуцін ці той, хто яго зменіць, будзе вымушаны аддаць Курыльскія выспы. Чым раней гэта будзе зроблена, тым лепш зможа прасунуцца кантынентальная тэрыторыя Далёкага Усходу. Таму што фундаваць трэба не толькі грошы, але і час.

Цалкам можа быць, што Масква будзе патрабаваць наўзамен не толькі інвестыцый, але і прызнання Японіяй анэксіі Крыма. Паколькі для Пуціна вельмі важны прапагандысцкі чыннік, было б лагічна, калі б ён паступіў менавіта так. Такім чынам ён нагадаў бы грамадскай думцы, што Крым - наш, бо гэтая тэма ўжо не выклікае былых захапленняў. Скажа: «Так, мы аддалі гэтыя выспы з такой вось прычыны. Але параўнайце, які Крым выдатны і якія гэта маленькія японскія выспачкі».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках