Юрый Хашчавацкі: Лукашэнку сняцца жахі
65- 25.04.2018, 8:45
- 76,382
Сёння Ерэван, заўтра Менск.
Армянская рэвалюцыя, безумоўна, дае натхненне і беларусам. Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, каментуючы сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з перамогай армянскага народа над спробай захапіць уладу.
- Днямі, 23 красавіка, у Арменіі перамагла «аксамітная» рэвалюцыя. Якія ў вас узніклі эмоцыі пасля чытання навін з Ерэвана?
- Для мяне гэтая перамога была чаканай. Народ, які стагоддзямі, нават тысячагоддзямі, мае веды пра сваю ўнікальную гісторыю, мову і культуру – генеруе ўнутраную сілу. Сілу шляхетнасці і годнасці, якая не дае магчымасці падмануць нацыю.
У Сержа Саргсяна быў досыць нядрэнны імідж напярэдадні пратэстаў – да таго, як ён паспрабаваў выкарыстоўваць хітрыкі з канстытуцыяй, каб пайсці на трэці тэрмін. Дарэчы, я думаю, што ягоны імідж і застанецца добрым – бо нарэшце ён адмовіўся ад гвалту, папрасіў прабачэння ў народа і прызнаў, што не меў рацыі. Ён здолеў годна сысці – гэта вялікая вартасць.
Але яшчэ больш вартая пазіцыя армянскай нацыі, якая дала зразумець: «Нас не падмануць, нас не прымусіць пакорліва згаджацца з крывадушнасцю ўладаў». «Хлусня – не для нас!», - фактычна гэта было сказана на вуліцах Арменіі. Гэта той самы выпадак, калі мы бачым, што новая ўлада сапраўды народная. Хай будуць зробленыя нейкія памылкі – ад гэтага ніхто не застрахаваны. Але галоўнае – усё робіцца паводле закону, на загад асноўнай масы народа. У выніку гэта ўсё адно прывядзе да нармальнага, цывілізаванага зыходу.
Падзеі ў Арменіі – гэта таксама Рэвалюцыя годнасці, як і ва Украіне. Адзінае, што іх адрознівае: Саргсян апынуўся не Януковічам. Ён не распачаў страляніну па суайчынніках, не пайшоў супраць народа. За гэта яму гонар і пашана. Хоць сама па сабе спроба ўтрымацца ля ўлады ўсялякім шляхам вартая вымовы, і армянскі народ з гэтай нагоды выказаўся сур’ёзна і адназначна.
Вядома, у значнай ступені спроба падмануць народ інспіраваная з боку паўночнага для Арменіі і усходняга для нас суседа. І чыннік гэтага суседства будзе дзейнічаць яшчэ доўга, спараджаючы шматлікія праблемы для новай улады. Але гэта – потым. А цяпер я хачу проста павіншаваць армянскі народ з тым, што яны пацвердзілі сваю годнасць і права называцца нацыяй.
- Учора, выступаючы з так званым «пасланнем да народа і парламента», Лукашэнка некалькі разоў збіўся на Арменію. З чым звязана такая ўвага дыктатара да гэтай тэмы?
- Лукашэнка разумее, што ў Арменіі быў дадзены адказ на ўсе ягоныя пытанні – у тым ліку і на ягонае жаданне кіраваць вечна. І адзінае, у чым ён меў рацыю ўсе 24 гады кіравання, дык гэта ў тым, што «усё будзе, як у Арменіі». Лукашэнка як у ваду глядзеў. Сапраўды, рана ці позна, але ў Беларусі ўсё будзе гэтак жа, як у Арменіі.
Людзі расплюшчаць вочы і зразумеюць, што гэты чалавек, які грэбуючы ўсімі канстытуцыйнымі нормамі і чалавечымі прынцыпамі, падоўжыў сваю ўладу да бясконцасці. А з якой мэтай? Добра, калі б ён, як Лі Куан Ю, кіраўнік Сінгапура, прывёў сваю краіну да росквіту. Але гэты чалавек занурыў Беларусь у эканамічны крызіс. Мы сёння, паводле паказчыкаў ВУП і ўзроўню жыцця, «дасягнулі» вынікаў 1993 года. Кіраванне Лукашэнкі было катастрафічным. Вядома, эканамічныя няўдачы могуць напаткаць кожнага, але калі б ён не ўпіўся, як клешч, у сваё крэсла, Беларусь даўно б выбралася з гэтай сітуацыі. Выбралася, страсянулася і стала яшчэ больш прыгожай.
