Пятрас Аўштравічус: Менск успрыняў зняцце санкцый няправільна
6- 21.04.2018, 20:15
- 19,942
Еўразвяз не павінен паўтараць памылак у стасунках з Лукашэнкам.
Пра гэта еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу:
«Сітуацыя ў Беларусі не мяняецца. Старыя праблемы не развязваюцца. Так званыя "выбары" былі сфальсіфікаваныя. Ужываецца смяротнае пакаранне. Незалежныя СМІ пераследуюцца і блакуюцца.
А Еўрапейскі Звяз у гэты час прадаўжае рабіць памылкі ў стасунках ЕЗ – Беларусь. Два гады таму, калі знялі частку санкцый, Менск успрыняў гэта як няправільны сігнал. Мы не маем права паўтараць старыя памылкі пры перамовах аб Усходнім партнёрстве.
Стасункі з Беларуссю не могуць грунтавацца толькі на жаданні Еўропы прапаноўваць фінансавую дапамогу на развіццё гандлю. Наша палітыка павінна быць строга абумоўленая выкананнем правоў чалавека.
Астравецкая АЭС – гэта прамая пагроза бяспекі для ўсіх еўрапейцаў», – заявіў Пятрас Аўштравічус.
Нагадаем, што Еўрапейскі парламент на пасяджэнні ў чацвер у Страсбургу прыняў рэзалюцыю пра сітуацыю ў Беларусі.
У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды пераследу ў Беларусі незалежных журналістаў і СМІ падчас мясцовых выбараў і прыводзіцца прыклад з блакаваннем інфармацыйнага партала «Хартыя-97» і збіццём журналіста тэлеканала «Белсат» Андрэя Козела. Еўрапарламент заклікаў неадкладна адмяніць блакаванне сайта Charter97.org і адмовіцца ад захадаў, якія пагражаюць свабодзе слова.