19 снежня 2024, Чацвер, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІНТЭРВІЮ. Марына Адамовіч: Мне ёсць за што быць удзячнай людзям

14
ІНТЭРВІЮ. Марына Адамовіч: Мне ёсць за што быць удзячнай людзям
Марына Адамовіч

Беларусы яшчэ могуць здзівіць саміх сябе.

Cайт Сharter97.org працягвае серыю інтэрв'ю з «жалезнымі людзьмі» Беларусi. У гэты раз мы пагаварылі з жонкай вядомага палітыка Мiколы Статкевiча Марынай Адамовіч:

- Марына, вы - чалавек з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, раскажыце, што паўплывала на ваш жыццёвы выбар?

- У маім выпадку гэта была школьная настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анфіса Іванаўна Пыльчанка. Першы сур'ёзны крок да ўсведамлення, хто я, калі хочаце, да «беларушчыны» быў зроблены ў восьмым ці дзевятым класе. Да гэтага нам не вельмі шанцавала з настаўнікамі. Прыходзілі практыканты і пенсіянеры.

Анфіса Іванаўна прапанавала мне прачытаць на летніх канікулах раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваiм". Я павінна была прачытаць яго і падрыхтаваць паведамленне для класа. Менавіта гэтая кніга стала пераломнай у маім жыцці. Былі і іншыя кнігі, напрыклад, таго ж Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі". Але гэтая была асаблівая, першая. Я была падлеткам і гэты твор расставіў у маёй галаве ўсё па сваіх месцах: хто я, адкуль і навошта.

Больш за тое, мой выбар паўплываў на выбар маіх бацькоў. Мая мама больш за 30 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру, але ў 80-х перайшла на выкладанне беларускай мовы і літаратуры, балазе. адукацыя дазваляла, і стала размаўляць па-беларуску амаль паўсюль. Тады яна сказала, што, нарэшце, атрымлівае поўнае задавальненне ад таго, што робіць. Мама была вельмі расчуленая тым, як школьнікам падабаецца беларуская мова і з якім задавальненнем яны гавораць і чытаюць на ўроках па-беларуску, і непрыемна здзіўленая супрацівам многіх бацькоў і калегаў.

Я ні ў якім разе не прылічваю сябе да нейкіх грамадскіх дзеячоў, я б сказала, што я проста чалавек з грамадзянскай пазіцыяй.

Я шукала любыя парасткі «беларушчыны» там, дзе яны з'яўляліся. У маім тагачасным асяроддзі практычна няма дзе было знайсці так патрэбную мне інфармацыю. Пытанняў было шмат, адказы давялося шукаць па крупінках. Я кінулася ў «Ленінку», але туды запісвалі толькі студэнтаў, ды і тое, здаецца, з трэцяга курса.

Гэта потым ужо з'явіліся дрэнна выдадзеныя, але такія неабходныя кнігі Ластоўскага, Ермаловіча. А тады...

У сваёй інстытуцкай групе мы спрабавалі размаўляць па-беларуску. Потым з'явілася «Беларуская майстроўня». Я не ўдзельнічала ў ёй, не рашалася наблізіцца, трымалася ўбаку, але з задавальненнем прымала ўдзел у падзеях, якія яны арганізоўвалі ў Мінску, Вязынцы, Заслаўі: «гуканне вясны», Купалле, пазней рыцарскія турніры.

Добра памятаю «гуканне вясны» ў 1983 ці 1984 годзе ў парку Янкі Купалы. Яго праводзілі такія ж маладыя студэнты, як я. Яны былі такія сур'ёзныя і трошкі важныя. Бо яны былі першымі. Тады гэта былі шчырыя і чыстыя эмоцыі.

Я і сёння з асаблівай цеплынёй успамінаю тыя часы. У канцы 80-х- пачатку 90-х гадоў было адчуванне аднаго вялікага свята і вялікага жадання і чакання пераменаў.

Ідзеш ты па горадзе, а з адкрытых вокнаў даносяцца гарачыя дэбаты. У той час адбываліся прамыя трансляцыі з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета. Людзі прыпадалі да экранаў сваіх тэлевізараў і радыёпрыёмнікаў. Усе спадзяваліся на вялікія змены. У душы людзей прыйшла вясна, яна прыйшла ў наш горад. Гэта быў цудоўны час.

Яшчэ да развалу СССР праходзілі велізарныя шэсці, мітынгі, на вуліцы Мінска выходзілі дзясяткі тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі. Тады ніводная акцыя не абыходзілася без мяне.

Была радасць і адчуванне таго, што ўсё ў нас атрымаецца.

Марына Адамовіч

- Ведаем, што вам ужо шмат разоў задавалі гэтае пытанне, але паўтарымся. Раскажыце, як вы пазнаёміліся з Мікалаем?

- Я звычайна не адказваю на асабістыя пытанні (смяецца) . Мы пазнаёмілася вельмі даўно, яшчэ ў тыя часы пераменаў, калі кіпела грамадская актыўнасць. У той час многія грамадскія ініцыятывы і падзеі адбываліся ў Доме літаратара, там кіпела жыццё, збіраліся новыя актыўныя людзі.

Мы пазнаёміліся, дзякуючы нашаму агульнаму сябру Міколу Міхноўскаму. У той час Мікалай быў старшынём «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» (грамадска-патрыятычны рух у 90-х у Беларусі, які на дэмакратычных пачатках аб'ядноўваў беларускіх вайскоўцаў - заўв.), арганізацыі, якая пра сябе вельмі гучна заявіла падчас і пасля ГКЧП.

Наш агульны сябар «пратрубіў» мне ўсе вушы, што вось ёсць такі класны чалавек. То бок, я даўно чула і ведала пра БЗВ, пра Статкевіча, глеба перад нашым знаёмствам была ўжо падрыхтавана, але я, як чалавек «уперты», ніколі не веру на слова ні у хвалебныя водгукі, ні ў ганьбу, і скептычна стаўлюся да таго, што кажуць іншыя . Мне патрэбныя асабістыя ўражанні.

Як вы разумееце, калі мы столькі гадоў знаёмыя і сёння разам - гэта азначае, што мае ўражанні былі станоўчымі. Спачатку я паверыла яму як моцнаму чалавеку і палітыку, а потым для мяне адкрыліся іншыя якасці Мікалая.

Марш абураных беларусаў у Менску, сакавік 2017 года

- У Фрэдэрыка Бегбедера ёсць раман «Каханне жыве тры гады". Вы на сваім прыкладзе паказалі, што гэта не так і чакалі Мікалая з-за кратаў доўгіх пяць гадоў. Дзе вы чэрпалі сілы, хто вас падтрымліваў?

- Кожны, хто чакае сваіх каханых - дачакаецца, бо ў яго для гэтага ёсць свае крыніцы моцы і свае матывы. Са свайго досведу скажу, што, па-першае, моц дае само каханне. Патрэба ў каханым чалавеку, разуменне таго, што ён мае патрэбу ў табе, і ніхто не можа яму дапамагчы так, як ты.

Уласна кажучы, у нас з Мікалаем ніколі не перарывалася сувязь. Не было адчування таго, што ён недзе далёка, што мы не разам. Мы аднолькава думаем, можам гадзінамі маўчаць, а потым загаварыць адначасова пра адно і тое ж. Часта бывала, што мы адначасова пісалі адзін аднаму лісты аднолькавага зместу. Напрыклад, ты задаеш пытанне, а праз дзень-два атрымліваеш ліст з адказам. Або пачынаеш разважаць пра нешта і тут жа атрымліваеш ліст літаральна ў працяг размовы.

Я заўсёды ведала, што з ім адбываецца. Адчувала літаральна да хвіліны, калі нешта было не да ладу. Нават адвакат пераканаўся ў гэтым і не адкладваў, калі я казала, што трэба тэрмінова ехаць да Мікалая. Адвакат заканчваў свае справы і ехаў са мной, ён разумеў, што адбываецца нешта сур'ёзнае, a я гэта адчуваю.

На маё гора, неўзабаве пасля суда над Мікалаем не стала маёй мамы. Гэта была велізарная страта для мяне.

Аб падтрымцы - самую вялікую падтрымку аказваў мой сын і сяброўкі, як мы адна адну называлі, «сёстры». Гэта былі людзі, якія апынуліся ў той жа сітуацыі, што і я, родныя палітвязняў.

