Гатэлі і музеі Польшчы знізяць кошты ўдвая ў першыя выходныя кастрычніка
- 19.09.2018, 21:16
- 7,729
6-7 кастрычніка гатэлі, гастранамічныя, транспартныя паслугі, уваход у музеі будуць як мінімум напалову таннейшымі.
У першыя выходныя кастрычніка, ужо пятым разам, пройдзе акцыя «Польшча - убачыць большае - Выходныя за паўкошту». Гатэльныя, гастранамічныя, транспартныя паслугі, уваход у музеі будуць як мінімум напалову танней, паведамляе «Радыё Польшча».
Акцыя накіраваная на падаўжэнне традыцыйнага турыстычнага сезону. Сёлета свае паслугі па зніжаных коштах прапануе рэкордная колькасць партнёраў - 757.
Кіраўнік Польскай турыстычнай арганізацыі Роберт Анджэйчык разлічвае на тое, што прапановамі скарыстаюцца 150 тысяч палякаў. «Ідэя заключаецца ў тым, каб гэтай акцыяй скарысталіся як прадпрымальнікі, якія, у першую чаргу, выйграюць ад падаўжэння сезона, а таксама атрымаюць маркетынгавую падтрымку, якую мы прапануем сумесна з нашымі партнёрамі, так і турысты. Гаворка ідзе пра тое, каб стварыць трэнд наведвання Польшчы пасля заканчэння галоўнага турыстычнага сезону», - заявіў ён.
Эва Паўляк-Левандоўскі з Міністэрства спорту і турызму адзначыла, што акцыя ўжо апраўдала сябе, бо колькасць удзельнікаў павялічылася ўдвая, у параўнанні з першым годам правядзення. Акрамя таго, падоўжыўся турыстычны сезон у Польшчы. Не выключана, што налета восеньская акцыя «Выхадныя за паўкошту» адбудзецца ў лістападзе.
Найбольшая колькасць прапаноў па зніжаных цэнах прадстаўленая ў гатэльным сектары (33% ад усіх прапаноў), на другім і трэцім месцы - славутасці (20%) і ежа (15%). Больш за ўсё кампаній, якія наважылі прыняць удзел у акцыі, знаходзяцца ў Малапольскім, Паморскім, Мазавецкім і Ніжнесылескім ваяводствах.
Вясновая акцыя запланаваная на сакавік 2019 года.