Наталля Радзіна: Мы зразумелі, наколькі патрэбныя людзям
6- 18.09.2018, 19:37
- 106,362
Міжнароднае французскае радыё расказала пра 20-годдзе сайта «Хартыя'97».
«Хартыя'97» адзначае дваццацігоддзе. Цяпер апазіцыйны навінавы рэсурс працуе ў выгнанні, яго галоўная рэдактарка Наталля Радзіна ўцякла ў 2011 годзе з Беларусі, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, паведамляе Міжнароднае французскае радыё.
Наталля Радзіна прыйшла працаваць у «Хартыю'97» яшчэ студэнткай, з 2001 года -рэдактарка выдання. Пасля Плошчы-2010 была арыштаваная, правяла ў турме КДБ паўтара месяца, выпушчаная пад падпіску аб нявыездзе, затым замест прыезду на допыт — уцёкі ў Еўропу праз Расею, спачатку - Вільня, цяпер жыве і працуе ў Варшаве.
«Хартыю'97» часта папракаюць у залішняй радыкалізацыі, рэдакцыя рэсурсу не хавае сваёй выразнай апазіцыйнай накіраванасці, але нават супраціўнікі прызнаюць - сайт вядомы і папулярны ў беларусаў, гэта адзін з самых наведвальных рэсурсаў у краіне. 24 студзеня 2018 года Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ на тэрыторыі краіны да «Хартыі'97».
У інтэрв'ю Наталля Радзіна кажа, што стваральнікі «Хартыі'97» былі ўпэўненыя ў папулярнасці інтэрнэт-выдання, але не разлічвалі на два дзесяцігоддзі фактычна падпольнай працы.
- Я была ўпэўненая, што «Хартыя» будзе запатрабаваная. Вядома, я спадзявалася, што «Хартыя» будзе працаваць у свабоднай Беларусі значна раней, але нашая барацьба зацягнулася на 20 гадоў, мы па-ранейшаму на маршы, працягваем рабіць сваю справу, бо ведаем, што беларусам патрэбная свабодная, незалежная, непадцэнзурная інфармацыя. І як бы ні было цяжка, у якіх бы варунках мы ні працавалі, якія б страты ні неслі — мы прадаўжаем рабіць гэтую працу. Як гаворыцца, хто - калі не мы?
- Як адбілася блакаванне?
- Да блакавання сайта «Хартыя» ў студзені гэтага года наша наведвальнасць складала блізу двух з паловай мільёнаў унікальных наведвальнікаў кожны месяц, мы мелі блізу 45 мільёнаў праглядаў артыкулаў на месяц, за некалькі месяцаў да блакавання нас прачытала чатыры мільёны ўнікальных наведвальнікаў з Беларусі – гэта прыкладна палова дарослага насельніцтва краіны. Вядома ж, пасля блакавання аўдыторыя крыху зменшылася, але сёння мы здолелі вярнуць ужо палову аўдыторыі, беларусы актыўна выкарыстоўваюць шляхі абыходу блакавання. Мы зразумелі, што людзям важная інфармацыя, якая ёсць на «Хартыі», што яны любяць гэты сайт, што яны не могуць без яго абысціся і гатовыя рабіць усе патрэбныя захады для таго, каб чытаць нашы артыкулы. Такім чынам, сёння мы маем больш за сто тысяч унікальных наведвальнікаў на дзень, больш за мільён унікальных наведвальнікаў на месяц і больш за дваццаць мільёнаў праглядаў нашых артыкулаў на месяц. Мы па-ранейшаму застаёмся лідарам сярод незалежных беларускіх сайтаў.
- Надоечы вы паведамілі пра пагрозы на свой адрас.
- Я атрымлівала і будучы ў Беларусі такія пагрозы, якія, увогуле, былі рэалізаваныя, калі мяне кінулі ў турму КДБ, дзе давялося прайсці, у тым ліку і праз катаванні. Потым былі пагрозы, калі я змагла ўцячы з Беларусі ў Вільню, яны былі ў Літве і былі некаторы час у Варшаве, у першыя гады маёй працы тут. Потым на некаторы час спыніліся. Цяпер усё аднавілася. Думаю, што да гэтых пагроз трэба ставіцца сур'ёзна, бо мы бачым, што сёння робяць, напрыклад, расейскія спецслужбы за мяжой.
