19 снежня 2024, Чацвер, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы дамагаемся мірнага правядзення святочнай акцыі 25 сакавіка

2
Мы дамагаемся мірнага правядзення святочнай акцыі 25 сакавіка
МАКСІМ ВІНЯРСКІ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Незалежнасць - агульная каштоўнасць для большасці беларусаў.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі выступіў сёння на прэс-канферэнцыі Нацыянальнага аргкамітэта для святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сайт Charter97.org публікуе выступ актывіста:

«Добры дзень, паважаныя сябры. Рады вітаць вас на першай прэс-канферэнцыі Нацыянальнага аргкамітэта для святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сёлетні Дзень Волі ўнікальны не толькі тым, што мы адзначаем юбілейную дату - стагоддзе аднаўлення незалежнасці нашай краіны, але і тым, што ўпершыню за вялікі прамежак часу галоўнае мерапрыемства святкавання - масавую вулічную акцыю – супольна рыхтуюць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы.

15 лютага прайшло пашыранае пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта з удзелам вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, мастакоў, гісторыкаў, актывістаў. Створаная Рабочая група, якая займаецца падрыхтоўкай акцыі. Яе ўзначальваюць Рыгор Кастусёў, Павал Севярынец і Яўген Афнагель. Дасягнутая згода ў фармаце акцыі. Нацыянальны аргкамітэт аднагалосна выказаўся за яе правядзенне ў цэнтры Менска і заклікаў улады да супольнага святкавання.

Нагадаю, што ў Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне шэсця праезнай часткай праспекта Незалежнасці, якое павінна пачацца 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа а 14 гадзіне, і скончыцца святочным канцэртам і мітынгам на плошчы Свабоды. Мы ўсе ўважаем гэты фармат за адзіна прымальны для такой значнай даты ў гісторыі Беларусі.

Адзначу, што аб'яднанне апазіцыі дало штуршок больш сур'ёзнай падрыхтоўцы акцыі і больш шырокаму ўдзелу грамадства ў гэтым. Спадзяемся, што чым бліжэй будзе Дзень Волі, тым гэтая актыўнасць будзе шырэйшай і мацнейшай.

Мы хацелі б падзякаваць тым журналістам, блогерам, незалежным СМІ, якія актыўна асвятляюць падрыхтоўку да акцыі. Ведаю, што гэта складана рабіць у нашых варунках - блакаванне «Хартыі'97» за два месяцы да 25 сакавіка паказала, чаго баяцца ўлады. Таму каштоўнасць той інфармацыі пра акцыю, якую вы размяшчаеце на старонках сваіх СМІ, вельмі высокая. Паверце, мы вельмі цэнім гэтую падтрымку і салідарнасць.

Таксама хачу ад імя аргкамітэта падзякаваць тым людзям, якія адгукнуліся на заклік аргкамітэта і самастойна друкуюць і распаўсюджваюць улёткі з інфармацыяй пра 25 сакавіка.

Нацыянальны аргкамітэт звярнуўся да ўсіх грамадзянаў краіны з заклікам рыхтаваць Свята незалежнасці - так называецца цяперашняя акцыя ў Дзень Волі - разам. Ужо тыдзень ідзе збор сродкаў на друкаваную прадукцыю, гукаўзмацняльную апаратуру, іншыя рэчы, неабходныя для падрыхтоўкі акцыі. За гэты час сабрана больш за 1000 рублёў. Таксама да працы далучаюцца валанцёры, якія дапамагаюць у распаўсюдзе інфармацыі аб стагоддзі БНР і ў падрыхтоўцы акцыі. Сябры, дзякуй за дапамогу.

Нагадаю, рахункі, на якія можна пералічыць сродкі, паказаныя тут. Адказны за збор грошай - выканаўчы старшыня аргкамітэту Мікола Купава.

Валанцёраў мы запрашаем сюды, на офіс Партыі БНФ, кожны панядзелак а 19.30, а таксама на штодзённую акцыю «Сэлфі незалежнасці».

Распрацаваны лагатып акцыі - вы яго можаце бачыць на афіцыйных дакументах аргкамітэта, а таксама на друкаванай прадукцыі. Гэтая прыгожая дынамічная «Пагоня», якая сустракаецца на пячатках, бланках і разнастайных дакументах Рады БНР, Сусветнага аб'яднання беларускай эміграцыі і многіх іншых арганізацый за межамі Беларусі. Ідэя выкарыстоўваць яе ў фірмовым стылі да 100-годдзя БНР ўзнікла ў актывістаў «Арт-Сядзібы», якія бяруць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свята. Канчатковы варыянт лагатыпа распрацаваны мастацкай камісіяй на чале з Алесем Марачкіным.

Створаныя старонкі БНР100 ва ўсіх папулярных сацсетках. Там змяшчаецца ўся інфармацыя аб падрыхтоўцы да акцыі, а таксама аб іншых мерапрыемствах, прысвечаных стагоддзю аднаўлення незалежнасці. Навіны аб кампаніі вы можаце атрымаць праз хэштэг # БНР100. Таксама на нашых старонках у сацсетках можна спампаваць узоры друкаванай прадукцыі з інфармацыяй пра акцыю.

Адзначу, што на сённяшні дзень галоўных кірункаў нашай дзейнасці два. Пра іх больш падрабязна раскажуць мае калегі. Я назаву толькі гэтыя кірункі.

Першае. Мы імкнёмся максімальна шырока распаўсюдзіць інфармацыю пра акцыі 25 сакавіка і таму яшчэ раз звяртаемся да ўсіх патрыётаў з заклікам зрабіць усё магчымае цягам найбліжэйшых тыдняў, каб пра Дзень Волі, пра месца і час пачатку дэманстрацыі - 14:00, плошча Якуба Коласа, Менск - ведалі ўсе.

Другое. Мы спрабуем дамагчыся мірнага правядзення гэтага мерапрыемства і ўдзелу афіцыйных уладаў у ім. Незалежнасць - агульная каштоўнасць для большасці беларусаў, у тым ліку, і для тых, хто святкуе яе пад чырвона-зялёным сцягам. Нават у дыктатарскіх краінах пытанні гісторыі, пытанні дзяржаўнасці аб'ядноўвалі палітычных праціўнікаў. Мы спадзяемся, што гэта атрымаецца і ў Беларусі. І тады адзначаць Свята незалежнасці ў цэнтры Менска 25 сакавіка будуць дзясяткі тысяч беларусаў».

Аргкамітэт для святкавання 100-годдзя БНР нагадвае, што грошы на падрыхтоўку акцыі можна пералічыць на карткі «Беларусбанка»:

4255 2003 0782 4292 12/20 Visa (беларускія рублі)

4255 2003 0250 4451 03/20 Visa (замежная валюта)

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках