19 снежня 2024, Чацвер, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны Яўген Афнагель

120
Арыштаваны Яўген Афнагель

(абноўлена) Дом палітыка спрабавалі штурмаваць з выкарыстаннем спецсродкаў.

Сёння раніцай арыштавалі аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля.

Пра гэта Charter97.org паведаміла жонка палітыка Кацярына Людвіг.

«Дом быў у аблозе ўжо некалькі дзён, з кожнага боку дзяжурыла па адным «бусіку» з АМАПам, у аўто чалавек шэсць, плюс легкавушкі часам з'яўляліся.

АМАП патруляваў усе суседнія вуліцы, уночы таксама дзяжурылі, разводзілі вогнішчы.

Як толькі я выязджала на аўто, за мной адразу ехалі, правяралі ці няма Жэні, на дарозе да дому дзяжурылі ДАІшнікі.

Сёння раніцай АМАПаўцы падышлі да дома і сказалі, што ёсць загад на затрыманне ў кожным выпадку, нават калі не выйдзе з дома да 26 сакавіка. Сказалі, што будуць браць дом штурмам, выкарыстоўваць спецсродкі, пыталіся, ці ёсць маленькія дзеці ў доме, сказалі, што выломліваць будуць нават міжпакаёвыя дзверы, біць шыбы.

Пасля таго, як пачалі сцякацца да дома з усіх бакоў, стукаць у дзверы і пагражаць выламаць дзверы, Жэня пастанавіў выйсці. Сёння будзе суд, ніякіх «завінавачанасцяў» за старыя акцыі ў яго няма», - распавяла жонка палітыка.

Пасяджэнне паводле справы Яўгена Афнагеля праходзіла ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», на судзе, акрамя Афнагеля, прысутнічалі толькі суддзя і міліцыянты. Вядома, што палітыка судзіла паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства»).

Паводле стану на 15.00 вядома, што працэс над Афнагелем ужо скончаны, аднак журналісты не могуць атрымаць інфармацыю аб яго выніках. Сакратар суда адмовілася ад каментароў са словамі: «інфармацыю прадстаўляем толькі ўдзельнікам працэсу».

Нагадаем, што 21 сакавіка ўлады арыштавалі лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка.

Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзіміра Някляева - на 5 дзён.

Ілюстрацыйнае фота

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках