Гамельчукі дамагаюцца вулічнага шэсця ў падтрымку «Хартыі-97»
6- 5.03.2018, 10:50
- 21,203
Праваабаронцы абскардзілі пастанову гарвыканкама.
7 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля будзе разглядацца скарга прадстаўніка незалежнага прафзвязу РЭП у рэгіёне Віктара Казлова і прававога інспектара прафзвязу Леаніда Судаленкі аб забароне гарвыканкама ў правядзенні вулічнага шэсця ў падтрымку незалежнага сайта Charter97.org, паведамляе «Гомельская Весна».
Масавае мерапрыемства з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці і выказвання пратэсту супраць блакавання міністэрствам інфармацыі «Хартыі-97», а таксама публічнага абмеркавання праблем са свабодай выказвання меркавання ў Беларусі, незалежныя прафзвязнікі планавалі правесці 17 лютага.
Забарону вулічнага шэсця прафзвязнікі ўважаюць за неправамерную.
«Гарвыканкам не патлумачыў, чаму нам у складзе групы людзей нельга з транспарантамі і лозунгамі прайсціся вуліцай Савецкай абласнога цэнтра і чаму заяўнікі масавых мерапрыемстваў павінны ўкладаць платныя дамовы на абслугоўванне мерапрыемства з медыцынай і службай санітарнай ачысткі горада», - звяртае ўвагу суда ў скарзе Віктар Казлоў.
Ён заяўляе, што ягоныя правы, гарантаваныя артыкуламі 23,33 і 35 Канстытуцыі, а таксама артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах былі парушаныя.
Прававому інспектару прафзвязу РЭП Леаніду Судаленку гомельскія чыноўнікі адмовілі ў дазволе на правядзенне акцыі салідарнасці на той падставе, што ў сакавіку мінулага года ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці акурат за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства».
«Я даўно планаваў пачаць паводле такой забароны стратэгічную судовую справу і вось «удача» ў маіх руках», - заявіў юрыст. «Забарона на арганізацыю мірнага сходу паводле прыкметы адміністрацыйнай санкцыі, якую беларускія чыноўнікі прапісалі ў нацыянальным законе, яшчэ не разглядалася ў Камітэце ААН у правах чалавека, у гэтым кейсе ўлада далі нам такі шанец», - дадаў Судаленка.