Некалькі дзён таму я ўдзельнічала ў канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве аб пытаннях чалавечага вымярэння, і там прадстаўнікі апазіцыі Таджыкістана казалі пра тое, што ўлады гэтай краіны засылаюць сёння ў Еўропу эскадроны смерці, якія ліквідуюць палітычных апанентаў за мяжой. То бок, гэта ўжо тэндэнцыя: дыктатарскія рэжымы распраўляюцца са сваімі апанентамі не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой, бо барацьба можа доўжыцца і па-за межамі краіны. Камунікацыя значна спрошчаная дзякуючы тэхналогіям, і ўлады гэтага вельмі баяцца і спрабуюць процідзейнічаць усялякімі метадамі. Улады краін Еўразвязу павінны разумець гэта і рабіць патрэбныя захады для абароны людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі іх краін і прадаўжаюць працаваць для развіцця дэмакратыі ў сябе на радзіме.
- У пачатку верасня вы заявілі пра крытычную сітуацыю на «Хартыі'97», пра змену еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да недзяржаўных СМІ ў Беларусі, звярнуліся па дапамогу да сваіх чытачоў.
- Сёння складваецца вельмі цяжкая сітуацыя з падтрымкай незалежных медый і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Адбываецца сталае скарачэнне дапамогі як медыям, так і праваабарончым арганізацыям. Сёння, напэўна, няма ніводнай незалежнай арганізацыі ў краіне, якая б не адчувала фінансавыя цяжкасці. Гэта ж тычыцца незалежных сайтаў і газет, якія яшчэ засталіся ў Беларусі. Такія ж праблемы сёння адчувае сайт «Хартыя-97», нягледзячы на тое, што мы працуем ужо 20 гадоў, з'яўляемся лідарам беларускага інтэрнэту і сапраўды супрацьстаім не толькі лукашэнкаўскай, але і расейскай, пуцінскай прапагандзе.
Вельмі многія фонды, якія дэкларуюць падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, сёння нам адмаўляюць у дапамозе з надуманых падстаў. Я бачу ў гэтым пэўную тэндэнцыю, бо ўсе мы назіраем сёння ўзмацненне кантактаў еўрапейскіх чыноўнікаў з рэжымам Лукашэнкі, і ствараецца адчуванне, што кіраўнікі гэтых фондаў не хочуць злаваць дыктатара падтрымкай вось такіх апазіцыйных, незалежных, непадкантрольных рэжыму арганізацый, як «Хартыя» або іншыя беларускія незалежныя арганізацыі. І я вам хачу сказаць, што такая тэндэнцыя сёння відавочная на ўсёй постсавецкай прасторы.
Адначасова з «Хартыяй» абвясціла аб фінансавых цяжкасцях расейская «Новая газета», найстарэйшае папулярнае ў Расеі і вельмі прафесійнае выданне. Сур'ёзныя праблемы адчувае крымска-татарскі тэлеканал АТR, які ледзь не адзіны спрабуе вяшчаць на акупаваную тэрыторыю Крыма. На той жа канферэнцыі АБСЕ я размаўляла з армянскімі прадстаўнікамі і журналістамі, якія распавядаюць пра тое, што таксама адчуваюць праблемы з фінансаваннем. Праваабаронца з Азербайджана Эмін Гусейнаў мне распавёў, што падтрымка незалежных СМІ Азербайджана за апошнія гады скарацілася ў дзесяць разоў. Тое ж самае казалі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Казахстана. Сітуацыя напраўду цяжкая, і яна вядзе да катастрафічных наступстваў.
Пра гэта сёння неабходна весці дыскусіі, казаць пра гэта шчыра і пытацца еўрапейскіх чыноўнікаў: «Што адбываецца?» Мы ўвесь час чуем гучныя заявы еўрапейскіх палітыкаў аб тым, што вядзецца барацьба з пуцінскай прапагандай, мы ведаем, што на гэта выдаюцца велізарныя грошы, але куды дзяюцца гэтыя грошы? Чаму медыі, якія сапраўды вядуць гэтую самую барацьбу, якія нясуць ахвяры - многія журналісты гінуць, апынаюцца сёння ў вельмі цяжкай сітуацыі, фактычна на мяжы закрыцця?
- Зварот да чытачоў меў сэнс?
- Безумоўна. Мы зразумелі, наколькі мы патрэбныя людзям, людзі пачалі нам актыўна дапамагаць, нашы чытачы сталі перасылаць сродкі. Зразумела, што яны не могуць пералічваць нейкія вялікія сумы, бо сёння ў краіне сур'ёзны эканамічны крызіс. Але людзі працягваюць слаць - хто колькі можа. І мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто нас падтрымаў.
Я таксама звяртаюся да беларускіх бізнэсоўцаў, якія сёння знаходзяцца ў вельмі незайздросным становішчы — мы бачым, што ва ўмовах эканамічнага крызісу Лукашэнка спрабуе адшукаць сродкі ўсімі магчымымі спосабамі, і бізнэс сёння ідзе ў турмы шырокімі шэрагамі. Так было заўсёды, калі ўладзе патрэбныя грошы. Мы ведаем са сведчанняў палітвязняў, якія выходзілі з турмаў, што вялікая колькасць зняволеных сёння — гэта бізнэсоўцы. Дык вось я звярнулася ў тым ліку да іх з просьбай дапамагчы сайту «Хартыя», іншых незалежных медый, спадзяюся, мой заклік будзе пачуты. Для іх гэта шанец вярнуць сабе павагу і шанец на змены ў краіне. Толькі самі беларусы могуць дапамагчы сабе, сваім незалежным арганізацыям і такім чынам змяніць сітуацыю да лепшага.
- Наталля, жыццё і праца «Хартыі'97» у выгнанні: рэсурс, як мяркуюць не толькі вашы супраціўнікі, усё больш адрываецца ад рэальнай сітуацыі ў Беларусі, цалкам сыходзіць у барыкадную журналістыку. Што адкажаце на гэта?
- Наведвальнасць сайта «Хартыя», яго папулярнасць унутры краіны кажа сама за сябе. Мы адэкватна ацэньваем сітуацыю ў краіне, гаворым праўду аб тым, што напраўду адбываецца ў Беларусі. Больш за тое, у Беларусі сёння працуюць падпольна карэспандэнты сайта «Хартыя», яны не могуць пра гэта заяўляць адкрыта, бо адразу ж падпадуць пад каток рэпрэсій. Самая галоўная наша перавага працы за мяжой - мы не падпадаем пад цэнзуру з боку ўладаў і ў нас няма самацэнзуры. Самацэнзура ў Беларусі сёння зашкальвае. Я не збіраюся ні ў чым нікога вінаваціць, я выдатна разумею, наколькі цяжка працаваць унутры краіны, але факт застаецца фактам. Пра многае НЕ пішацца сёння ў незалежных медыях. Але пра гэта можа напісаць «Хартыя».
Да мяне часта звяртаюцца журналісты беларускіх СМІ і просяць апублікаваць матэрыялы, ад якіх адмовіліся іх рэдактары праз боязь закрыцця выдання. Акрамя таго, я нагадаю яшчэ аб адной вельмі важнай тэме. Мы ўжо даўно заяўлялі пра тое, што ў Беларусі працуюць з незалежнымі СМІ куратары з КДБ, якія вядуць першасную цэнзуру медый. Гэтую інфармацыю мне распавядалі яшчэ ў 2012 годзе галоўныя рэдактары беларускіх незалежных СМІ, вядома, непублічна. Але сёння гэтую інфармацыю ўжо адкрыта пацвердзіў былы галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк, ён пра гэта распавёў у інтэрв'ю газеце The Washington Post. Гэта таксама важны момант, пра які трэба казаць, і які паказвае ўзровень свабоды незалежнай журналістыкі ў Беларусі.
- На ваш погляд, апошнія падзеі вакол беларускіх СМІ - ператрусы, справа БелТА, штотыднёвыя штрафы фрылансерам і супрацоўнікам неакрэдытаваных у Беларусі замежных выданняў і тэлеканалаў — усё, адліга, пра якую загаварылі пасля зняцця еўрапейскіх санкцый, скончылася?
- Увогуле ніякай адлігі ў Беларусі ніколі не было. Проста на нейкі час улады ад арыштаў перайшлі да штрафаў, потым зноў аднавіліся арышты. Сёння палітычная воля людзей здушаная, а рэжым застаецца дакладна такім жа жорсткім. У Беларусі сёння на сто тысяч насельніцтва ў сем разоў больш супрацоўнікаў праваахоўных органаў, чым было ў СССР. Гэта абсалютна паліцэйская дзяржава, якая сёння спрабуе кантраляваць усіх і кожнага. Казаць аб нейкай адлізе проста не даводзіцца. Усе выбары па-ранейшаму фальсіфікуюцца. Цяпер трэба проста адэкватна ацэньваць сітуацыю ў краіне і працаваць на яе змяненне без нейкіх фальшывых ілюзій.
Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:
АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:
РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:
Назва банка:Bank Millennium S. A.
Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa
IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123
SWIFT: BIGBPLPW
Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»
Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe
Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]