Але не: Лукашэнка працягвае цягнуць нас у яму. І ён гэта добра разумее. Таму ў яго ўвесь час узнікае страх: будзе як у Арменіі, будзе як ва Украіне, будзе, не дай Бог, нават як у Лібіі ці Іраку. Галерэя зрынутых сяброў-дыктатараў стаіць перад вачыма Лукашэнкі: і сябра Хусэйна, і сябра Мілошавіча – і ўсіх астатніх. Гэта ўсе – тыя самыя жахі, якія, я ўпэўнены, прыходзяць да Лукашэнкі кожную ноч і не даюць яму спакойна спаць.
- Перамога рэвалюцыі выклікала непадробную радасць у беларускіх сацыяльных сетках. Нават быў запушчаны флэшмоб «Армяне, за вас!» - са знакамітым армянскім каньяком. Але ж паводле новага закону аб СМІ ўсе «крамольныя» каментары могуць быць забароненыя, як і СМІ, што іх публікуюць. Як вы пракаментуеце гэтую сітуацыю?
- Гэта практычна той жа самы шлях, якім пайшлі ў Расеі. І з эпічнай бітвы Роскомнадзор з «Телеграмам» мы бачым, чым гэта заканчваецца. Цяпер самы вялікі «поспех» Роскомнадзора ў тым, што прыйшоў час змяніць назву на больш правільную – РоскомПОЗОР.
Ганебная бітва з цывілізацыяй зазнае крах як у Расеі, так і ў Беларусі. Нічога ў іх не атрымаецца. Так, на некаторых беларускіх сайтах увядуць абавязковую рэгістрацыю каментатараў. Але я абсалютна дакладна ведаю, што Лукашэнка не зможа прымусіць «Гугл», «Фэйсбук», «Амазон» даваць яму звесткі сваіх карыстальнікаў.
І ў выніку выйдзе той жа халасты стрэл, што і ў Расеі з «Телеграмам». Улады будуць спрабаваць злавіць у цёмным пакоі чорную котку – а гэтая котка даўным-даўно адтуль сышла. Усё будзе гэтак жа, як са спробай забараніць чытачам доступ да «Хартыі-97».
Улады, як звычайна, палохаюць – а мне не страшна. Думаю, што вельмі многім разумным людзям таксама не страшна. Гэта проста бітва феадалаў з 21-м стагоддзем. «Сабакі-рыцары», узброіўшыся беззаконным «законам», спрабуюць перамагчы цывілізацыю. Гэта выклікае толькі смех.
- Адразу пасля перамогі рэвалюцыі ў Арменіі расейскі публіцыст Аляксей Мельнікаў напісаў: «Наступны – Пуцін». Ці можна такую ж фразу, выразна і адназначна, сказаць і ў дачыненні да Беларусі?
- Армянская рэвалюцыя, безумоўна, дае натхненне і беларусам. Але нам яшчэ трэба прайсці свой шлях да такой перамогі. Тым, хто дагэтуль занураны ў роздумы, трэба гэта рабіць ці не, я хачу сказаць: трэба абавязкова пачаць рабіць крокі, па-іншаму не атрымаецца.
Формула «сёння Ерэван, заўтра Менск» – гэта канстанта. Зменныя ў ёй могуць быць пастаўлены розныя, але сутнасці гэта не мяняе. «Заўтра» можна і не разумець даслоўна. Калі разумець пераменную «заўтра» сімвалічна, як будучыню – то так, безумоўна: тое, што сёння адбылося ў Арменіі, заўтра будзе ў Беларусі і Расеі.
А тое, што хаваецца ў гэтай формуле пад пераменнай «заўтра», залежыць ад нас саміх. Беларускаму грамадству трэба прайсці некаторы шлях, каб адчуць сябе грамадзянамі і нацыяй. Але тым не менш: у Беларусі ёсць сілы, якія ведаюць куды ісці і як гэта рабіць. Гэта выклікае радасць і надзею.