«Белсат»: Цяжка знайсці беларуса, які б не чытаў «Хартыю»
2- 13.09.2018, 7:57
- 31,062
Сюжэт тэлеканала «Белсат» да 20-годдзя сайта Charter97.org.
Не перастае расці ціск на нашых калег з сайта Charter97.org, які адзначае 20-гадовы юбілей. За 20 гадоў чаго толькі не было: і блакаванне, і вымушаная эміграцыя, і загадкавая смерць заснавальніка сайта Алега Бябеніна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Аднак «Хартыя» выжыла, а папулярнасць сайта толькі расце, прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, гаворыцца ў сюжэце Вітаўта Сіўчыка на тэлеканале «Белсат».
Да «Хартыі-97» ставяцца па-рознаму: хтосьці вінаваціць сайт у тэндэнцыйнасці, а хтосьці ўпэўнены, што гэта адное з апошніх медый, непадкантрольных КДБ. У кожным выпадку цяжка знайсці беларуса, які карыстаўся б інтэрнэтам і ніколі не чытаў гэтыя старонкі.
Жыхары Гомеля:
- Навіны даволі цікавыя. І з якога боку яны паказаны таксама мне падабаецца.
- Ёсць, вядома, хібы ў кожнага сайта, але, мне здаецца, на «Хартыі» гэта занадта аднабока паказваюць.
- Вельмі шмат інфармацыі, той, якой няма ў афіцыйных крыніцах. Я магу ўзяць і прачытаць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі.
- Падабаецца тым, што там кажуць праўду.
Сёння «Хартыя-97» адзначае свой 20-ы дзень нараджэння, і, як відаць, за гэты час рэдакцыі ўдалося павялічыць колькасць сваіх чытачоў.
Сюжэт пра «Хартыю-97» з 11:10:
Галоўная рэдактарка сайта Наталля Радзіна кажа:
- Да блакавання Charter97.org чытала палова дарослага насельніцтва Беларусі, за апошнія некалькі месяцаў у сайта было блізу 4 мільёнаў унікальных наведвальнікаў з нашай краіны.
Блакаванне, пра якое згадвае Наталля Радзіна, доўжыцца ўжо амаль 8 месяцаў. Гэта самая доўгачасовая забарона апазіцыйнага рэсурсу, але не адзіная. «Хартыю-97» ужо блакавалі ў разгар палітычнай барацьбы, падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў. Узломвалі пасля Плошчы-2010.
Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч сцвярджае:
- «Хартыя» небяспечная, бо яна ўплывае. «Хартыя» не абыходзіць, у адрозненні ад большасці СМІ, той ганебны юрыдычны факт, што Беларусь - гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўлада кантралюецца незаконнай злачыннай групоўкай на чале з былым прэзідэнтам краіны.
Рэдакцыі сайта за сваю пазіцыю давялося заплаціць высокую плату. За 3,5 месяца перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года заснавальніка і першага кіраўніка сайта Алега Бябеніна знайшлі павешаным на сваім лецішчы. Ні цыдулкі, ні паведамлення рэдактар не пакінуў. Следства вынесла свой вердыкт - самагубства. Калегі ўпэўненыя: Алега Бябеніна забілі, тым самым аслабіўшы каманду кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
- Калі Алега знайшлі, на яго целе былі гематомы, у яго была сцёртая скура на костачках пальцаў. Ён быў без лінзаў, без акуляраў, хоць зрок -10, гэта значыць чалавек фактычна нічога не бачыў. Ён не мог сам кроку ступіць, - кажа Наталля Радзіна.
Пры разгоне Плошчы-2010 галоўную рэдактарку Наталлю Радзіну збілі і больш чым на месяц пасадзілі ў засценкі КДБ. Пазней уся рэдакцыя пераехала ў Варшаву. Пасля вірлівых пратэстаў 2017 года ўлады ў Беларусі блакаваннем наважылі мінімізаваць уплыў «Хартыі-97». Між тым, новая пагроза сайту прыйшла з іншага боку. Міжнародныя фонды, закліканыя падтрымліваць дэмакратыю і правы чалавека, адмаўляюцца фінансаваць інтэрнэт-рэсурс.
- Фонды ідуць у нагу з еўрапейскімі чыноўнікамі, якія сёння цалуюцца з дыктатарам Лукашэнкам. Але гэта вельмі недальнабачная палітыка, якая прывядзе да катастрафічных наступстваў, - упэўненая Наталля Радзіна.
Сёння сайт звяртаецца па матэрыяльную дапамогу да сваіх прыхільнікаў і чытачоў. Рэквізіты можна знайсці на старонках Charter97.org.
АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:
РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:
Назва банка:Bank Millennium S. A.
Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa
IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123
SWIFT: BIGBPLPW
Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»
Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe
Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]