Быць свабодным або быць «паслухмяным»
2- Максім Вінярскі
- 28.03.2018, 10:38
- 51,001
Урокі са святкавання 100-годдзя БНР.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Максім Вінярскі пракаментаваў Charter97.org масавыя арышты напярэдадні і ў Дзень Волі 25 сакавіка:
- Сваё затрыманне 21 сакавіка ўважаю за спробу перашкодзіць майму ўдзелу ў маршы 25 сакавіка. Тое, як менавіта адбывалася маё затрыманне, выдатна дэманструе, чаго менавіта баяцца ўлады.
Засада з шасці АМАПаўцаў - замест позвы ў суд. Ото глядзі, абвесцяць «спецыяльнай аперацыяй», і ўзнагародзяць удзельнікаў. Што б ні казаў дыктатар у сваіх інтэрв'ю, а непадкантрольных яму вулічных акцый ён баіцца больш за ўсё.
Гэта відаць і з паводзін сілавікоў на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка і з затрыманняў у рэгіёнах.
Але для мяне ўсё проста: канстытуцыйныя правы грамадзяніна - існуюць толькі тады, калі за іх змагаюцца. Мэта ўлады ў тым, каб усе грамадзяне паводзілі сябе як «палонныя», вытыркаліся толькі па камандзе, і каб самі цкавалі тых, хто не згодны на ўмовы рэжыму.
Улады хочуць кіраваць краінай як папраўчай калоніяй, з усімі атрыбутамі: паказухай, актывам, на ківок галавы, адміністрацыі нацкоўваюць на нязгодных, «карцар» для тых хто і ў такіх умовах хоча захаваць свабоду. Атрымаецца ці не, залежыць ад кожнага з нас. Сёння гэта галоўны выбар - быць свабодным або паслухмяным.
А пра «вызваленне» 25 сакавіка мяне і маіх паплечнікаў магу сказаць: як пасадзілі незаконна, так і выпусцілі незаконна. Гэта яскрава сведчыць, чаго менавіта вартыя ўсе іхнія «блазны ў чорных хламідах» і іхнія «паперкі». Пра які «закон» можна казаць у такой сітуацыі? Марыянеткі - ад першага да апошняга. Прычына такога паспешнага «вызвалення» хаваецца хутчэй за ўсё ў міжнародным ціску. Але калі тут, у краіне, на рэжым не будзе ціснуць знутры грамадзянская супольнасць, то беззаконне будзе толькі нарастаць.