Мы вельмі моцна трымаліся адна за адну, ведаеце, без гэтай падтрымкі было б вельмі цяжка. Акрамя таго, гэта дзясяткі і, напэўна, нават сотні людзей, якія падтрымлівалі так, як маглі і ўмелі: словам, учынкам, паведамленнем у сацыяльных сетках. Кожная з тых трох харчовых перадач, якія былі за гэтыя пяць гадоў дазволены Мікалаю, былі вельмі цёплымі, таму што мне дапамагалі іх збіраць і адвозіць выдатныя людзі.

Шмат хто падыходзіў на вуліцы і проста казалі: «Марына, трымайцеся». Мне ёсць за што быць удзячнай людзям.

Жонкі беларускіх палітвязняў з дэпутатамі Еўрапарламенту

- Атрымліваецца, што прыказка «мая хата з краю - нічога не ведаю» - не пра беларусаў?

- Мне падабаецца іншая інтэрпрэтацыя гэтай прыказкі, якая ёсць ва ўкраінцаў: «Мая хата з краю, першым ворага сустракаю» .

Ёсць розныя людзі, але пасля 19 снежня 2010 года і падчас гэтых ганебных судзілішчаў, падтрымка была проста фантастычнай. Хоць і парасткі свабоды ў краіне былі зноў задушаныя, і здавалася, што надзея згасла.

Улады зрабілі вялікую памылку ў 2010 годзе, калі перад прэзыдэнцкімі выбарамі на нейкі месяц была дапушчана хоць маленькая, але свайго роду «вольніца». У апатычных і прыгламошаных беларусаў прачнулася прага свабоды і надзея на перамены. І гэта дазволіла людзям супраціўляцца яшчэ доўгі час. Чаго вартыя «маўклівыя» акцыі летам 2011 года ці «Стоп-бензін».

Асаблівая падтрымка пачалася вясной, падчас судоў, калі працэсы пачалі асвятляцца ў незалежных СМІ і стала зразумела, што нашых хлопцаў чакаюць этапы. Пасля суда ты ідзеш шукаць цёмную вопратку для зняволеных, абутак без супiнатараў, а людзі пазнаюць цябе на кірашы і спрабуюць аддаць усё бясплатна або прапануюць велізарныя зніжкі. Мае сяброўкі распавядалі, напрыклад, што таксісты не жадалі браць з іх грошы. Гэта проста неверагодная падтрымка, якую я ніколі ў жыцці не забуду.

- Вы памятаеце той дзень, калі сустрэлі Мікалая на волі? Што ён вам сказаў, калі вы ўбачыліся?

- На жаль, не памятаю ніводнага сказа. Скакала за спінамі людзей, якія цесна яго абступілі, вельмі чакала моманту, калі я змагу яго абняць. Было такое колькасць людзей, што да Мікалая было вельмі цяжка падступіцца.

Толькі калі ён пачаў глядзець па баках і пытацца: «Дзе мая жонка?», людзі расступіліся. Гэта быў па-сапраўднаму шчаслівы дзень, нават сёння, калі я ўспамінаю гэтыя падзеі - пачынаю ўсміхацца.

- Хто для вас з'яўляецца прыкладам у жыцці?

- Я б не стала казаць, што ў мяне ёсць нейкі кумір ў жыцці. Так, ёсць людзі і кнігі, якія ўплывалі на мае думкі і светапогляд. Мне вельмі цяжка падманваць і цешыць сябе, але я казала, кажу і буду казаць, што беларусы яшчэ могуць здзівіць саміх сябе. Я кажу гэта з майго досведу і веру ў гэта.

- У гэтым годзе мы будзем святкаваць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Што для вас асабіста значыць гэтае сьвята?

- Абвяшчэнне БНР, Дзень Волі даў нам шанец і надзею. Асабіста мне ён падарыў сімвалы, якія з'яўляюцца для мяне вялізарнай каштоўнасцю - бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". Яны родам з БНР.

Здавалася б, даволі сумная гісторыя ў Беларускай Народнай Рэспублікі, яе можна па-рознаму ацэньваць, але ад яе засталіся не толькі ўрад у выгнанні і гісторыя, але і тыя сымбалі, якія маюць вялікую каштоўнасць не толькі для мяне. А гэта значыць, што ўсё ў нас атрымаецца і будзе добра.

З мужам Мікалаем Статкевічам
Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках