«Сэлфі незалежнасці» ў аўтазаках
43- НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
- 26.03.2018, 9:25
- 119,401
Неадназначныя пачуцці выклікаў Дзень Волі.
Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі пачалася падрыхтоўка да вялікага свята, мне здавалася, што ўжо 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі мы ўсе адзначым годна. Было прадчуванне эйфарыі і радасці. Здавалася, нават улады не асмеляцца спаганіць гэты дзень.
Пасля блакавання «Хартыі-97» у студзені я зразумела, што пачынаецца подлая і гідкая аперацыя спецслужбаў. Калі нас закрылі, мы атрымалі падтрымку ад многіх: ад тысяч сваіх чытачоў, ад беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, ад дэпутатаў Еўрапарламенту і палітыкаў розных краін свету. Пра нас напісала ўся сусветная прэса, але салідарнасць ад беларускіх незалежных журналістаў адчувалася толькі ў першыя дні, а потым раптам знікла. Замест гэтага ў сацсетках пачалася кампанія дыскрэдытацыі нашай працы, а беларускія дыпламаты, якіх сталі выклікаць у МЗСы краін Захаду, запэўнівалі, што ўлады Беларусі закрылі «экстрэмісцкі сайт». Гэта ж нашэптвалі еўрапейскім палітыкам укаранёныя ў замежныя дэлегацыі апазіцыі агенты спецслужбаў.
Потым пачалося цкаванне тых лідараў і актывістаў апазіцыі, якія прапанавалі адсвяткаваць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі не толькі мітынгам і канцэртам, але і традыцыйным святочным шэсцем. Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу змаглі сабраць шырокі аргкамітэт для святкавання Дня Волі і той ухваліў агульны сцэнар свята. Паспелі нават запрасіць афіцыйныя ўлады на супольнае святкаванне вялікай даты.
Але аб'яднаная апазіцыя для рэжыму больш страшная за ядзерную вайну. Улада тут жа навязала свой сцэнар – толькі канцэрт і толькі з прызначанымі ёю арганізатарамі. Праз некаторыя так званыя незалежныя СМІ і сацсеткі на герояў, якія гадамі сядзелі ў турмах за свабоду Беларусі (а Мікалай Статкевіч правёў за кратамі 8 гадоў свайго жыцця), абрынулася лавіна бруду, несправядлівых абвінавачванняў і папрокаў (вельмі спадзяюся, што тыя, хто міжволі, на эмацыйнай хвалі, стаў удзельнікам гэтай справакаванай подлай кампаніі, знойдзе ў сабе сілы папрасіць прабачэння).
Масавы канцэрт і мітынг таксама не ўваходзіў у планы КДБ. Па дзяржустановах, заводах, універсітэтах і школах пайшлі загады – забараніць удзел людзей у святочных мерапрыемствах не толькі на плошчы Якуба Коласа, дзе павінна было пачацца шэсце, але і каля Опернага тэатра, дзе быў дазволены канцэрт. З розных прычын не сталі ўдзельнічаць у канцэрце многія музыкі.
І што ў выніку мы атрымалі 25 сакавіка? Героі, патрыёты, шчырыя, сумленныя і смелыя людзі, як звяры, кінутыя ў клетку. За некалькі дзён да свята паэта Уладзіміра Някляева схапілі проста на вуліцы, дом Яўгена Афнагеля бралі штурмам, Вольгу Нікалайчык трымалі ў аблозе два дні, а потым арыштавалі на пад'ездзе да плошчы Якуба Коласа. За кратамі апынуліся Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Вячаслаў Сіўчык. Мікалая Статкевіча схапілі дома раніцай 25 сакавіка. Паэта Славаміра Адамовіча здымалі з электрычкі, як небяспечнага злачынцу, які знаходзіўся ў вышуку. Масавыя арышты актывістаў апазіцыі ў рэгіёнах пачаліся 24 сакавіка і доўжыліся непасрэдна ў Дзень Волі – сотні людзей не змаглі даехаць да сталіцы на дазволеныя ўладамі мерапрыемствы!
Блізу 100 чалавек арыштаваныя толькі за тое, што асмеліліся 25 сакавіка з'явіцца на плошчы Якуба Коласа. Хапалі ўсіх без разбору – у інтэрнэце поўна фотасведчанняў, як бэйбусы ў форме запіхваюць у аўтазакі жанчын і старых.
Журналістам таксама не давалі даехаць да Менска. Вольгу Чайчыц і ейнага мужа Андрэя Козела па дарозе ў сталіцу спынялі праз кожныя 500 метраў супрацоўнікі ДАІ, на руках якіх быў напісаны нумар іх аўтамабіля. Урэшце Андрэя наогул адправілі ў псіханеўралагічны дыспансер. Любоў Лунёву, Станіслава Івашкевіча, Ігара Ільяша схапілі, калі яны здымалі беззаконне на Якуба Коласа. Галіну Абакунчык – калі яна проста ішла па Нямізе з людзьмі з нацыянальнымі сцягамі. У многіх карэспандэнтаў мабільныя аператары на загад уладаў блакавалі мабільныя тэлефоны. Праваабаронцы з «Вясны», якія выйшлі назіраць за акцыямі, таксама былі затрыманыя. Увесь свет шакавалі «сэлфі незалежнасці» ў аўтазаках.
І вось, кульмінацыя. Блізу двухсот чалавек арыштаваныя, а ля Опернага тэатра за агароджамі і пад наглядам АМАПу праходзіць святочны канцэрт. Прамоўцы ўрачыста зачытваюць свае загадзя напісаныя выступы, музыкі дыхтоўна выконваюць свае песні, некалькі тысяч чалавек слухаюць. Лунае шмат нацыянальных сцягоў. Прыгожая выява.
Але радасці няма. Ёсць адчуванне зрэжысаванага спектакля, у якім людзям адведзеная роля лялек, якіх тузаюць за вяровачкі.
І тым больш горка, што на канцэрце амаль не ўспаміналі арыштаваных напярэдадні людзей. Я не люблю праводзіць турэмныя паралелі, але тут пагаджуся з Дзмітрыем Бандарэнкам, які сказаў: «Канцэрт у сённяшніх умовах нагадвае мне канцэрт у калоніі, калі зганяюць актыў, зэкаў для забавы, а найбольш небяспечных адпраўляюць на час мерапрыемства ў штрафныя ізалятары, каб не дай Бог чаго не выйшла».
Праўда, усе ж, нягледзячы на ўсе подласці, гэты Дзень Волі асабіста мне падарыў надзею. Мае бацькі ўпершыню ў жыцці выйшлі ў цэнтр Кобрына на акцыю ў гонар 100-годдзя БНР. Разам з імі ва ўсёй краіне і ва ўсім свеце выйшлі тысячы людзей. Будзем жыць.
P. S. Сенсацыйнае вызваленне лідараў і актывістаў апазіцыі ўвечары 25 сакавіка паказвае, што беларускі рэжым, нягледзячы на ўсё раздзіманне шчок, вельмі слабы. Відавочна, што беларускіх вязняў сумлення вызвалілі пад міжнародным ціскам. Значыць, на рэжым можна ўплываць. Толькі шкада, што не ўплываем мы, беларусы.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org