19 снежня 2024, Чацвер, 3:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Лукашэнка сам зблытаў сабе фігуры

8
Яўген Афнагель: Лукашэнка сам зблытаў сабе фігуры
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ

Пасля брутальных арыштаў на Дзень Волі пра крэдыты можна забыцца.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель, каментуючы сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з масавымі арыштамі напярэдадні і на Дзень Волі.

- 100-я ўгодкі БНР - важная дата. Мікола Статкевіч назваў звязаныя з ім падзеі «момантам праўды». А як вы ацэньваеце тое, што адбылося ў Менску і краіне на Дзень Волі?

- Ужо многія выказаліся на гэтую тэму, таму, каб не паўтарацца, спынюся на некалькіх важных момантах.

Першы. Беларускі Нацыянальны Кангрэс з самага пачатку выступаў за святкаванне Дня Волі ў выглядзе дэманстрацыі і канцэрту і быў ініцыятарам такога фармату. Нагадаю, што тыя, каго цяпер называюць «канцэртнай апазіцыяй», увогуле не планавалі ніякіх вулічных акцый у Менску 25 сакавіка. Таму вельмі красамоўна выглядала штучнае проціпастаўленне прыхільнікаў розных акцый, прысвечаных стагоддзю БНР, якім актыўна займаліся некаторыя людзі і шэраг СМІ.

Другі. Яшчэ ў студзені мы казалі пра тое, што ўлады пойдуць на саступкі і дазволяць адсвяткаваць Дзень Волі ў цэнтры Менска. Нам многія не верылі, але фактычна гэта здарылася.

Іншае пытанне ў тым, што можна было дамагчыся значна большага. Калі б кіраўнікі зарэгістраваных партый і рухаў за спінай аргкамітэта не бегалі ў кабінеты чыноўнікаў на першы іх свісток, улады дазволілі б не толькі канцэрт, але і шэсце. Уменне пралічваць дзеянні апанента, весці перамовы і бараніць сваю пазіцыю важныя для кожнага палітыка. Мы чарговым разам пераканаліся, што ўмеюць гэта не ўсе.

Трэці. Супраць людзей, якія збіраліся на акцыі ў Дзень Волі - без розніцы, на шэсце ці на канцэрт - мабілізавалі велізарную колькасць сілавікоў. Ля дамоў і пад'ездаў кожнага актывіста 24 гадзіны дзяжурылі па некалькі дзясяткаў АМАПаўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. Адключалі інтэрнэт і тэлефонную сувязь, рэзалі колы ў аўто, выбівалі дзверы, пагражалі сем'ям.

Тым не менш, улады ўсё адно засталіся ў дурнях. Спачатку людзі, якія выйшлі на плошчу Якуба Коласа, абудзілі глыбінныя кашмары Лукашэнкі, якія не адпускаюць яго пасля Плошчы 2010 года. Затым галаўнога болю дадалі тысячы ўдзельнікаў канцэрту каля Опернага тэатра з нацыянальнымі сцягамі, скандуючы «Жыве Беларусь!». Ну а што тычыцца новых крэдытаў, то, хутчэй за ўсё, пасля кадраў з Менску, якія абляцелі ўвесь свет, яму іх таксама не ўбачыць. У партыі пад назвай «25 сакавіка» Лукашэнка сам зблытаў сабе фігуры.

- Вас арыштавалі на 10 дзён 23 сакавіка, але ўжо 25-га вызвалілі, без выканання фармальных юрыдычных нормаў. Чаму?

- Калі нас вывелі з камер на калідор, я адразу сказаў сваім таварышам, што нас будуць вызваляць. Гэты крок уладаў таксама можна было пралічыць напярэдадні візіту Макея ў Лондан, асабліва з улікам неадэкватных паводзін сілавікоў за пару гадзін да гэтага. Не варта выключаць і асцярогі магчымага шэсця да турмы на Акрэсціна з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, якім закончыўся Дзень Волі ў 2006 годзе.

Тое, што мы выйшлі з турмы датэрмінова - вынік ціску на рэжым, паказчык сілы апазіцыі. І на гэтым нельга спыняцца. Мы павінны разам дамагацца вызвалення Змітра Паліенкі, Святаслава Барановіча і астатніх палітвязняў, спынення рэпрэсій супраць СМІ, скасавання пастановы аб блакаванні «Хартыі-97». Усё гэта цалкам рэальна.

- Якія высновы і ўрокі можна атрымаць са святкавання 100-годдзя БНР?

- Галоўны вынік Дня Волі ў тым, што ўлады пакуль альбо не ўсведамляюць пагроз, якія стаяць перад краінай, альбо свядома рыхтуюцца да здачы незалежнасці. Цягам года апазіцыя неаднаразова прапаноўвала перамовы для выхаду з крызісу. Беларускі Нацыянальны Кангрэс выступіў з ініцыятывай супольнага святкавання стагоддзя аднаўлення незалежнасці. Пакуль на ўсе гэтыя прапановы рэжым адказвае рэпрэсіямі ў дачыненні да рэальнай апазіцыі і спробамі стварыць сваю, кішэнную апазіцыю.

Не менш важнай праблемай застаецца тое, што большая частка беларусаў, у тым ліку і прыхільнікаў перамен, не гатовая абараняць краіну ў выпадку небяспекі. Паглядзіце на суседнюю Украіну. Лінія фронту пралегла не паводле моўнай прыкметы, як многія думаюць. Наступ акупацыйных войскаў быў спынены там, дзе звычайныя жыхары пачалі супраціўляцца, там, дзе раней праходзілі шматтысячныя маршы ў падтрымку адзінства краіны. Мірныя вулічныя акцыі сёння непарыўна звязаныя з мірнай жыццём заўтра.

У гэтым галоўныя выклікі як для ўладаў Беларусі, так і для апазіцыі. Калі мы не знойдзем адказу на іх, то святкаваць наступныя Дні Волі, магчыма, давядзецца ў іншай краіне, а дазвол на правядзенне канцэртаў прасіць у акупацыйных уладаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках