Уладзімір Някляеў: Тое, што адбылося 100 гадоў таму, гэта ж не канцэрт быў
11- 25.03.2018, 21:21
- 27,412
Лідар БНК распавёў, чаму важна было адзначыць юбілей БНР шэсцем.
Як паведамляў Charter97.org, лідараў БНК Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча, Яўгена Афнагеля і актывістаў Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка і Леаніда Кулакова, якіх затрымалі напярэдадні Дня Волі, адпусцілі з ЦІП на Акрэсціна.
- Нас амаль выгналі з Акрэсціна, - смяецца Уладзімір Някляеў. - Ніхто нічога не тлумачыў. Інтуітыўна я здагадваўся, што так можа быць. Я не хацеў адтуль сыходзіць, як і Статкевіч. І не таму, што там так добра, а таму што гэта ўжо адкрытая бравада рэжыму: мы робім, што хочам, нам закон не пісаны, мы самі закон. І яшчэ такая штука, што мне прысудзілі 10 дзён, чатыры я адседзеў, яшчэ 6 вісяць. Я таму і не хацеў сыходзіць з Акрэсціна, хацеў адседзець усе разам, бо цяпер ёсць рызыка, што ў кожны момант мяне зноў могуць забраць.
Палітык тлумачыць, што ўсе затрыманыя не былі супраць канцэрта, але выступалі за палітычны складнік акцыі на 25 сакавіка.
- Тое, што адбылося 100 гадоў таму, гэта ж не канцэрт быў. Гэта была вялікая гістарычная справа, людзі, якія на гэта пайшлі, яны героі, - кажа Някляеў. - У памяць аб іх мы і хацелі зрабіць гэту палітычную справу. І нічога тут не пагражала ні рэжыму, ні ўладзе. Але ў яе [улады] была задача раскалоць палітычную апазіцыю, чаго яна і дасягнула. Калі не было вось гэтага расколу, каб частка апазіцыі не здрадзіла тым людзям, якія ахвяраваўшы сабой заклалі асновы БНР, і намаглі на сваім, было б у нас і шэсце, і канцэрт, і была б больш менш аб'яднаная апазіцыя. А так выйшла, што выйшла, - адзначыў у каментары tut.by Уладзімір Някляеў.
21 сакавіка былі затрыманыя актывісты, якія ўваходзяць у аргкамітэт для святкавання 100-годдзя БНР: Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі і палітык Уладзімір Някляеў. Іх арыштавалі на 10, 5 і 10 дзён адпаведна і павезлі ў ЦІП на Акрэсціна.
22 сакавіка былі затрыманыя актывісты Леанід Кулакоў і адзін з лідараў БНК Яўген Афнагель. Яны таксама атрымалі 10 дзён арышту.
25 раніцай затрымалі Мікалая Статкевіча, ён атрымаў 10 дзён, але таксама ўжо выйшаў на волю.